Спадчына: дзе б ты ні знаходзіўся...

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца 18 красавіка — добрая нагода звярнуць увагу не толькі на стан нашай гісторыка-культурнай спадчыны, але і на ступень яе дасяжнасці для ўсіх ахвочых, незалежна ад таго, дзе б яны ні знаходзіліся. З улікам новых рэкамендацый органаў улады і захадаў па ахове здароўя грамадзян, многія музейныя ўстановы Беларусі абмяжоўваюць дзейнасць сваіх экспазіцый для наведвальнікаў — але на дапамогу аматарам культурнага адпачынку і цікаўным да гістарычнай спадчыны прыходзяць новыя тэхналогіі.

/i/content/pi/cult/794/17082/06.JPGМногія знакавыя гісторыка-культурныя аб’екты можна пабачыць у рэжыме анлайн, не пакідаючы дома — варта толькі выйсці ў сеціва і зайсці на сайт той ці іншай установы, альбо на яе старонку ў сацыяльных сетках. Сёння музеі і мемарыяльныя комплексы імкнуцца адгукацца на патрэбы часу і ладзяць адмысловыя акцыі, якія дазваляюць азнаёміцца са зборамі і калекцыямі з дапамогай відэаэкскурсій, прамых эфіраў і віртуальных тураў. Наколькі шырока беларускія помнікі і артэфакты прэзентаваныя ў сусветным павуцінні такім чынам, каб можна было адчуць сябе ў музейнай зале ці ля гістарычных муроў, не падымаючыся з крэсла? Мы звярнуліся ў музеі, а таксама прасачылі іх актыўнасць на інтэрнэт-старонках і ў сацыяльных сетках, каб даведацца, якімі сродкамі іх супрацоўнікі робяць свае экспанаты даступнымі для ўсіх, хто ў сённяшніх абставінах не мае магчымасці наведаць экспазіцыі.

Магутныя замкі і хатнія рэчы

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь у перспектыве плануе прэзентацыю новага 360-градуснага панарамнага фільма праекта “VKL3D” мастака Ахрэма Белабровіка. Ён паказвае сродкамі камп’ютарнай 3D-графікі рэканструкцыю замка “Белы Ковель” ХVІІ стагоддзя, руіны якога захаваліся да нашых дзён у вёсцы Смаляны Аршанскага раёна. Прэзентацыя мае быць своеасаблівым працягам леташняй выставы “Апыніся ў сэрцы Гісторыі”, на якой былі прадстаўленыя 3D-праекцыі замкаў у Гальшанах і Крэве. На выставе пабачыць відарысы старажытных муроў можна будзе з дапамогай адмысловых акуляраў віртуальнай рэальнасці, а пакуль паглядзець панарамны фільм аб замку можна на канале “VKL3D” у YouTube. Нават так, рухаючы тэлефонам альбо мышшу, глядач можа азірацца наўкол, што стварае эфект прысутнасці, у цэнтры карцінкі. Там жа можна пабачыць і відэа Крэўскага ды Гальшанскага замкаў.

/i/content/pi/cult/794/17082/05.JPGА Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо пад Мінскам, прадстаўляе ў 3D-графіцы свае больш сціплыя, але не менш цікавыя скарбы — на сайце музея etna.by у раздзеле “Калекцыі” можна пабачыць і агледзець з усіх бакоў аб’ёмныя мадэлі драўляных рэчаў хатняга ўжытку, якімі карысталіся нашыя продкі — ступу, сальніцу, дзяжу, табакерку... Гэта толькі некалькі прадметаў з найбагацейшай калекцыі музея, якая налічвае каля 1500 адзінак захоўвання — але прадстаўленыя тут драўляныя вырабы даюць выдатнае ўяўленне аб побыце мінулых пакаленняў і іх уменні прыўнесці прыгажосць у сваю паўсядзённасць.

Віртальныя туры

Нацыянальны мастацкі музей на сваім сайце artmuseum.by запрашае да прагляду кароткіх відэаролікаў-экскурсій, у якіх навуковыя супрацоўнікі ўстановы распавядаюць аб музейных зборах і выставах. Таксама на сайце ў раздзеле “Калекцыя” даступныя віртуальныя туры, якія дазваляюць агледзець на 360 градусаў памяшканні музея, пачынаючы ад хола і да ўсіх залаў пастаяннай экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/794/17082/07.JPGДзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запусціў на сваёй старонцы ў Facebook серыю відэаролікаў, што распавядаюць аб найбольш адметных экспанатах, сярод якіх — макет бацькоўскага дома паэта ў Вязынцы, жалейка і радаслоўнае дрэва Песняра, а таксама аб найбольш важных датах, перыядах і рэаліях жыцця класіка — тут ёсць сюжэты аб дэбюце паэта ў друку, яго працы ў бібліятэцы, гісторыі знаёмства з жонкай... А Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа на сваім сайце yakubkolas.by прапаноўвае відэаэкскурсію па выставе “Шарж на класіка”, якую праводзіць праўнучка пісьменніка, Васіліна Міцкевіч, распавядаючы аб яго вобразе ў творах мастакоў, якія працавалі ў жанры сатыры.

Слаўныя старонкі гісторыі

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны таксама распачаў на сваіх старонках у сацыяльных сетках прэзентацыю серыі відэаролікаў, дзе супрацоўнікі распавядаюць аб найбольш адметных экспанатах, якія ім дарагія і блізкія. А на сайце warmuseum.by можна знайсці спасылку на віртуальны тур па музеі — прычым глядач здолее пабачыць у разрэзе ўвесь будынак, абраць любую кропку ў ім і “прагуляцца” па ўсіх паверхах і залах. Віртуальныя туры прапаноўвае на сваім сайце іbrest-fortress.by і Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” — маляўнічыя здымкі са зручнай навігацыяй дазваляюць цалкам пагрузіцца ў атмасферу гістарычных казематаў і не заблукаць між звілістых калідораў і цагляных скляпенняў, дзе змагаліся абаронцы Брэста.

Замкавы комплекс “Мір” на сваіх старонках у сацыяльных сетках прапаноўвае не толькі новую відэаэкскурсію па выставе “Аб’ядноўваючы прастору і час: беларускія землі на картах XVI — XVIII стагоддзяў”, але змяшчае і касцюміраваныя відэасюжэты. У іх супрацоўнікі музея распавядаюць аб экспанатах, памяшканнях і тэматычных раздзелах экспазіцыі, а таксама выконваюць ролі гістарычных персанажаў і колішніх насельнікаў замка.

А залы палацавага ансамбля Радзівілаў, які ўваходзіць у склад Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, з мінулага тыдня можна агледзець дзякуючы дзвюхгадзіннай відэаэкскурсіі метадыста па экскурсійнай рабоце Сяргея Чысцякова, размешчанай на сайце sb.by у раздзеле “Відэа”. Гаворка пойдзе і пра ўнікальныя замкавыя інтэр’еры, і пра каштоўныя артэфакты, што некалі належалі ўладарам Нясвіжа, а таксама пра захапляльную гісторыю гэтага славутага роду. Тут жа можна пабачыць экскурсію па выставе “Модныя дамы Нясвіжа”, прысвечаную жаночым касцюмам ХІХ стагоддзя, а таксама прайсціся разам з мясцовым гідам па вуліцах горада, багатых на гістарычныя помнікі і мясціны — ад Слуцкай брамы да ратушы і Фарнага касцёла.

Не выходзячы з кватэры...

/i/content/pi/cult/794/17082/08.JPGПраект сайта sb.by па стварэнні сюжэтаў аб музеях краіны працягваецца — ужо даступныя дзве дзвюхгадзінныя відэаэкскурсіі, якія дазволяць азнаёміцца з экспазіцыямі Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея і яго філіяла “Уратаваныя мастацкія каштоўнасці”, зборы якога складаюцца з каштоўных твораў мастацтва, якія былі рэквізаваныя ў кантрабандыстаў. Музей на сваім сайце brokm.by прапаноўвае таксама вывучыць 3D-мадэлі палацаў у Косаве ды Ружанах і сядзібы Нямцэвічаў у Скоках, а змешчаная тут жа віртуальная экскурсія дазваляе максімальна падрабязна разгледзець драўляныя пабудовы ХІІІ стагоддзя ў раскопе археалагічнага музея “Бярэсце”.

А як жа справа з анлайн-экскурсіямі ў іншых рэгіёнах? У Віцебску абласны краязнаўчы музей прапаноўвае на сайце ratusha-vit.by відэаролікі аб сваім філіяле, аб’яднаныя серыяй “Шэдэўры мастацкага музея” — тут можна пабачыць найбагацейшую калекцыю твораў знакамітага віцебскага мастака Юдаля Пэна, а таксама палотны класікаў рускага жывапісу — Івана Шышкіна, Архіпа Куінджы, Ільі Рэпіна, Ісаака Левітана... Іншыя музеі Віцебшчыны таксама ладзяць серыю анлайн-трансляцый на сваіх старонках у сацыяльных сетках, з дапамогай якіх кожны ахвочы здолее наведаць экскурсію ў прамым эфіры — у акцыі ўжо ўзялі ўдзел музейныя ўстановы ў Оршы і Паставах, 21 і 22 красавіка на сувязь выйдуць адпаведна Міёрскі і Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічныя музеі, а 24 красавіка да акцыі далучыцца гісторыка-краязнаўчы музей у Талачыне.

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль на сваім сайце palacegomel.by прапаноўвае віртуальны тур як па ваколіцах палаца Румянцавых і Паскевічаў, так і па яго шыкоўных інтэр’ерах, а таксама па такіх неад’емных частках гэтага выдатнага комплексу, як Петрапаўлаўскі сабор і капліца-пахавальня Паскевічаў. Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава і яго гомельскі філіял на сваіх старонках у сацыяльных сетках ладзяць анлайн-лекцыі ў прамым эфіры, прысвечаныя шэдэўрам мастацтва беларускіх стараабрадцаў. А на сайце Гомельскага абласнога музея ваеннай славы gomelmuseum.github.io/museum можна знайсці віртуальны тур як па залах, якія раскрываюць ваенную гісторыю Гомельшчыны ад старажытнасці да нашых дзён, так і па пляцоўцы з прадстаўнічай калекцыяй узораў вайсковай тэхнікі, што налічвае тры дзясяткі адзінак — ад артылерыйскіх установак да самалётаў і верталётаў.

На Гродзеншчыне да справы падышлі грунтоўна — на сайце абласнога ўпраўлення культуры kultura.grodno.by размясцілі спасылкі на віртуальныя туры па ўсіх музеях рэгіёна: тут і гродзенскія замкі, і дамы-музеі Элізы Ажэшкі ды Адама Міцкевіча, і не менш цікавыя раённыя ўстановы — агулам каля двух дзясяткаў анлайн-экскурсій. А на інфармацыйным сайце бязвізавай тэрыторыі Гродна — Брэст grodnovisafree.by можна віртуальна прагуляцца па фартах Гродзенскай крэпасці, а таксама найбольш адметных культавых будынках горада — Лютэранскай кірхе, Кафедральным касцёле, Свята-Пакроўскім саборы і Вялікай Харальнай сінагозе.

Музей гісторыі Магілёва на сваім сайце museumhm.by размясціў відэаэкскурсію, якую праводзіць старшы навуковы супрацоўнік Алена Марзалюк. Агледзеўшы залы гарадской ратушы, дзе размешчаная экспазіцыя, можна падняцца на вежу-званіцу, каб пабачыць унікальны гадзіннік-куранты, з якім знаёміць яго стваральнік — майстар Генадзь Галоўчык. А Мінскі абласны краязнаўчы музей, што ў Маладзечне, на сваіх старонках у сацыяльных сетках прапаноўвае серыю тэматычных відэаэкскурсій па выставе “Перамога. Адна на ўсіх”. Сюжэты распавядаюць аб удзеле праваслаўных святароў у антынацысцкім супраціве, службе беларусаў у польскім войску і арміях саюзнікаў, аб біяграфіях Герояў Савецкага Саюза, якія праславіліся на Маладзечаншчыне.

Відэаэкскурсіі, прамыя эфіры і віртуальныя туры — важная частка прамоцыі сучасных музейных устаноў. Як бачым, у пэўных умовах яна можа быць надзвычай запатрабаванай і проста неабходнай. Але адмыслоўцы музейнай справы сыходзяцца ў меркаванні — нішто не здолее замяніць жывой сустрэчы з экспанатам. Будзем спадзявацца, што віртуальнае знаёмства з беларускімі музеямі заахвоціць многіх прыспешыць час такога спаткання, як толькі гэтаму пачнуць спрыяць абставіны.