Ля вытокаў аб’яднання нацый

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

24 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылася віртуальная цырымонія адкрыцця выставы “75 гадоў разам: Беларусь — дзяржава-заснавальніца ААН”, падрыхтаванай Міністэрствам замежных спраў сумесна з Прадстаўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі. Мерапрыемства было прымеркавана да Міжнароднага дня дэлегата, які сёлета адзначаўся ўпершыню, і 75-годдзя стварэння ААН.

/i/content/pi/cult/796/17111/04.JPGУ анлайн-цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, Пастаянны каардынатар ААН у Мінску Іаана Казана-Вішнявецкі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Беларусі.

Міжнародны дзень дэлегата быў усталяваны летась рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН, прынятай па ініцыятыве Рэспублікі Беларусь, і адзначаецца 25 красавіка. Менавіта ў гэты дзень 75 гадоў таму пачала сваю працу канферэнцыя ў Сан-Францыска, якая прывяла да стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Акрамя агульнай дэлегацыі СССР, у канферэнцыі ў Сан-Францыска ў 1945 годзе ўдзельнічалі дэлегацыі дзвюх савецкіх рэспублік, якія найбольш пацярпелі ад вайны — Беларускай і Украінскай. Беларускую савецкую сацыялістычную рэспубліку прадстаўлялі народны камісар замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў, навукоўцы Антон Жэбрак, Уладзімір Перцаў, Георгій Байдакоў і Фрол Шмыгаў, а таксама пісьменнік Міхась Лынькоў, які прымаў удзел у якасці карэспандэнта. Канферэнцыя завяршылася 26 чэрвеня 1945 года падпісаннем статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкi з архiваў ААН, якiя раней не дэманстраваліся публічна, а таксама артэфакты з архіва Мiнiстэрства замежных спраў, у тым ліку — асабiстыя рэчы беларускiх дыпламатаў, якія прымалі ўдзел у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Выстава працягнецца да 24 мая. Тыя, хто не здолее наведаць экспазіцыю ў памяшканні музея, маюць магчымасць азнаёміцца з віртуальнай экскурсіяй на сайце ўстановы і яе старонках у сацыяльных сетках.