Ганна ШАРКУНОВА: “Калі мяне называюць эстрадай, я крыўджуся!”

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Прэмія за лепшую песню мінулага года ў Беларусі, розгаласны кавер на “Ляпіс Трубяцкі”, дуэт са Зміцерам Вайцюшкевічам, эмацыйны анлайн-канцэрт у час эпідэміі — спявачка Ганна Шаркунова не дае сумаваць сваім прыхільнікам. 15 гадоў яна на сцэне — а хтосьці, магчыма, так і памятае тую юную чароўную бландзінку, што спявала “Сердце красавицы”. Але шмат чаго адбылося, шмат чаго змянілася, і нават сама Аня кажа, што стала іншым чалавекам. Якім жа? Госця нашых “Суботніх сустрэч” — Ганна Шаркунова.

/i/content/pi/cult/798/17158/09.JPG— Калі я прапанавала напісаць пра цябе ў газеце “Культура” — ты адрэагавала нечакана, маўляў — няўжо і эстрадны артыст варты такога гонару?

— Я сыранізіравала, бо ў нас чамусьці лічыцца, што папулярная музыка — гэта не культура. Канешне, мне хацелася б думаць, што сама я належу да тых музыкантаў, чыя дзейнасць мае дачыненне да культуры (смех), бо стараюся рабіць усё густоўна і якасна з музычнага пункта гледжання. І рада запрашэнню. А калі мяне называюць эстрадай, няхай пры гэтым кажуць нешта кшталту: “Вы лепшая на нашай эстрадзе!”, — я крыўджуся. Бо калі ўжо гэты перажытак з “эстрадай” сыдзе? Я займаюся сучаснай папулярнай музыкай, я працую ў шоу-бізнесе. А ад “эстрады” патыхае нафталінам. І 15 гадоў таму я імкнулася рабіць добрую актуальную музыку , і тым больш зараз.

— За гэты час, канешне, многае змянілася. І спяваеш ты зараз упэўнена, вольна, і розныя нечаканыя крокі робіш у кар’еры.

— Я магу нават сказаць, што стала зусім іншым чалавекам. У юнацтве лятала як матылёк — лёгкая, закаханая, але пры гэтым у надзвычай жорсткім працоўным рытме — не паспявала ўдумвацца ў многія рэчы, шмат чаго не заўважала, да таго ж мой прадзюсар Уладзімір Кубышкін, які цяпер жыве ў ЗША, ад многіх клопатаў мяне прыкрываў, працэсам кіраваў у асноўным сам. Усё змянілася — у мяне дарослае, адказнае жыццё. Я пачала часцей задаваць сабе пытанні — што я адчуваю, чаго хачу, што мне прыносіць задавальненне, што забірае энергію. Мне падаецца, я пачала больш выяўляць сябе, усё вырашаю сама. Хаця з Вовам, які цяпер жыве ў ЗША, мы практычна кожны вечар на сувязі — абмяркоўваем, плануем, ён дае мне каштоўныя парады, разам пішам песні, як і раней.

І я ўвесь час працягваю вучыцца, хаджу на розныя майстар-класы і да таго падобнае. Мой перфекцыянізм не дае жыць спакойна. (смех) Але ж у выніку я раблюся лепшай. Сапраўды, я стала больш смелай у сваіх выступленнях, адчула, што магу рызыкаваць, адыходзіць ад канонаў. Нейкія рэчы пачала лепей разумець — напрыклад, я заўсёды хацела жывы бэнд, але да канца не ўсведамляла, якую музыку ён павінны іграць. А цяпер магу і пакіраваць музыкантамі, і дабіцца свайго. Бо я сама, так бы мовіць, прадзюсірую песні. У нейкім сэнсе гэта новая для мяне справа, і магчыма, па першым часе я нараблю процьму памылак, але лічу, што будучае за артыстамі, якія самі для сябе пішуць, а не купляюць гатовае.

— Пасля невялікай паўзы ты вярнулася даволі гучна, і цяпер увесь час на слыху. Напрыклад, менавіта ты на беларускай “Песні года” атрымала самы галоўны прыз — за лепшую песню 2019-га “Роль второго плана”. І яе ты напісала сама!

— Паўза была звязана з нараджэннем сына. Я так чакала гэтага моманту! І як даведалася, што стану мамай, то ператварылася ў такую крыштальную вазу — думала, ці працаваць далей, ці берагчы сябе. Дзіцё мне далося нялёгка, былі розныя складанасці. Хаця менавіта ў гэты перыяд узнікла песня “Мы будзем першымі”, якую любяць слухачы, і любяць самі яе спяваць, нават дзеці — просяць ноты, мінусоўку. У чэрвені сыну Максу будзе ўжо тры гады. А песня “Роль второго плана” з’явілася год таму, і адразу выклікала асабліва гарачыя эмоцыі ў жаночай аўдыторыі — Вова Кубышкін напісаў выдатны тэкст. Для мяне яе поспех быў асабліва важны, бо нарэшце я рашылася сама стаць аўтарам музыкі. А то ўсё думала — ну як гэта ўспрымуць, я ж не кампазітар! І на “Песні года” я на нешта разлічвала, бо летась у нас не так многа было добрых песень. І вось на фінальным шоу ў Палацы спорту ўжо амаль усе прызы раздалі, а я так нічога і не атрымала. Застаўся толькі прыз за лепшую песню, а напрыканцы спяваў Ціма Беларускіх, і я думала, што, значыцца, яго “Незабудка” ці “Витаминка” перамогуць — яны ж былі паўсюдна. І ўжо як маленькая дзяўчынка ледзь не плакала. А ў самую апошнюю хвіліну назвалі маё прозвішча! Я была шчаслівая.

— Наконт гэтага прыза я чытала розныя каментарыі — маўляў, канцэртаў няма, а прэміі артыстам даюць…

— З майго апошняга вялікага сольнага канцэрта ў Палацы рэспублікі прайшло чатыры гады. А ўвогуле работы, выступленняў, канцэртаў і ў Мінску, і ў рэгіёнах летась было вельмі многа. Калі нехта не бачыць афіш, гэта ж не значыць, што артыст не працуе. І я ўжо думала ізноў выйсці на вялікую пляцоўку з сольнай праграмай — у мяне і новыя песні ёсць, і нарэшце я сабрала свой бэнд, і над арыгінальнай ідэяй канцэрта, каб не паўтарацца, пачала ўжо думаць. Бо як нармальны чалавек, які сам зарабляе грошы і сам іх лічыць, хачу, каб укладанні ў канцэрт — а гэта тысяч 10—15 долараў як мінімум — не пайшлі на паўтор таго, што ўжо было, каб не былі дарэмнымі. Бо ў нашых умовах я сама павінна заплаціць за арэнду, за якасныя гук, святло, дэкарацыі і гэтак далей, і толькі потым выйсці на сцэну — для беларускага спевака добры канцэрт нятаннае задавальненне. (смех) А нашы гледачы ўжо ж параўноўваюць з рознымі сусветнымі шоу, і крытыкуюць беларускіх артыстаў — маўляў, спяваюць пад мінус ці ўвогуле пад плюс, гук дрэнны, дэкарацый няма — і не разумеюць, што гэта не віна артыстаў, якія і самі былі б шчаслівыя спяваць ужывую з жывым ансамблем. Толькі дзе ж на такое шчасце ўзяць грошай?

Але пра канцэртныя планы зараз казаць складана. Пандэмія моцна ўдарыла па артыстах — усё паадмянялася. І як мы будзем зарабляць, як мы будзем выплываць — ніхто не ведае. Баюся, калі выступленні і адновяцца, цэны і агульны ўзровень адкоцяцца на 15 гадоў назад, і трэба будзе забыцца і на добры гук, і на жывы бэнд, і на арэнду дарагіх пляцовак. Прыватны бізнес у нашай краіне зараз атрымаў моцны ўдар, і калі яму ніхто не дапаможа, то не будзе ў нас і шоу-бізнесу, бо не будзе выступленняў, не будзе карпаратываў і іншых мерапрыемстваў, выступленнямі на якіх мы і зараблялі. Пакуль, на жаль, я не бачу падстаў для аптымізму ў гэтым пытанні.

— Нядаўна ты здзівіла публіку, пераспяваўшы гераічны хіт групы “Ляпіс Трубецкі” “Воины света” ў такой лаўнж-манеры. Нестандартны ход для эстраднай артысткі — хаця памятаю, што слова “эстрадная” трэба пазбягаць.

— Тое, што я пераспявала “Воины света”, не было нейкім стратэгічным ходам — проста мне вельмі захацелася выканаць гэтую песню па-свойму. Увогуле, у мяне ёсць ідэя ўзяць дзесяць маіх любімых беларускіх песень і зрабіць іх у нечаканых версіях. У дзяцінстве я была на трох жывых канцэртах — груп “Лепрыконсы”, “Ляпіс Трубяцкі” і “Merry Poppins”. Вось і пачала з “Ляпісаў” — як іх можна было не любіць? Вагалася паміж дзвюма кампазіцыямі — яшчэ я ў захапленні ад песні “Я верю”. Але ў выніку атрымаліся ўсё ж “Воины света”. Мы проста супалі з гэтай песняй, там мае гармоніі, мае вібрацыі — я адчуваю яе, як уласную. Канешне, я атрымала многа крытыкі, і на сённяшні момант, магчыма, ужо нешта і па-іншаму зрабіла б. Але спытайце мяне — ці пашкадавала я хоць на хвіліну? — Не, ні кропелькі. (смех) Тым больш што аўтар даў дабро на маю версію. На парадку дня зараз песні “Не умирай” групы “J:Морс” і “Гуляць дык гуляць” “Сяброў”.

— Другі нядаўні і гучны кавер, які абышоўся без крытыкі, і наадварот — усім спадабаўся, — на песню Shallow Лэдзі ГаГа і Брэдлі Купера, але на беларускай мове. Са Зміцерам Вайцюшкевічам у вас атрымаўся ўдалы дуэт, разам вы вельмі пераканаўся выглядаеце і гучыце. Ці не думаеце неяк прадоўжыць супрацоўніцтва?

— Хачу ўсё ж заўважыць, што я не станаўлюся выканаўцай менавіта кавераў. Вось і ў гэтым выпадку ў першую чаргу мяне цікавіў не кавер, а беларуская мова. Мікіта Найдзёнаў напісаў выдатны тэкст, прапанаваў мне праспяваць, далучыў да справы Зміцера Вайцюшкевіча. Ізноў жа, усё так супала са мной, што я запісала песню з першага дубля. І я проста ў захапленні ад нашага дуэта са Зміцерам. Пра будучае скажу асцярожна: Зміцер Вайцюшкевіч вельмі творчы чалавек, і ў яго пастаянна нараджаецца новы матэрыял, у якім мне будзе вельмі цікава паўдзельнічаць.

— Не ўсе ведаюць, але ў цябе ёсць і нямала песень на англійскай мове…/i/content/pi/cult/798/17158/010.JPG

— Гэтай гісторыі ўжо гадоў пяць — я езджу ў Амерыку і там запісваюся. У ЗША ў нас ёсць кампанія-партнёр, ёсць кантракт. Песні пішуцца, выкладваюцца на iTunes, слухачы іх скачваюць. Дарэчы, Амерыка перавярнула маю музычную свядомасць і многаму навучыла — гэта там у студыі, калі мне проста далі тэкст і біт і сказалі: “Давай спявай, як табе хочацца!”, я адчула, што магу сама пісаць песні! Пакуль гэта ўсё больш як эксперымент для мяне, як пошук свайго шляху ў англамоўнай творчасці, я яшчэ многаму вучуся. Але неверагодна цікава! І хто ведае, можа, у нейкі момант якая песня і стрэліць.

— 15 гадоў на сцэне — нагода падвесці нейкія вынікі і ацаніць змены, што адбыліся. І чаго нам чакаць ад цябе ў бліжэйшы час?

— Зразумела, калі я зараз слухаю свой першы альбом — там яшчэ такое дзіцё спявае! “Сердце красавицы” — кароткая спаднічка, прыклееныя вейкі, нявінныя вочкі… Дарэчы, ніколі не любіла гэтую песню, яна ледзь не адзіная, якую я не хацела выконваць. Але на той час яна трапіла ў цэль. Насамрэч ува мне няма нічога лялечнага, нічога ад Барбі, наадварот я нейкая “пацанка”. Больш за тое — перыядычна я выпрацоўваю ў сабе жаноцкасць! (смех) Каб у жыцці быць больш мяккай, плаўнай і падобнай на дарослую жанчыну.

А як артыстку людзі цяпер пабачылі мяне і з іншага боку. Я і далей буду мяняцца — маю намер зрабіць сваё гучанне больш жорсткім, больш цяжкім, наколькі гэта магчыма з маёй мяккасцю — не рок, але нешта ў тым кірунку. Мне ў прынцыпе цікавы вельмі розныя песні. З Кубышкіным у нас ёсць адна рызыкоўная ідэя — калі здзейснім, то гэта будзе вельмі значны для нас праект! Зараз я хачу быць не спявачкай, а проста музыкантам — бо зразумела, што атрымліваю задавальненне менавіта ад стварэння музыкі. У нейкім сэнсе гэта мяне нават выратоўвае, напаўняе жыццё сэнсам, пазбаўляе ад хандры. І я ўдзячна вышэйшым сілам, што ў мяне ёсць такія таленты, што я, аказваецца, магу гэта рабіць. Быць проста выканаўцай для мяне ўжо нецікава. Хутка з’явіцца многа новых песень, відэа, можа, будзе, і міні-альбом. Ёсць яшчэ нямала цікавых праектаў. Хацелася б і канцэрт вялікі восенню. Дзе толькі на гэта ўсё ўзяць часу! А яшчэ ж і дачку вельмі хочацца. Ну проста вельмі-вельмі, абавязкова!