Музеі пераносяць імпрэзы ў “павуцінне”

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

І апошнім з серыі нашых публікацый аб культурным асяроддзі невялікіх населеных пунктаў, у якіх кіраўнікі ўстаноў культуры не толькі прэзентавалі іх, а яшчэ і распавядалі пра тое, як змянілася праца ў сувязі з каранавірусам, стане матэрыял аб музеях, што таксама неяк прылаўчыліся да існуючых абставінаў.

/i/content/pi/cult/798/17165/017.JPGГаліна ТРУХАНОВІЧ, дырэктар Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея горада Петрыкаў Гомельскай вобласці:

— Экспазіцыя музея складаецца з дзвюх частак. Першая прысвечана гісторыі краю, наведвальнікі ўстановы могуць азнаёміцца з рознымі археалагічнымі і этнаграфічнымі артэфактамі, знойдзенымі і сабранымі ў нашай мясцовасці. Сярод археалагічных знаходак, якія перадалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, датаваных сярэднім Каменным стагоддзем і заканчваючы перыядам Вялікага Княства Літоўскага, можна ўбачыць такія крэмневыя вырабы, як сякеры, стрэлы, нажы, дзіды, а таксама манеты XV стагоддзя, керамічныя прадметы і прадметы з бронзы — у асноўным жаночыя ўпрыгожанні, рыбалоўныя снасці і асаблівы гонар музея — старажытную выдзеўбаную лодку. Этнаграфічная зала была сфармаваная шмат у чым намаганнямі менавіта жыхароў раёна, што падарылі нам даматканыя пакрывалы, ручнікі, вырабы з гліны і дрэва, якія дасталіся ім ад сваіх продкаў, фатаграфіі горада пачатку XX стагоддзя, старадаўнія царкоўныя кнігі. Другая частка — “Памяці землякоў прысвячаецца”. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы пра ўраджэнцаў рэгіёна — чырвонаармейцаў, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, яе ветэранаў, партызанаў, дзяцей-вязняў, воінах-афганцах. А ў вёсцы Навасёлкі працуе Аддзел гісторыі нацыянальнага героя Дзеда Талаша і партызанскага руху на Петрыкаўшчыне. Дарэчы, летам планавалі разбіць там палатку, у якой умельцы з Петрыкаўскага раённага Дома рамёстваў займаліся б вырабам сувенірнай прадукцыі — наплыў турыстаў у гэты час года вялікі. І ўсё яшчэ спадзяемся, што палатка з’явіцца. Пры ўстанове дзейнічае клуб аматараў гісторыі “Дарогамі памяці”, асноўны яго кірунак — краязнаўства. Па выніках пошукавых экспедыцый (мы iх праводзім даволі шмат) ладзім лекцыйныя праграмы. Цяпер, на жаль, і такія акцыі, і іншыя “жывыя” мерапрыемствы сталі на паўзу. Але зусім ад імпрэз не адмовіліся, транслюючы іх у анлайне, напрыклад, выставы работ гомельскага мастака Сяргея Сінякова і да 75-годдзя Перамогі — з фотаздымкамі ваенных часоў, лістамі з франтоў, агітацыйнымі плакатамі і да таго падобнае. Наведванне ж музея, канешне, упала. Калі два чалавекі за дзень прыходзяць — ужо добра. Для аднаго такога наведвальніка (між іншым, ён быў у масцы і пальчатках) правялі — хоць і ў скарочаным выглядзе, — аднак сапраўдную экскурсію!

/i/content/pi/cult/798/17165/018.JPGГаліна ВАЙЦЯШУК, загадчыца Філіяла традыцыйнай культуры “Дом траўніка” вёскі Стрэльна Мотальскага музея народнай творчасці Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці:

— З першага паверха, дзе ў нас знаходзіцца выставачная зала, наведвальнікі падымаюцца на паверх другі — на “Бабуліны вышыні”: так калісьці ўстанова — яшчэ як Музей народнай медыцыны — называлася. Там у чатырох залах сабрана больш за 110-ць відаў лекавых раслін і ўсе жадаючыя могуць атрымаць неабходныя ім народныя рэцэпты, кожнаму мы дорым мяшэчак з карыснымі травамi. Акрамя таго, тут размешчаны Бабулін пакой, у iм праходзяць музейныя заняткі, а яго гасцям распавядаюць аб усялякіх старадаўніх хатніх прамудрасцях, у тым ліку пра тое, як правільна збіраць, захоўваць і ўжываць лекавыя расліны (іх, дарэчы, можна ў нас і набыць). Пасля агляду другога паверха наведвальнікі спускаюцца на першы, дзе да іх паслуг ёсць фітабар з дэгустацыяй гарбаты, заваранай на карысных травах. Затым — экскурсія ў бліжэйшы лес, дзе некаторыя з гэтых самых траў і растуць. Натуральна, экспазіцыя рэгулярна папаўняецца, у чым нам спрыяюць і члены гуртка “Чабарок” — навучэнцы мясцовай школы, яны ж дапамагаюць і ў вырабе розных сувеніраў. На жаль, зараз экскурсіі часова прыпыненыя, як і правядзенне мерапрыемстваў, але ж конкурсаў, святаў, па большай частцы звязаных з краязнаўствам, мы праводзім у дастатковай колькасці. Самі выязджаем на разнастайныя фестывалі, везучы з сабой “прадукцыю” музея. Але як толькі сітуацыя з каранавірусам стане паляпшацца, упэўненая, што ў самую чыстую экалагічную зону краіны, на Палессе, людзі паедуць у масавым парадку — папраўляць уласнае здароўе!

/i/content/pi/cult/798/17165/019.JPGЛюдміла НІЖЭВІЧ, дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага аграгарадка Цімкавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці:

— Музей складаецца з пяці залаў. Першую мы называем уваходнай, інфармацыйнай. У другой можна азнаёміцца з дзіцячым і юнацкім перыядамі жыцця тады яшчэ Мікалая Раманоўскага. У наступнай — з пачаткам літаратурнай творчасці, з 1920 — 1930-мі гадамі. У чацвёртай зале распавядаецца аб падзеях, што мелі месца ў лёсе пісьменніка і драматурга ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І пятая “проста” прысвечана памяці Кузьмы Чорнага. У інтэр’еры залаў кропкава ўведзеныя экспазіцыйныя комплексы — такія як бы рэканструяваныя абстаноўкі, што атачалі літаратара ў побыце і працы: куткі сельскай хаты, кабінетаў у рэдакцыях газет “Беларуская вёска” і “Советская Белоруссия”. Вядома ж, у музеі захоўваецца і экспануецца мноства прадметаў, звязаных з імем нашага вялікага земляка, нават можна пачуць яго голас, запісаны на магнітную плёнку. З 1997-га года пры музеі дзейнічае тэатральная студыя “Іскрынка”, акцёрамі якой з’яўляюцца жыхары Цімкавічаў. Мы ставім інсцэніроўкі па творах Чорнага — аповесці “Насцечка”, п’есе “Базылевічава сям’я”, апавяданням “Родныя мясціны”, “Маё дзела /i/content/pi/cult/798/17165/020.JPGцялячае”... А для малодшакласнікаў працуе тэатр фланелеграфіі (разнавіднасць лялечнага тэатра з кардоннымі фігуркамі), што паказвае казкі. У музеі няма адмысловай выставачнай залы, таму зменныя выставы праводзяцца ў нас рэдка, як, дапусцім, прысвечаная Янку Купалу, або “Забытыя механізмы” — на ёй былі прадстаўлены ўжо рарытэтныя для пакалення XX стагоддзя рэчы кшталту бабіннага і касетнага магнітафонаў, радыёлы, прыстасаванняў для фотасправы і гэтак далей. Свае бліжэйшыя выязныя выставы планавалі ў Капылі, Нясвіжы, Слуцку... Аднак усё прыпынена. І праект з тэлеканалам АНТ, які ў год 120-годдзя з дня нараджэння Кузьмы Чорнага (ён нарадзіўся 24 чэрвеня 1900-га) задумаў зняць пра яго 12 сюжэтаў. Пакуль выпусцілі два. Для віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаванага да 100-годдзя Усебеларускага літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, суарганізатарам якога з’яўляецца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, перадалі матэрыялы аб творчасці Чорнага. Усё, што тычыцца яго жыцця, у яшчэ большым аб’ёме зараз размяшчаем на самых розных інтэрнэт-платформах. Наведваюць жа сам музей сёння, так скажам, цяжкавата, зразумела чаму…

/i/content/pi/cult/798/17165/021.JPGАліна БУТЭНКА, старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея гарадскога пасёлка Карэлічы Гродзенскай вобласці:

— Да таго, як былі прыпыненыя ўсе ўнутраныя і выязныя мерапрыемствы ўстановы, мы паспелі арганізаваць выставу, прысвечаную воінам-афганцам, даць свае плошчы пад выставу пра гісторыю самавараў, прасаў і вагаў, правесці шэраг іншых імпрэз. Ездзілі з планавымі лекцыямі па школах і прадпрыемствах раёна, ілюструючы іх копіямі розных дакументаў і фотаздымкамі прадметаў, размешчаных у калекцыях музея. Ішлі экскурсіі не толькі па ім, але і па маршрутных сцежках краю. Для школьнікаў арганізоўваліся музейныя заняткі па самых розных тэмах. Цяпер дзейнасць установы перайшла ў анлайн-рэжым, калі тыя ж выставы, лекцыі ці майстар-класы ад Карэліцкага дома рамёстваў дэманструюцца па інтэрнэце. Групавое ж наведванне ўстановы спынена. Вельмі разлічваем на тое, што хутка інфекцыя адступіць, і тады нашы залы — прыроды, археалогіі, традыцыйных святаў, знакамітых людзей Карэліччыны, Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі XX стагоддзя — зноў прымуць гасцей!

Тамара КАВАЛЕНКА, дырэктар Краснапольскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея гарадскога пасёлка Краснаполле Магілёўскай вобласці:

— Музей наш адносна малады — ён адкрыўся ў 1994-м годзе. А ў 2015 — 2016-м перажыў сваё другое нараджэнне, калі яму былі вылучаныя вялікія сродкі на прылады для экспазіцый, стварэння новай залы — археалогіі і гісторыі краю XV — XIX стагоддзяў. Зараз акрамя гэтай працуюць залы этнаграфіі і сялянскай хаты, гісторыі краю, пачынаючы з XX стагоддзя, прыроды і выставачны. Калі б мяне папрасілі паказаць найбольш каштоўныя экспанаты, я б, вядома, правяла паўнавартасную экскурсію наогул! Ды ўсё ж... Каменая сякера бронзавага веку, упрыгожванні радзімічаў, пазваночнік маманта, макет раскопак аднаго з гарадзішчаў, старадаўнія ручнікі і адзенне, яўрэйскі куток, рэканструяваная частка традыцыйнай сялянскай хаты, матэрыялы аб краснапольскім народным тэатры — найстарэйшым самадзейным тэатральным калектыве Беларусі... У дадзены момант мы, як і нашы калегі з іншых музеяў краіны, прывыкаем да працы ў дыстанцыйным рэжыме. З наведваннем, вядома, стала горш: калі, лічачы мерапрыемствы, звычайная месячная запаўняльнасць установы была пад 600 чалавек, то ў красавіку прыйшоў 161. Аднак нагадваю ўсім тым, хто хоча прайсціся па яе залах сёння: вы можаце гэта зрабіць, зайшоўшы на сайт Краснапольскага райвыканкама — адзін з яго сэрвісаў прапануе віртуальную экскурсію па музеі!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"