Пра Горад...

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

У першай палове бягучага дзесяцігоддзя мастак і літаратар Артур Клінаў назваў Мінск Горадам Сонца. Горадам, “які паўстаў на месцы загубленых гарадоў як дэкарацыя да ўзнёслай рамантычнай п’есы”. А праваднік па Мінску ягонага аўтарства стаў “першай спробай псіхагеаграфічнага апісання аднаго з самых загадкавых гарадоў былога СССР”. У ідэалагічнай канцэпцыі, паводле якой Мінск адбудоўваўся, а фактычна — будаваўся нанова пасля ваеннага ліхалецця, горад уяўляўся трыумфальнай аркай на ўездзе ў Савецкі Саюз, праз якую сонечныя промні мусілі асвятляць яго велічную перспектыву. І калі ў італьянца Тамаза Кампанэла горад з аднайменнай назвай твора называюць утопіяй, дык Мінск — рэальнасць.

/i/content/pi/cult/800/17203/22-kultura-2S.jpgЁн застаўся трыумфальнай аркай ў камуністычную будучыню, якая так і не наступіла, дзеючай мадэллю Горада Сонца ў натуральную велічыню. Тыя ж масквічы сёння прыязджаюць сюды настальгіраваць па Савецкім Саюзе. Але ў мінска сёння іншая будучыня.

Выстава “Горад Сонца” ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прымеркавана да 75-годдзя Перамогі і прысвечаная 10-годдзю Музея гісторыі горада Мінска. Яе рэтраспектыўная экспазіцыя з твораў жывапісу і графікі мастакоў розных пакаленняў распавядае, як адбудоўваўся горад пасля вайны, як у розныя дзесяцігоддзі выглядалі ягоныя знакавыя будынкі, як вонкава і ментальна змяняліся з цягам часу мінчукі. Мінск — горад сапраўды загадкавы. Гэта адзіная ў свеце сталіца, дзе на самай высокай кропцы горада стаіць Оперны тэатр; дзе ў савецкі час самы вялікі па памерах помнік паставілі народнаму паэту Якубу Коласу, які ў сваіх стрыжнявых творах уславіў тых, на каго правадыр Кастрычніка заўжды глядзеў з хітрым прышчурам — селяніна і творцу-летуценніка; дзе перад Нацыянальнай бібліятэкай, на галоўным праспекце краіны, стаіць помнік не якому-небудзь дзяржаўнаму дзеячу, а нашаму айчыннаму генію, гуманісту і асветніку Францыску Скарыне, чалавеку, які даў народу Біблію. Выстава цікавая не толькі прадстаўленымі на ёй творамі, але і тымі думкамі, якія ўзнікаюць пры яе аглядзе. Думкамі пра Мінск.

/i/content/pi/cult/800/17203/22-kultura-2S2.jpgУладзімір Караткевіч быў упэўнены і пераканаўча сцвярджаў, што “на Беларусі Бог жыве”. Так што супраць гасцей, што да нас прыязджаюць у тым ліку і па настальгію, беларусы ўвогуле ды мінчукі ў прыватнасці нічога не маюць, больш таго - прымаюць, як сваякоў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"