“Уваскрасалі” і выжывалі насуперак усяму

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

Ваенная гісторыя маёй сям’і — дужа неаднастайная, бо ўсе мае прадзеды ды прабабкі, якія тую вайну заспелі больш-менш дарослымі, жылі ў розных мясцовасцях Беларусі, мелі рознае паходжанне ды заняткі, належалі да розных нацыянальнасцяў. Адпаведна з гэтым складваліся іх лёсы ў ваеннае ліхалецце.

/i/content/pi/cult/797/17136/06.JPGСа зброяй у руках бараніў радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны толькі адзін мой прадзед — Леапольд Бенедыктавіч Навіцкі, тутэйшы паляк са збяднелай шляхты з-пад Самахвалавічаў. Яшчэ да вайны ён вывучыўся на шафёра і быў прызваны ў войска, у 1939 удзельнічаў у далучэнні Заходняй Беларусі да СССР, а пасля і ў Фінскай вайне — акурат з тых часоў захаваўся прадзедаў здымак у чырвонаармейскай форме і паштоўка, якую ён дасылаў з войска маёй прабабцы Марыі.

Падчас Вялікай Айчыннай прадзед ваяваў з першых дзён і да 15 студзеня 1943 года. Менавіта гэтая дата стаіць у “пахаронцы” — паведамленні аб прадзедавай гібелі, што атрымаў ягоны брат, які тады таксама ваяваў. Аднак, здарылася памылка — насамрэч прадзед Леапольд не толькі не загінуў, але, хоць і трапіў у палон, здолеў адтуль уцячы і ўлетку таго ж, 1943 года, ужо апынуўся ў акупаваным Мінску, дзе яго чакала мая прабабка з малой дачкой на руках. Бабуля Зоя нарадзілася ў кастрычніку 1941 года, і не магла б сама памятаць, але ведае з расповедаў сваёй маці, як тая з рызыкай для жыцця давала часовы прытулак яўрэям, якія ўцякалі з мінскага гета. Прычым у гэтым тады не бачылі нічога гераічнага — прабабка казала, што такіх уцекачоў перахоўвалі ў сябе амаль усе іх суседзі па вуліцы.

Відаць, нездарма так супала, што будучы бабулін муж, мой дзед Валодзя, нарадзіўся таксама ў акупаваным Мінску, у снежні 1941-га, і бацька яго таксама быў мясцовым палякам, а маці яўрэйкай. Гэта, вядома, можа падацца неверагодным, але факт: прабабка Эла Мендэлеўна Левіна перажыла ўсе тры гады акупацыі, і не ў гета, а ў самым цэнтры Мінска, на плошчы Свабоды. Прытым на пачатак вайны яна ўжо мела чацвёра дзяцей, і, як бачым, пятага, майго дзеда, нарадзіла падчас акупацыі.

Як жа ёй удалося захаваць жыццё сабе і ўсёй сям’і? Перадусім, варта адзначыць, што яна была не толькі непадобная знешне да яўрэйкі, але яшчэ і глуханямая ад нараджэння. Глуханямы быў і прадзед Станіслаў Карлавіч Доўнар — з гэтай прычыны, вядома, яго не ўзялі ў войска, а з пачаткам акупацыі ён здолеў уладкавацца ў друкарню. Выглядае, што менавіта ён здолеў выправіць жончыны дакументы — і таму на нямецкай біржы працы прабабка была зарэгістраваная ўжо як Берта Мендзялееўна Левіна, аб чым можна знайсці сведчанні ў Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці. Такая “карэкцыя” імя, у спалучэнні з іншымі фактарамі, відаць, дапамагла схаваць сапраўдную нацыянальнасць. Так ці іначай, ніхто прабабку Элу не выкрыў, не данёс на яе акупантам, і яна перажыла вайну з усёй сям’ёй.

Калі маміны бацькі падчас вайны толькі нарадзіліся, то татавы да яе пачатку паспелі ўжо крыху падрасці і што-нішто з тых дзён памяталі самі. Бацькі дзеда Алега былі настаўнікамі — прадзеда Рыгора Георгіевіча Рудака не мабілізавалі па ўзросце, ён застаўся з сям’ёй у мястэчку Пліса на Глыбоччыне, і калі прыйшлі немцы, то не знайшлі іншай кандыдатуры на пасаду дырэктара школы.

Дзіўна, але такая “служба немцам” не мела для прадзеда пасля вайны зусім ніякіх непрыемных наступстваў — больш за тое, калі Пліса была вызваленая, яго пакінулі на той самай пасадзе. У сямейным архіве захоўваецца ліст прадзедавых калег, якія паручыліся, што падчас акупацыі ён не запляміў сябе нічым ганебным. Больш за тое — факт працы на пасадзе школьнага дырэктара з 1941 па 1944 год адлюстраваны нават у прадзедавай працоўнай кніжцы. Да таго ж, сям’я, як-ніяк, пацярпела ад захопнікаў — адступаючы, немцы спалілі іх дом.

А бабуля Вера заспела вайну ў Рудзенску, што пад Мінскам. Яе бацька Фёдар Якаўлевіч Агейчык, удзельнік Першай сусветнай і Грамадзянскай войн, колішні баец Першай коннай арміі, пад мабілізацыю ў 1941 годзе таксама не трапіў праз узрост. Падчас акупацыі ніхто не выдаў, што прадзед быў пару гадоў старшынёй калгаса, але немцы ўсё адно некалькі разоў спрабавалі яго расстраляць — надта ўжо ён быў чарнявы. Апошні раз усю сям’ю немцы ледзь не застрэлілі, калі выгналі іх капаць акопы перад самым вызваленнем — у першыя дні ліпеня 1944-га...

Ваенныя лёсы маёй сям’і — такія розныя, але ў нечым падобныя. У страшныя гады вайны і акупацыі ніхто не быў застрахаваны ад гібелі, але, на дзіва, усім маім продкам удалося перажыць вайну — нават калі гэта, здавалася, было амаль немагчымым. Можа, таму і для мяне, як гісторыка, тэма нацысцкай акупацыі Беларусі і выжывання мясцовага насельніцтва зрабілася адной з найгалоўнейшых і найважнейшых. З тых трагічных і гераічных часоў мы яшчэ можам вынесці для сябе багата ўрокаў на будучыню — варта толькі кожнаму глыбей зацікавіцца гісторыяй сваёй сям’і.