Таямніцы Манюшкаў

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Частка IX
Такім чынам, разарваўшы выгодны кантракт з будучым уніяцкім мітрапалітам Лявонам Шаптыцкім, спявак і кіраўнік прыдворнай капэлы Аляксандр Данэзі з’язджае ў Варшаву. Як пісалі польскія даследчыкі, завабіў яго ў сталіцу яе мэр Алойзы Фрыдэрык Бруль. Італьянцу прапаноўвалі пасаду капельмайстра пры самым статусным тэатры Рэчы Паспалітай — тады “грамадскім”, а неўзабаве — Нацыянальны. Але патаемныя спружыны закулісся далі няверны тон, і Данэзі апынуўся на беразе Віслы без сродкаў да існавання. І вось чаму.

/i/content/pi/cult/800/17188/01.JPGАбяцанкі-цацанкі

У 1957 годзе ва Уроцлаве выйшла кніга Мечыслава Рулікоўскага (1881 — 1951) “Warszawski teatr Sulkowskich. Dokumenty z lat 1774 — 1785”, у якой былі апублікаваныя два важныя для нас лісты. Адзін напісаў сам Аляксандр Данэзі (на італьянскай мове), другі — князь Аўгуст Сулкоўскі (на французскай). Іх адрасат — магнат Антон Сулкоўскі (1735 — 1796). Мэта абодвух аднолькавая.

У сваім лісце да яго Данэзі просіць узяць яго на працу ў варшаўскі тэатр і паведамляе, што 11 красавіка 1775 года ён атрымаў ад графа Бруля прапанову “сачыняць оперы ці інтэрмэцца, рыхтаваць партытуры, стаяць пры цымбалах (клавесіне — З.Ю.), кіраваць рэпетыцыямі” ўзамен на штогадовы заробак 250 дукатаў плюс жытло. Умовамі Данэзі быў цалкам задаволены (што не дзіўна, бо грошы нядрэнныя), і таму абяцаў у самым хуткім часе прыбыць у Варшаву. Прыпіска Бруля да гэтага ліста такая: “Усё, што кажа пан маэстра Данэзі, абсалютная праўда”.

Другі ліст мэр Бруль напісаў уласнаручна. Высвятляецца, што ён патрапіў у казытлівую сітуацыю. Калі вядомы ўжо на той час капельмайстар прыехаў за свой кошт у Варшаву, дык раптам апынуўся і “без грошай, і без працы”. Іншымі словамі, “у поўнай роспачы”. Бруль, каб не запляміць сваю рэпутацыю (бо даў “слова гонару” Данэзі, што справа вырашаная), мусіў нешта заплаціць музыканту з уласнай кішэні. Хаця, як можна меркаваць з ліста, віна тая не Бруля: ён быў у гэтай сітуацыі толькі пасярэднікам. Цяжар адказнасці ляжаў на Аўгусце і Антоне Сулкоўскіх, якія “забыліся” на свае абяцанкі. І мэр ім настойліва, хай і ў вытанчанай форме, аб гэтым нагадаў.

Аднак працу ў варшаўскім тэатры маэстра так і не атрымаў. Чаму? Пэўна, ён проста патрапіў туды не ў лепшы час.

Варшаўскі “Карабас-Барабас”

У 1773 годзе з волі трох імперый у Варшаве быў скліканы сойм, які меўся рукамі карумпаваных паслоў і вышэйшых ураднікаў ухваліць першы падзел Рэчы Паспалітай. Так на гістарычным небасхіле запаліліся дзве зоркі — праўдзівага героя, наваградскага пасла Тадэвуша Рэйтана і антыгероя — пасла ад Польскага каралеўства Адама Панінскага.

Але той сойм вырашаў не толькі глабальныя справы. 11 чэрвеня 1774 года калішскі ваявода Аўгуст Казімір Сулкоўскі (1729 — 1786) атрымаў там патэнт, які гарантаваў яму манаполію на “ўсе відовішчы і платныя публічныя забавы ў Варшаве”. 31 ліпеня ён арганізаваў суполку для кіравання “бізнес-праектам”, куды ўвайшлі яго калега па соймавым гандлі радзімай Адам Панінскі, а таксама каралеўскі камердынер Францішак Рыкс. Апошні выконваў функцыю дырэктара тэатра, ды і сваіх грошай туды ўклаў нямала. Але неўзабаве Сулкоўскі вырашыў яго пазбавіцца — і яго зусім не бянтэжыла, што за спінай Рыкса стаяў сам кароль.

Рыкс нанёс зваротны ўдар: выставіў прэтэнзію аб вяртанні яму ўсіх яго ўнёскаў і рэквізаваў усю тэатральную маёмасць ды зачыніў будынак тэатра, які месціўся ў варшаўскім палацы Радзівілаў (цяпер гэта, дарэчы, Прэзідэнцкі палац).

У адказ Сулкоўскі пазбавіў Рыкса дырэктарскай пасады, і яе неўзабаве заняў брат Аўгуста — той самы Антон. А далей шуганула полымя канфлікту ўсіх супраць усіх. Італьянскія і нямецкія акцёры патрапілі ў няласку да новага кіраўніцтва тэатра. Пазней “выйшлі на барыкады” і польскія. З верасня да сярэдзіны кастрычніка 1775 года тэатр увогуле спыніў дзейнасць.

І акцёраў можна зразумець. Польскі алігарх Антон Сулкоўскі быў чалавекам, адпаведным свайму атачэнню. Калі ў разгар канфлікту сакратар Рыкса з’явіўся ў тэатры, новы дырэктар, не доўга думаючы, загадаў выдаць яму “са сваёй скарбонкі” 100 бізуноў. Яшчэ аднаму прадстаўніку варожага лагера, пану Бізенштэйну, ён паабяцаў “пераламаць ногі і рукі”, калі той хоць наблізіцца да палаца Радзівілаў — які Сулкоўскі пачаў лічыць сваім уласным.

І толькі пасля ўмяшальніцтва караля справа неяк вырашылася. Патэнт на забавы выкупіў Рыкс, і тэатр ачуняў. Трохі пазней Радзівілы вярнулі сабе сваю маёмасць, а для тэатра быў узведзены адмысловы будынак.

Верагодна, далікатны італьянец які ў красавіку 1775 назіраў у Варшаве за гэтай вайной, пазней толькі цешыўся, што яго не прынялі на службу браты Сулкоўскія. Хоць цэлым застаўся, дый бізуна не зведаў! Але як сталася, што неўзабаве ён апынуўся ў Слоніме? Мяркую, парупіўся пра гэта Бруль, які пачуваўся няёмка перад музыкантам.

Як масон масону

Алойзы Бруль, як вядома, быў у ліку найпершых польскіх масонаў. У 5767 год ад сварэння свету паводле масонскага календара, або ў 1767 паводле грыгарыянскага ён наладзіў падзаняпалую дзейнасць ложы “Руплівы Сармат”, а ў 1773-м стаў галоўным візітатарам польскіх аб’яднаных ложаў. То-бок, акрамя ўсім бачнай дзейнасці на дзяржаўнай пасадзе, ён рупіўся аб лёсе краіны і “па-за кадрам”.

У прамежках паміж тым і гэтым, а можа і падчас, ён актыўна музіцыраваў на ўдарных інструментах. Адным з яго партнёраў па сцэне быў скрыпач, а па сумяшчальніцве вялікі гетман Літоўскі Міхал Казімір Агінскі — масон з вялікалітоўскай ложы “Дасканалае адзінства”. Вельмі падобна, што “перадача” Данэзі з рук у рукі адбылася менавіта дзякуючы сяброўскім сувязям паміж Брулем і Агінскім.

Вялікі гетман падчас Барскай канфедэрацыі (1768 — 1772) — паўстання супраць караля і расійскага ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай — абвясціў аб сваім далучэнні да паўстанцаў. Пасля паспяховых сутычак з расійскімі войскамі ў выніку здрады Агінскі 23 верасня быў разбіты Суворавым у Сталовічах. Паразе наступствавала эміграцыя, з якой Агінскі вярнуўся на мяжы 1774 — 1775 гадоў. І ад таго часу Слонім ператварыўся ў яго штаб-кватэру. Ён узяўся за аднаўленне тэатральнага жыцця ВКЛ даволі актыўна. І вось акурат у гэты час у слонімскай капэле і з’яўляецца Аляксандр Данэзі.

Вядомы гісторык Анджэй Цеханавецкі згадваў у сваёй кнізе “Міхал Казімір Агінскі і яго “Сядзіба музаў” у Слоніме”, што ў гэтым горадзе ў 1776 годзе “ўжо быў значны ансамбль агульнай колькасцю з 53 музыкантаў — спецыялістаў інструментальнай і вакальнай музыкі. Дырыжораў было двое — канцэртмайстар Юзаф Паўлі і капельмайстар Аляксандр Данэзі”. Там жа гэты аўтар пісаў, што іх месячны заробак складаў 15 і 12 дукатаў для Паўлі і Данэзі адпаведна. А італьянскі спявак-кастрат Франкот меў яшчэ большы ганарар — 19 дукатаў.

Думаю, чытачу будзе цікава даведацца, наколькі гэта было шмат. Дукат у тыя часы раўняўся 16 злотым. То-бок, Данэзі атрымліваў штогод 2304 злотых. Як сцвярджае беларускі гісторык Валянцін Голубеў, у гэты час гадавы заробак казака, які меў добрага каня, пісталет і дзіду, складаў… 20 злотых. А Вячаслаў Насевіч падае, што пастух атрымліваў 8 — 10 злотых, пчаляр — 20. Пуд солі каштаваў 2 злотых, пуд мёду — 16, гусь — адну залатоўку, курыца — 10 грошаў (злоты роўны 30 грошам). То-бок, музыканты прыдворнай капэлы па тых часах зусім не бедавалі.

Чым жа адзначыўся Данэзі ў гэты перыяд? Даследчык Ежы Яцкл у кнізе “Teatr Narodowy 1765 — 1794” (1967) прыводзіць цытату з успамінаў ад’ютанта ўладальніка Слоніма Гейкінга: “Граф Агінскі жыў на Літве аточаны пыхай, годнай вялікага князя. (…) Знакаміты аркестр, складзены з вялікай колькасці асоб пад кіраўніцтвам італьянскага дырыжора [Алесандра Данэзі], часта даваў выдатныя канцэрты, і папраўдзе добрая польская опера выклікала захапленне ўсёй Літвы”.

Як пісаў Яцкл, у тыя часы ў рэпертуар слонімскага тэатра траплялі ўсе оперныя навінкі Еўропы: ад мэтраў Сакіні, Мансіньі, Гасэка. Другі даследчык, Артур Зёнтак, у публікацыі “Міхал Казімір Агінскі ў святле пісьменніцтва XVIII ст.” прыводзіць іншы ўрывак з успамінаў Гайкінга: Міхал Казімір Агінскі “з дапамогай італьянскага майстра (ці, не Аляксандра Данэзі? — заўв. З.Ю.) сачыняў оперы, з дапамогай (Францішка Ксаверага) Хамінскага складаў па-польску вершы...” Яшчэ адна аўтарка, Карына Вярбіцкая-Міхальская, піша, што ў першыя гады па аднаўленні тэатра Дантэзі выконваў функцыю капельмайстра. То бок, сваёй высокай рэпутацыяй славуты слонімскі тэатр, у значнай ступені абавязаны менавіта італьянцу.

Суперніцтва магнатаў

Аднак пасля 1778 года звесткі аб ім на нейкі час губляюцца — ажно да 1782-га. Магчыма, Данэзі нейкі час працягваў працаваць пры двары Агінскага. Але потым раптоўна змяніў прапіску, апынуўшыся ў рэзідэнцыі яго даўняга суперніка — некаранаванага караля Караля Радзівіла. З якой жа прычыны італьянец перабраўся са Слоніма ў Нясвіж?

Лёсы Міхала Казіміра Агінскага і Станіслава Радзівіла “Пане Каханку” былі ў нечым падобныя. Кожны з іх уступаў у барацьбу з Кацярынай ІІ, імкнучыся адстаяць незалежнасць сваёй дзяржавы ад расійскага ўплыву. Кожны пацярпеў паразу і быў вымушаны з’ехаць у эміграцыю, страціўшы ўсю сваю маёмасць. А потым праз каралеўскую літасць змог вярнуцца назад. Урэшце, абодва магнаты адышлі ад буйной палітыкі, аселі ў сваіх котлішчах — і не на жарт захапіліся тэатрам. Што стварыла новы віток канкурэнцыі дзвюх звышамбітных асобаў.

Пакуль Радзівіл хаваўся ў Дрэздэне, музыканты і акцёры з Нясвіжа, ратуючыся ад галоднай смерці, паціху перабраліся ў Слонім, добра ўзмацніўшы кадрамі новую “сталіцу муз”. Але па вяртанні стомленага чужынай “Пане Каханку” праблемы з’явіліся ўжо ў Агінскага. Адначасова з аднаўленнем палітычнай вагі і падзаняпалай гаспадаркі, Караль Радзівіл заняўся і аднаўленнем былой славы свайго тэатра, закладзенага яшчэ яго бацькамі — Міхалам “Рыбанькай” і Францішкай Уршуляй. Статус патрабаваў збіраць лепшых з лепшых, таму паміж княскімі дварамі часам “іскрыла”.

Цалкам магчыма, што акурат у гэты час “Пане Каханку” здолеў “пераманіць на вышэйшы аклад” і нашага героя — італьянца Данэзі. У наступнай частцы нас чакае завяршэнне гісторыі музыканта і яго знаёмства з дзядамі жонкі кампазітара Станіслава Манюшкі, якія спрычыніліся да раскруткі оперы “Агатка”. А таксама пра іх ролю пры двары Караля Радзівіла і шмат іншых цікавостак.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар