Таямніцы Манюшкаў

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Частка XI
Замест пасляслоў’я да гісторыі Алясандра Данэзі. Безумоўна, лёс меркаванага аўтара музыкі да “Агаткі” патрабуе глыбокага даследавання. Бо акалічнасці з’яўлення і знікнення гэтай асобы з музычнага рынга Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый губляюцца ў прыцемках. Магчыма, што ў нашыя краі ён патрапіў праз пасярэдніцтва славутага графскага рода Патоцкіх. А вось дзе і калі абарваліся зямныя пуцявіны Данэзі, вызначыць яшчэ складаней. Аніякага следу пакуль знайсці не ўдалося, але пошукі працягваюцца. Цяпер жа прыйшоў час адкрыць “кнігу жыцця” на старонцы “Закрэўскія”. І яна будзе не менш цікавая, чым папярэднія.

/i/content/pi/cult/802/17228/09.JPGРадзівілаўская гасціннасць

У сваіх успамінах пляменніца славутага Тадэвуша Рэйтана (1740 — 1780) Ганна Герыч (? — 1857) прыводзіць адзін выпадак, пра які ў юнацтве яна пачула ад бацькі Міхала Рэйтана (1743 — 1809), былога наваградскага земскага пісара і нясвіжскага павятовага маршалка. Пасля смерці брата Тадэвуша Міхал заняў яго месца ў коле самых набліжаных да князя Караля Радзівіла асобаў, таму большую частку свайго часу бавіў пры княскім двары. І стаў сведкам такога кур’ёзнага выпадку: “Неяк бацька распавёў, што італьянскі тэатр каштаваў князю Каралю штомесяц 40 000 польскіх злотых. Аднойчы ўвечары, калі тыя акцёры прадстаўлялі нейкую сваю оперу і пачалі спяваць: Bagatella, Bagatella [...], князь Радзівіл, які напалову драмаў, запытаўся ў майго бацькі: “Пане каханку, што яны там спяваюць?” — “Мосць князю, — адказаў бацька, — яны спяваюць Bagatella”. — “Што! Ці для іх bagatella (драбяза) тое, што я ім плачу 40 000 на месяц? Выгнаць іх заўтра ж! І на наступны дзень італьянцаў выправілі”.

На фоне іншых гісторый пра Пане Каханку гэты выпадак выглядае як чарговы анекдот. Але ці было так насамрэч? Хто яго ведае. Архіўных звестак пра італьянскіх акцёраў з нейкага “пагарэлага тэатра” знайсці пакуль не ўдалося. Хоць, як мы ведаем з папярэдніх частак, італьянцы ў Нясвіжы былі і займалі пры тэатры высокія пазіцыі.

А вось гісторыя “польскай” трупы Лявона Перажынскага — цалкам рэальная. Хоць яна і не мела вялікага розгаласу, але даследчыкам беларускага тэатра вядомая. У эпіцэнтры канфлікту, акрамя самога Пане Каханку, апынуліся і дзяды па кудзелі жонкі Станіслава Манюшкі Аляксандры — акцёры трупы Станіслаў Закрэўскі і Марыяна Вернэр.

Лявон Перажынскі (1745 ці 1754 — 1827) быў даволі вядомым паэтам, акцёрам, драматургам, перакладчыкам, калегам славутага тэатрала Войцэха Багуслаўскага (апошні, дарэчы, адбіў у Перажынскага жонку, таксама славутую актрысу Марыяну з Маруноўскіх).

“Справа Перажынскага”

У 1981 годзе будучы прафесар Гурый Барышаў апублікаваў у “ЛіМ”е артыкул “Трагедыя Лявона Перажынскага”. На падставе дакументаў з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (НГАБ) яму ўдалося прасачыць за развіццём канфлікту. Мае ўласныя спробы пагартаць гэтыя “аркушы, спісаныя атрамантам” прывялі да несуцяшальных вынікаў. Тады, сорак гадоў таму, робячы спасылку на справу, святой памяці спадар Барышаў або памыліўся з шыфрам, або… менавіта з гэтай справы знікла ў невядомым накірунку больш за 2/3 старонак. І тое, што знікла — акурат “Справа Перажынскага”!

/i/content/pi/cult/802/17228/010.JPGПраўда, аднавіць ход падзей магчыма і на падставе апублікаванага, а таксама карыстаючыся згаданымі раней нататкамі нясвіжскага архівіста Багдана Пул’яноўскага.

У 1783 годзе Лявон Перажынскі, завяршыўшы са сваёй трупай тэатральны сезон у Дубне, вырашыў пашукаць шчасця ў Вільні. Як пісаў ён сам (падаю паводле артыкула Гурыя Барышава) у пазнейшых скаргах на свавольства Радзівіла — “Князь Масальскі, Віленскі біскуп і Вяльможны Мараўскі, пісар, даведаўшыся пра гэта, выклікалі мяне да сябе і вырашылі, што лягчэй трупе будзе пераадолець дарогу ў Вільню, калі яна паедзе праз Нясвіж. І калі там будзе знаходзіцца ўвесь карнавал, дык лягчэй будзе атрымаць юрыдычны дазвол ад князя ваяводы на паездку ў Вільню. Пасля першых удалых выступленняў акцёраў князь Радзівіл, не падпісваючы кантракта, устанаўлівае нам пенсію — 150 чырвоных злотых у месяц, плюс 200 чырвоных злотых адзін раз у год на гардэроб. Кампанія ніколі не жадала служыць камусьці аднаму, тым больш у Нясвіжы, які славіўся сваім дэспатызмам… Акцёры хацелі быць свабоднымі. Мы толькі часова згадзіліся застацца ў князя і атрымліваць такі маленькі месячны аклад. Але княская казна і нават гэтага жабрацкага аклада нам не выплаціла”.

Далей спадар Барышаў піша, што “да 1784 года Лявон Перажынскі склаў для нясвіжскага прыдворнага тэатра трупу першакласную. Сярод акцёраў быў буйнейшы прадстаўнік класіцыстычнай акцёрскай школы — Казімеж Аўсінскі, славуты выкананнем ролі Гамлета. У трупе быў вядомы выканаўца роляў герояў-каханкаў Войцэ Ясінскі, карыстаўся поспехам Ян Закжэўскі…” Вось тут Гурый Барышаў памыліўся. Славутага коміка і “правую руку” Перажынскага ў барацьбе з Радзівілам звалі... Станіслаў Закрэўскі.

Сэнс канфлікту даволі просты: віленскі ваявода князь Радзівіл не плаціў грошы акцёрам. Хаця выкарыстоўваў іх творчы патэнцыял напоўніцу. Узгадаем, што і опера “Агатка”, як пісала польская даследчыца Эльжбета Александроўская, ставілася намаганнямі трупы Перажынскага. Таму калі скончыліся заробленыя раней грошы, акцёры паставілі пытанне рубам. Запазычанасць Радзівіла складала на той момант ужо 42 000 (!) польскіх злотых.

Маніфест, падпісаны акцёрамі (1785), меў нечаканы вынік — “па правілах дрэннага крымінальнага дэтэктыва”. Працытуем яго паводле артыкула спадара Барышава: “Калі я (Перажынскі — З.Ю.) вызваліўся ад абавязкаў, князь ваявода загадаў падаць сабе шкатулку, адлічыў ад сумы, якая там знаходзілася на выпадак яго смерці, 42 000 польскіх злотых у золаце, лічачы дукат па 18 злотых. Гэтыя 42 000 ён аддаў свайму сакратару Мікуцю з мэтай перадачы нам грошай і атрымання за іх распіскі. Я пры гэтым усім прысутнічаў. Гэта адбывалася ўвечары ў Альбе. Мікуць сказаў мне тады, што грошы лепш будзе атрымаць раніцай і тады ж пакінуць яму квіток. Мы на тым і рассталіся. У тую ж ноч князь пасылае жаўнера да пана Мікуця з грозным загадам у пісьмовай форме, што калі той заўтра не аддасць яму 42 000 назад, будзе прысуджаны да самага строгага пакарання, якое ён яму можа ўчыніць. Напалоханы Мікуць бярэ гэтыя грошы, вязе іх у Альбу і вяртае князю. Калі той, хто ніжэй падпісаў, прыйшоў па свае грошы з падрыхтаванай распіскай, дык пачуў ад Мікуця пра тое, што адбылося, і ўбачыў, што яго грошай тут няма. Князь ва ўсім абвінавачваў Мікуця і гаварыў: “вазьмі яго, завяжы ў мех і ўтапі, а мне патрэбна зараз жа аддаць распіску за грошы, якія я ў тваёй прысутнасці выплаціў”. У такіх умовах давялося аддаць распіску, таму што лягчэй, каб у цябе адабралі маёмасць, чым жыццё… я дрыжу ад страху перад гвалтам”.

А далей Перажынскага і Закрэўскага сілком прывялі ў Кіраўніцтва Нясвіжскіх Актаў і “прымусілі пісьмова, пад пагрозай секвестра маёмасці і пазбаўлення свабоды, адмовіцца ад фінансавых прэтэнзій”. Даведаўшыся пра “банкроцтва” акцёраў, мясцовыя гандляры (ім акцёры часова закладалі свае рэчы, каб неяк жыць) пазабіралі што маглі.

Калі Перажынскі прыехаў у Нясвіж на 25 вазах з каштоўным тэатральным гардэробам і рэквізітам, у якім былі і арыгінальныя рэчы з розных краінаў, для некалькіх дзясяткаў пастановак, то адтуль ён, адведаўшы радзівілаўскай ласкі, “ледзь выбраўся пехатой”. Але і гэтым нягоды не скончыліся. На адной з застаў уцекача перахапілі княскія слугі і абабралі дазвання. Толькі цудам Перажынскі змог збегчы з-пад варты і схавацца ў Вільні.

Далейшы яго лёс нечым нагадвае аднаго з персанажаў кнігі Ільфа і Пятрова, які паўсюдна называў сябе “потерпевшей стороной” і толькі тым і займаўся, што “смачно вчинял иск”. Але дарэмна. “Пане Каханку” меў такую ўладу, што мог беспакарана чыніць любое самаўпраўства. “Лявон Перажынскі памёр на Валыні ў 1827 годзе, памёр у галечы ў Лішаўцы, каля Стараканстанцінава, у 71 год ад роду” — такімі словамі завяршыў свой артыкул Гурый Барышаў. А мы працягнем.

Асабісты кантракт

Пасля выгнання Перажынскага з Нясвіжа, акцёры яго трупы адправіліся ў белы свет шукаць лепшай долі. Але двух з іх князь Радзівіл “затрымаў”. Мне ўдалося знайсці кантракт, які быў падпісаны 1 снежня 1785 года ў Нясвіжскім замку паміж імі і князем ваяводам. Гэтыя двое — Станіслаў Закрэўскі і Марыяна Вернэр. У кантракце гаворка вялася пра тое, што князь прымае іх на службу з месячным акладам 15 дукатаў яму і 10 ёй. Іх абавязкам было вучыць малых дзяцей іграць оперы і камедыі “w ojczystym jezyku”, не патрабуючы ўзнагароды звыш указанага заробку, з якога яны павінны забяспечваць усе свае патрэбы.

Як бачым, Радзівіл наперад паабяцаў “пацярпелым” даволі неблагі гадавы аклад — Станіславу Закрэўскаму 3240 злотых, а Марыяне Вернэр 2160. Ды яшчэ і загадаў выплаціць ім за мінулы год прыкладна столькі ж.

Звестак пра тое, ці бралі гэтыя акцёры ўдзел у варшаўскай прэм’еры “Агаткі”, мы не маем. У 1788 іх называлі ў варшаўскіх афішах “новапрыбылымі” і “дэбютантамі”. Але ў афішах яны згадваліся, бо ўжо былі акцёрамі на галоўных ролях. Таму цалкам магчыма, што ў 1785 годзе яны выступалі, але ў “масоўцы”. І, зразумела, выдатна ведалі Алясандра Данэзі, як і Ёгана Голанда. Таму маглі б запярэчыць “памылцы” на афішы, дзе аўтарам музыкі “Агаткі” абвяшчаўся нясвіжскі прыдворны капельмайстар Данэзі. Яны гэтага не зрабілі і тады (1785), і пазней (1788), калі ўжо самі прадстаўлялі “Агатку” ў Варшаве. І ніякага пакарання ад суворага Радзівіла не панеслі. Наадварот! І аб гэтым наступная частка.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар