Маска з нацыянальным арнаментам

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Мода — задавальненне творчай патрэбы хуткаплыннага часу. Беларуская мода часу пандэміі — чорная маска з прышытай збоч стужкай нацыянальнага арнаменту. Стылёвая рэч, калі абстрагавацца ад таго, што адбываецца наўкола. І гэта не толькі сродак самааховы, а яшчэ і сімвал таго, што ў грамадскіх месцах я дбаю пра здароўе людзей, а яны, у масках, ашчаджаюць маё. Менавіта ў такім стасункаванні бачу вялікі сэнс існавання грамады. Ці гатовы мы да гэтага? У невялічкай краме — чарга. Дзядзька нападпітку лезе мне на плечы. “Захоўвай, — кажу, — дыстанцыю”. А ён у адказ: “Калі няма глуздоў, дык і дыстанцыя не дапаможа!” Усё правільна. Але прычым тут я? І ўсё ж я веру, што пераможа прыгажосць: слова, учынку, грамадскай пазіцыі, узаемаадносін і жыццёвай мэты заставацца насуперак усяму чалавекам і любіць свет.

/i/content/pi/cult/794/17090/021.JPGІменна пра гэта распавядае старшакласніца Злата Цыбульская, што пастаянна наведвае Алекшыцкую сельскую бібліятэку Бераставіцкага раёна. (Факт, што да нашай рэдакцыі звяртаецца чытач — сам па сабе ўнікальны і шмат кажа пра мікраклімат сельскай установы. — Я.Р.) Мае сэнс прывесці тэкст ліста цалкам: “У чарговы раз наведала бібліятэку, з выставы, прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі, узяла кнігу знакамітага нашага аўтара і франтавіка Васіля Быкава “Альпійская балада”. Яна мяне вельмі ўзрушыла. Гэты твор — пра любоў і каханне, пра тое, што жахлівая вайна, доўгая і кровапралітная, не можа спыніць жыццёвую плынь. Чалавечыя пачуцці — па-за часам і прасторай. І пакуль яны ёсць — жыццё працягваецца… Прачытала аповесць на адным дыханні. Быкаў ёсць Быкаў. Вельмі раю сваім равеснікам прачытаць гэты твор і ўявіць, праз што прыйшлося прайсці нашаму народу падчас Вялікай Айчыннай вайны”. Нават не бяруся даваць гэтым словам нейкі каментарый. Усё і так зразумела. Дадам толькі, што Бешанковіцкую раённую бібліятэку імя Восіпа Кавалеўскага ўзначальвае на сёння Аксана Кумпель, якая нядаўна кіравала дзіцячай бібліятэкай. І ў раёне гэтымі днямі рэалізоўваецца творчая праграма “Лепшыя кнігі пра Другую сусветную вайну”. А на сайце райбібліятэкі змешчаны абвесткі пра сімптомы каранавіруса і яго прафілактыку. Куды сёння без гэтага?

Тэму працягвае намеснік дырэктара Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Печкур. “Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на Гродзеншчыне дзейнічае акцыя “Перамога дзеда — мая перамога”. Натуральна, не засталіся ў баку і мы: навучэнцы і настаўнікі Ашмянскай ДШМ. Яны зрабілі паштоўкі “З Днём Перамогі” з выкарыстаннем алічбаваных тэматычных дзіцячых малюнкаў. Паштоўкі будуць уручаны ветэранам горада і раёна ў дні святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею Вялікай Перамогі”. Далей Таццяна Печкур паведамляе пра яшчэ адно мерапрыемства з назвай “Зорка герояў”. Справа тут вось у чым. У холе школы ўладкавана фотазона. На спецыяльны стэнд любы ахвотны можа прымацаваць шыльдачку з прозвішчам ці фотаздымак з выявай свайго родзіча — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. І гэта яшчэ не ўсё. Навучэнка мастацка-эстэтычнага аддзялення Ашмянскай ДШМ Валерыя Жукоўская прыняла ўдзел у праекце “Галасы Перамогі”. Гэта інтэрнэт-эстафета, дзе неабходна спець некалькі радкоў песні “Дзень Перамогі” і размясціць відэа ў сацыяльных сетках для таго, каб эстафету падхапіў хтосьці іншы. За ўсімі гэтымі акцыямі — вялікая павага да тых, хто адстаяў мір.

Чарговая навіна — таксама з Ашмян. З нумара ў нумар “К” работнікі бібліятэк і клубаў Ашмяншчыны ствараюць летапіс асабістых шчыраванняў на ўрадлівай ніве мясцовай культуры. Памкненне — вельмі ўхвальнае. Гэтым разам навіна вось пра што. Днямі ў раёне прайшлі здымкі тэлевізійнай праграмы “Наперад у мінулае” тэлеканала “Беларусь 3”. Мінскіх гасцей зацікавіў валун пад назвай “Нявесцін камень” — з 1996 года геалагічны помнік прыроды нацыянальнага значэння. Размешчаны ён у адным кіламетры ад сяла Агароднікі ля аўтадарогі Мінск-Ашмяны, паблізу — урочышча Рамбоўскі Роў. Аўтары ліста паведамляюць, што валун — з ружовага граніту, мае крышталікі палявога шпату. Аб’ём — 28 кубаметраў, маса — каля 74 тон. Прыблізна 150 тысяч гадоў таму яго прыцягнуў ледавік з Аландскіх выспаў. Чаму ў валуна такая назва? Са старадаўніх часоў ён дапамагаў маладзёнам знайсці пару, спрыяў нараджэнню здаровых людзей, забяспечваў сямейнае шчасце… Пасля знаёмства з помнікам прыроды тэлевізійшчыкаў зацікавіў гурт народнай песні “Жытніца” з аграгарадка Кракоўка. Гурт, сапраўды, цудоўны! Але спынюся на валуне, бо ёсць таму важкія прычыны. Мой бацька-біёлаг вельмі любіў усё жывое, у тым ліку і валуны. Так, ён быў перакананы, што камяні — жывыя істоты з датклівай душой. Калі і былі ў мяне якія сумневы, дык тураўскія крыжы развеялі іх увобмірг. Цяпер пра сакральныя валуны-следавікі і камяні з чалавечымі імёнамі я магу разважаць бясконца. Але сёння заўважу толькі адно: любы валун — унікальны, таму афарбоўка для яго — смерць. І нават самыя высакародныя размаляваныя рэкламныя памкненні (да прыкладу, надпісы кшталту “Беражыце лес!”) забіваюць першародную існасць каменя, які з’яўляецца самым старажытным сведкам гісторыі чалавецтва. Не менш істотным з’яўляецца і тое, што неахайныя канфлікты прыроды з людзьмі абарочваюцца надзвычай трагічна для апошніх.

Мы цяпер вельмі шмат разважаем пра меры асабістай перасцярогі, пра гігіену і таблеткі з мікстурамі. Але не варта забывацца, што зусім не пазалішнімі ў нашым сутачным рацыёне вітамінаў з’яўляюцца гумар і смех. У чарговы раз пра гэта нагадаў вядомы карыкатурыст Аркадзь Гурскі. Сябруем мы з ім даўно. Ён, інжынер па адукацыі, нідзе не вучыўся маляваць. Проста гаварыць Аркаша не любіць, а думаць прызвычаіўся той рукой, якой малюе. І думкі гэтыя — досыць парадаксальныя, афарыстычныя і заўжды пазітыўныя. Спецяльна для “К” Гурскі падабраў вітаміны з самых свежых.

Шкада, але вельмі мала мы даем навін з маёй любімай Гомельскай універсальнай абласной бібліятэкі. А тут заўжды ёсць чаму павучыцца. Да прыкладу, штогод установа прапаноўвае электронныя кніжныя выставы. Гэтымі днямі такая форма ўзаемадзеяння з чытачамі выглядае вельмі дарэчна. Сёлета адна з такіх выстаў прысвячалася паэзіі. Другая — 95-годдзю расійскага часопіса мастацкай літаратуры і грамадскай думкі “Новый мир”. Калісьці выпісаць гэтае дэфіцытнае перыядычнае выданне было амаль немагчыма. А таму перадавалася яно з рук у рукі, бо друкаваліся тут Васіль Быкаў, Віктар Някрасаў, Канстанцін Вараб’ёў, Уладзімір Багамолаў, Уладзімір Дудзінцаў, Васіль Шукшын, Андрэй Бітаў… Рэдагавалі ж часопіс Анатоль Луначарскі, Канстанцін Сіманаў, Аляксандр Твардоўскі…

Інфармацыя з Ваўкавышчыны пра валачобны абрад, які адбываецца ў першы дзень Вялікдня і мае старадаўнюю гісторыю. Работнікі Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры захавалі традыцыю праведзення памянёнага абраду і павіншавалі вяскоўцаў разам з работнікамі клубаў аграгарадка Рэпля і вёскі Рупейкі. .

Я, чарнобылец, пастаянна лаўлю сябе на думцы, што каранавірус вельмі падобны на радыяцыю. У красавіку 1986-га таксама свяціла сонейка і спрабавалі прабівацца пупышкі на дрэвах. Выпраменьванне не мела ні выявы, ні паху. Каранавірус — таксама. Памятаю, я абыходзіў бокам тыя месцы пад дахамі дамоў, куды сцякала дажджавая вада, бо, як правіла, радыяцыя там была жудасная. Гэткім жа чынам я абыходжу сёння купкі людзей без масак, пальчатак, якія збіваюцца ў шумныя кампаніі і не захоўваюць, як цяпер кажуць, сацыяльную дыстанцыю. Яны рызыкуюць не толькі самі. Як зазначыў Міхаіл Жванецкі, подласць аднаго — гэта заўжды подзвіг другога. Спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Таццяна Бычанок піша, што ў дзень 34-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС работнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пажарныя-ліквідатары збіраюцца ў сталіцы ля мемарыяльнай дошкі героя-чарнобыльца Васілія Ігнаценкі і аддаюць даніну памяці таварышам, жыццё якіх абарвала тэхнагенная катастрофа мінулага стагоддзя. Ураджэнец Брагінскага раёна Васілій Ігнаценка — сярод іх, з першай трыццаткі пажарных, што атрымалі падчас ліквідацыі бяды першыя смяротныя дозы абпраменьвання. Нягледзячы на тое, што пацярпелых даставілі ў лепшыя маскоўскія клінікі, праз дзесяць дзён пасля катастрофы ніхто з першай трыццаткі не выжыў. Мы схіляем галовы перад тымі, хто любіў людзей і жыццё, а таму дзеля гэтага і загінуў.

А чырвоную маску з беларускім арнаментам мне падарыла пляменніца Паліна. Так што я — таксама ў трэндзе.

Беражыце сябе! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"