Там, дзе ўсё могуць і ўмеюць

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Так ужо атрымалася, што ў паездках па краіне мне не заўсёды ўдавалася дэталёва азнаёміцца з дзейнасцю тых устаноў культуры, якія заслугоўвалі таго, каб расказаць пра іх менавіта ў падрабязнасцях. І раптам настаў час, калі можна прыпыніць свой жыццёвы бег, агледзецца, успомніць і пагутарыць з людзьмі, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да такіх устаноў.

/i/content/pi/cult/800/17192/07.JPGУсё пойдзе па плане?..

Летась Любанскі раённы цэнтр культуры адзначыў 100-годдзе. Не ведаю, якіх прынцыпаў у сваёй дзейнасці прытрымліваліся ў 1919-м кіраўнікі тады яшчэ Народнага дома, сёння ж дырэктар РЦК Ігар Мурленка трымаецца такога правіла: “Творчасць — праца тонкая і складаная, важна не спужаць ідэю. Творчага работніка выслухай, падкарэктуй, накіруй і атрымаеш вынік”. На практыцы рэжысёр і вядучы мерапрыемстваў рэалізуе гэты дэвіз, узначальваючы да таго ж вакальны калектыў “Саюз ЦК” і тэатральны “Эксперымент”. А ўсяго пад кираўніцтвам Ігара Валер’евіча і Цэнтра яшчэ 22 установы клубнага тыпу: Обчынскi Дом народнай творчасці, Жораўскi Дом народных традыцый, Урэцкi гарпасялковы Дом культуры, 16 сельскіх дамоў культуры і 3 сельскіх клуба. На іх базе дзейнічаюць 172 фарміраванні, 88 з якіх для дзяцей. Колькасць удзельнікаў такіх аб’яднаннях — 1248 (718 — дзеці). 11 калектываў маюць званні “народны” і “ўзорны”. У студзені 2020-га ўзорны фальклорны ансамбль “Верабейкі” пацвердзіў сваё званне. Узорным фальклорным ансамблям “Спадчына” Любанскага РЦК і “Нашчадкі” Забалоцкага сельскага Дома культуры, а таксама народнаму клубу народных традыцый “Вытокі” Сасноўскага СДК, народнай майстэрні традыцыйнага ткацтва “Матрушка” Камунараўскага СДК трэба будзе да канца лета пацвердзіць ганаровыя званні.

Усяго па раёне РЦК і яго структурнымі падраздзяленнямі за першы квартал 2020-га года было праведзена 1074 мерапрыемстваў (уключаючы 6 фестываляў, аглядаў і аглядаў-конкурсаў); 198 канцэртаў, спектакляў і прадстаўленняў; 66 тэатралізаваных святаў і абрадаў; 83 выставы; а таксама 721 іншая імпрэза — вечары адпачынку і танцаў, гульнявыя і пазнаваўчыя праграмы, прафілактычныя мерапрыемствы, конкурсы, віктарыны, гутаркі і гэтак далей.

За той жа першы квартал “ужывую” атрымалася правесці некалькі буйных і знакавых мерапрыемстваў. Сярод іх “Калядкi без аглядкі” — рэгіянальны фестываль мастацтваў; “І гонар, і радасць, і песня” — раённы злёт перадавікоў усіх галін народнай гаспадаркі Любанскага раёна; раённае народнае свята “Гуляй, Масленка!” у Любанскім РЦК; там жа — “Шарман-шоу”, прысвечанае Міжнароднаму жаночаму дню; рэгіянальныя народныя святы “Гуканне вясны” ў вёсцы Забалаць і “Масленка” ў вёсцы Обчын; “Лёс — у міліцыі служыць!” — вечар-ушанаванне ў Сароцкім сельскім Доме культуры да Дня беларускай міліцыі; інтэрактыўная пазнавальная гульнявая праграма для дзяцей па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Святлафорыя”, удзельнікамі якой сталі выхаванцы Любанскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і навучэнцы класаў інтэграванага навучання сярэдняй школы № 1 Любані. Арганізатарамі апошняй імпрэзы былі Любанскі РЦК і Упраўленне адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама. У рамках праекта “Горад захапленяў” Цэнтр рэалізаваў і міжведамасную інфармацыйна-забаўляльную праграму па бяспецы жыццядзейнасці непаўналетніх “Бяспечны агеньчык”.

/i/content/pi/cult/800/17192/08.JPGА ў вёсках Жораўка і Кузьмічы на пасяджэннях рэспубліканскай камісіі па прысваенні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з поспехам прэзентавалі традыцыі хатняга хлебапячэння, вынікам чаго і стала наданне статусу дадзенаму аб’екту.

У гэтым месяцы галоўным мерапрыемствам, адным з арганізатараў якога ў Любані з’яўляўся РЦК, была акцыя-мітынг памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны “У славу Перамогі!”

Зразумела, што і ў дзейнасць РЦК умяшаўся каранавірус, частка імпрэз змянілі фармат свайго правядзення (да прыкладу, раённы конкурс сучаснай эстраднай песні “Музычная тусоўка” прайшоў у рэжыме відэа). І пакуль цяжка сказаць, што з таго шматлікагага ды рознага запланаванага і ў якім выглядзе спраўдзіцца да канца года: раённыя конкурс чытальнікаў “За Любанем растуць баравікі”, фестываль аўтэнтычнай песні “Бабулі”, фестываль-конкурс святочных сельскіх брэндаў “Любасць Фэст”, клубны праект па арганізацыі вольнага часу ў летні перыяд “У летні вечарок”, раённы сельскагаспадарчы моладзевы праект “Уладар сяла”…

Не без праблем

Натуральна, мерапрыемствы праводзяцца “на ўра” не па адной пстрычцы пальцаў, здараецца, што даюцца яны вялікім потам, а ў “руціннай” дзейнасці ўстановы без цяжкасцяў, вядома, не абысціся. Пра тое мне і распавёў загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай працы Сяргей Выскварка, у РЦК ён курыруе ўзаемадзеянне з сельскімі клубнымі ўстановамі:

— Па-першае, на сёння вельмі востра стаіць пытанне амалажэння кадравага складу сельскіх клубных работнікаў: калі яшчэ ў горад маладыя спецыялісты прыбываюць, то ў сельскую мясцовасць завабіць моладзь цяжка. Таму разам з кіраўніцтвам РЦК прынята рашэнне: прыбываючых маладых спецыялістаў цяпер спачатку адпраўляць на працу ў сельскія клубныя ўстановы, а ўжо потым, калі яны сябе добра праявяць і ў іх будзе такое жаданне, запрашаць у Цэнтр культуры. Па-другое, матэрыяльна-тэхнічная база многіх клубных устаноў патрабуе ўдасканалення: адчуваецца недахоп светлавога, гукавога абсталявання, шмат дзе патрабуецца рамонт памяшканняў, замена сцэны, а таксама адзення. Па магчымасці намаганнямі адміністрацыі Цэнтра і аддзела гэтыя праблемы вырашаюцца. А для стымулявання больш стараннай і якаснай працы найперш аказваецца эфектыўная матэрыяльна-тэхнічная падтрымка, прынамсі як у творчым, так і ў гаспадарчым плане.

Інфармацыя да разважання

А людзі ў Любанскім раённым цэнтры культуры працуюць спрэс, як сказаў бы таварыш Сухаў, душэўныя і далікатныя. Аднак, спачатку я падзялюся сваім меркаваннем пра Сяргея Выскварку. Сустракалiся мы з ім не так ужо і часта, але слых пра яго дайшоў да мяне яшчэ да гэтых перасячэнняў. Вядомы беларускі фалькларыст, прафесіянал, чалавек патрабавальны, часам нават дастаткова жорсткі, але затое ў хвіліны адпачынку — душа кампаніі. І гэтая пагалоска пацвердзілася. У Цэнтры ён кіруе трыма фарміраваннямі: узорным фальклорным ансамблем “Верабейкі”, народным гуртам народнага гумару “Смехаўе” і фальклорным калектывам “Напарачка”. Сяргей аўтар шматлікіх культуралагічных праектаў па ўзнаўленні традыцыйных народных святаў, стваральнік папулярных фестываляў. І калі Выскварка — гэта сапраўдны фалькларыст-вандроўнік, апантаны сваёй справай, то яго калегі — тыя ж пчолкі: яны робяць вялікую працу, якую многія проста не заўважаюць, а бачаць толькі вынік, дзе ўсё падаецца лёгкiм, без якіх-небудзь перашкод і перажыванняў.

Адзін з такіх нябачных, але незаменных супрацоўнікаў — намеснік дырэктара Валянціна Галай. На ёй ляжыць асноўны груз дакументазвароту, даведак, справаздач, рознага роду інфармацый. І яна спраўляецца на “выдатна”, пры гэтым паспяваючы разам з усім калектывам Цэнтра “вытвараць” штосьці ў плане творчасці.

Мастацкі кіраўнік Алена Брагінец — ідэйны і ідэальны рухавік прагрэсу ў клубнай дзейнасці раёна і горада, аўтар незлічоных крэатыўных праектаў, нязменны вядучы і рэжысёр, строгі цэнзар раённых iмпрэз, “ветэран працы” на ніве культуры: у РЦК Алена Іванаўна з першага дня працаўладкавання ў ім.

Яркая зорка многіх мерапрыемстваў горада, раёна, вобласці — народны ансамбль народнай песні “Ярыца”, а разыначка калектыву — яго кіраўнік і галоўны хормайстар Цэнтра культуры Вольга Гарэлька. Яна не толькі дапамагае кіраўнікам iншых калектываў, але і памочнік рэжысёра і мастака па мастацкім вырашэнні святаў, вырабе дэкаратыўных элементаў ды пашыве сцэнічных касцюмаў.

Загадчыца аддзела арганізацыі масавых святаў Алена Хадароўская адказвае за клубныя гарадскія мерапрыемствы. Стараецца надаць новае дыханне нават даўно знаёмаму і традыцыйнаму, адчуць жаданне гледача. І сама выдатная спявачка, кіраўнік вакальнага трыа “Каніцель” і гуртка салістаў “Кантрасты”.

Алена Шымуль — галоўны харэограф і кіраўнік узорнага тэатра танца “Егоза”, чалавек настойлівы і мэтанакіраваны. У яе займаюцца 189 дзяцей ва ўзросце ад 3-х да 16-ці гадоў. Патрабавальная, энергічная, добрая і светлая.

Галоўны рэжысёр Вячаслаў Грышчэня не толькі стварае святы, але і з’яўляецца вядучым, выдатным акцёрам, валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі.

Без галоўнага мастака Валерыя Карыпава цяжка было б данесці да гледача рэжысёрскую ідэю, стварыць святочную атмасферу ці атмасферу спектакля. Валерый Фарукавіч вельмі сціплы і вельмі таленавіты, яму падай ідэю — і яна ўжо ўвасоблена! Яго маляваныя афішы і плакаты — узоры творчай фантазіі найвышэйшага ўзроўню.

Спецыяліст па маладзёжнай культуры Карына Гаргун кіруе танцавальным калектывам “Максімум”. I пераймае вопыт больш сталых калег, становіцца новай зорачкай маладога пакалення супрацоўнікаў установы. Разам з яе рэжысёрам Яўгеніяй Мохарт яны ствараюць яскравыя праекты для дзяцей і падлеткаў. У кагорце моладзі Цэнтра цікава працуе кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Спадчына” Ілона Віткоўская. Акрамя таго, яна салістка і актрыса. Зусім нядаўна творчы патэнцыял Цэнтра папоўніла ініцыятыўная Вікторыя Царыковіч.

А голас Цэнтра культуры, стваральнік гукавога афармлення розных iмпрэз разам з рэжысёрамі — гукарэжысёр Дзмітрый Якаўлеў.

Неад’емная частка РЦК — загадчыца Парка культуры Алена Шаплыка. Летам — гэта дзелавы адміністратар і гаспадар, які ведае ў парку кожны куточак, а зімой — запатрабаваная творчая адзінка ў любой тэатралізаванай праграме ці канцэрце Цэнтра.

Трэба сказаць і яшчэ пра аднаго чалавека — намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Ганну Святлову. У працы з калектывам установы яна — самы цесны кантакцёр, ідэйны кіраўнік. І асоба творчая: з вялікім уменнем спявае на клубных мерапрыемствах, падказвае цікавыя хады. Спецыяліст, у якога любая справа - з выдатным вынікам.

А на завяршэнне я назаву вам яшчэ адзін прынцып, згодна з якім працуе каманда РЦК: “Нам усё пад сілу, калі мы разам, мы ўсё можам і ўмеем!”

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"