Вярнуць артэфакт

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Сёння ў Беларусі ўсё часцей уздымаецца пытанне рэстытуцыі — вяртання на радзіму гісторыка-культурнай спадчыны, якая з розных прычын і ў розныя часы апынулася за мяжой. Не сакрэт, што да гэтага прывялі, не ў апошнюю чаргу, шматлікія войны, якія пракаціліся па нашай зямлі за ўсю яе доўгую гісторыю. Стагоддзямі чужынцы вывозілі адсюль прадметы мастацтва і матэрыяльныя сведчанні нашай даўніны — але і самі пакідалі ў сваіх культурах памяць аб знаходжанні ў Беларусі.

/i/content/pi/cult/792/17058/018.JPGТэма рэстытуцыі надзвычай далікатная з цэлага шэрагу прычын — гэта і сутыкненне нацыянальных інтарэсаў краін, і праблема ўрэгулявання заканадаўствам пытанняў абмену матэрыяльнымі культурнымі каштоўнасцямі. Таму перадусім даводзіцца звяртаць увагу і прыкладаць намаганні для вяртання на радзіму не тых гістарычных артэфактаў, якія належаць іншаземным дзяржаўным музеям — а не менш цікавых рэчаў, якія захоўваюцца ў прыватных зборах замежных калекцыянераў, ці ў сямейных архівах.

Менавіта такія артэфакты, якія ўдалося вярнуць на радзіму з-за мяжы, можна пабачыць на выставе “Вайна і мір. Вяртанне”, якая адкрылася 26 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у рамках аўтарскага праекта лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага”. Экспазіцыя таксама з’яўляецца часткай маштабнага культурна-гістарычнага праекта “Вайна і мір. Беларусь памятае”, прымеркаванага да 75-годдзя Перамогі, які адбываецца пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Як ужо згадвала “К” у мінулых нумарах, у рамках праекта ладзіцца шэраг выставачных экспазіцый, якія распавядаюць аб удзеле беларусаў у войнах з 1812 па 1945 год, а таксама аб гісторыі мірных міжваенных гадоў і сучаснасці. Калі першая выстава, што праходзіла сёлета ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, распавядала аб падзеях вайны 1812 года ў Беларусі, то гэтым разам рамкі новай выставы былі вызначаныя не храналагічна, а тэматычна — яна прысвечана праблеме вяртання беларускай культурнай спадчыны з-за межаў краіны.

Дзякуючы супольным намаганням дзяржавы і прыватных калекцыянераў многія каштоўныя прадметы сёння не толькі вяртаюцца дадому, але і паступаюць у фонды дзяржаўных музеяў і бібліятэк. Частку экспанатаў, прадстаўленых у экспазіцыі, Уладзімір Ліхадзедаў ужо перадаў у зборы Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнага гістарычнага музея. Адкрыццё выставы адбылося ў дзень юбілею калекцыянера, таму прысутныя з удзячнасцю віншавалі яго са святам, жартам заўважаючы, што зазвычай у дзень нараджэння імяніннікі атрымліваюць падарункі, а не дораць іх іншым. Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі ўручыў юбіляру падзяку ад імя міністра Аляксандра Карлюкевіча за шматгадовае супрацоўніцтва ды вялікі ўнёсак у справу захавання беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, і выказаў спадзеў, што сумесная праца ў гэтым кірунку будзе працягвацца.

Манускрыпты, пісаныя нашай мовай

У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя рукапісныя дакументы, карты, старадрукі і рэдкія кнігі, а таксама перыядычныя выданні. Найстаражытнейшыя з экспанатаў — граматы XVI — XVII стагоддзяў, сярод якіх — прывілей караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы мінскаму базыльянскаму манастыру, датаваны 1617 годам. Манастыр быў заснаваны годам раней, ягоны будынак і сёння можна пабачыць у цэнтры сталіцы па адрасе плошча Свабоды, 23 — а побач стаіць адноўлены ў 2011 годзе ў ранейшым выглядзе будынак яго царквы, дзе цяпер размяшчаецца канцэртная зала “Верхні горад”. Адметнасць дакумента, прадстаўленага на выставе, заключаецца ў тым, што ён складзены на старабеларускай мове, хаця ў XVII стагоддзі каралі Рэчы Паспалітай зазвычай ужывалі ў сваіх прывілеях лаціну. Ордэн базыльянаў быў уніяцкім і выкарыстоўваў пры набажэнствах мясцовую гаворку, таму і кароль абраў для звароту да манахаў старабеларускае пісьмо — што з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем дзяржаўнага статусу нашай мовы ў тагачаснай Рэчы Паспалітай.

Побач з гэтым унікальным прывілеем змешчаны ў экспазіцыі яшчэ два акты маёмаснага характару, якія датуюцца 1596 — 1607 гадамі. Яны таксама складзеныя прадстаўнікамі роду Глябовічаў на старабеларускай мове, і пэўны час знаходзіліся ў калекцыі славутых збіральнікаў беларускай даўніны, краязнаўцаў, археолагаў і этнографаў братоў Тышкевічаў. З іх збораў паходзяць таксама прадстаўленыя на выставе драўляныя разьбяныя і распісныя статуэткі XVII — XVIII стагоддзяў — у выглядзе старажытнарускага баярына, манаха-кніжніка і ўсходняй жанчыны.

Лёсы, звязаныя з Беларуссю

Шэраг прадметаў, якія можна пабачыць у экспазіцыі, маюць дачыненне да іншых выдатных постацяў беларускай і сусветнай гісторыі. Перадусім звяртае на сябе ўвагу драўляны разьбяны пісьмовы прыбор пачатку ХХ стагоддзя, які належаў князям Радзівілам. Знаўцы адзначаюць філігранную работу майстра, які стварыў вытанчаныя мініяцюрныя фігуркі сабак, што ўпрыгожваюць прылады для пісьма — прытым у вачах у іх ззяюць кавалачкі бурштыну. З улікам тагачаснага развіцця тэхнікі такая праца патрабавала вялікага майстэрства.

А вось — срэбны з эмаллю і пазалотай пісьмовы прыбор пачатку ХХ стагоддзя, які належаў знакамітаму мастаку-пейзажысту Анатолю Кайгародаву. Падораны ён быў жывапісцу ягоным дзядзькам — камендантам гродзенскай крэпасці падчас Першай сусветнай вайны, генерал-лейтэнантам Міхаілам Кайгародавым. Яшчэ адзін вытанчаны пісьмовы прыбор, які можна пабачыць побач, атрымаў у 1907 годзе ў падарунак ад таварышаў па службе Якаў Рут. Наўрад ці гэтае імя можа аб нечым сказаць шырокай публіцы, але Уладзімір Ліхадзедаў тлумачыць: уладальнік быў дзядзькам актрысы Вольгі Вадзінай (Рут) з роду Касцюшкаў, жонкі славутага амерыканскага прадпрымальніка і калекцыянера Арманда Хамера, які сімпатызаваў савецкім уладам і дамогся дыпламатычнага прызнання СССР з боку ЗША ў 1930-я гады.

Спецыфіка працы калекцыянера праяўляецца ў тым, што не заўжды можна з пэўнасцю гарантаваць прыналежнасць артэфакта да пэўнай знанай і славутай асобы — але культурная і гістарычная вартасць самога прадмета пры гэтым можа заставацца высокай. У такім выпадку абавязак збіральніка — папярэдзіць аб сумненнях, а вырашаць іх належыць спецыялістам. Так, на выставе змешчаныя, напрыклад, жывапісныя эскізы, якія могуь належаць пэндзлю славутага мастака Фердынанда Рушчыца — але гэта яшчэ неабходна належным чынам даказаць.

Сведкі бітваў і ваенныя трафеі

Выстава нездарма адбываецца ў рамках праекта “Вайна і мір” — многія артэфакты нагадваюць аб эпізодах ваеннай гісторыі Беларусі за апошнія амаль паўтысячы гадоў. Тут знайшлі адлюстраванне многія падзеі і рэаліі вайсковай і палітычнай гісторыі нашай зямлі — побач можна пабачыць і срэбны медаль за ўзяцце Полацка Стэфанам Баторыем у 1579 годзе падчас Лівонскай вайны, і мемарыяльную чыгунную пліту, выпушчаную ў 1910 годзе да 500-годдзя перамогі ў Грунвальдскай бітве, і памятны медаль удзельнікаў перамоў па Брэсцкім міры 1918 года. З міжваеннай пары паходзіць срэбны пісьмовы прыбор капітана Адама Крычынскага — яго ўладальнік быў ад’ютантам батальёна польскага Корпуса аховы памежжа “Падсвілле”, які размяшчаўся ў сённяшнім Глыбоцкім раёне. Калегі-памежнікі зрабілі капітану каштоўны падарунак у 1938 годзе — за год да выбуху Другой сусветнай вайны.

На выставе можна пабачыць уратаваныя і вернутыя на радзіму прадметы культавага прызначэння, што выкарыстоўваліся пры набажэнствах — праваслаўныя і каталіцкія складні і напрастольны крыж з эмалевымі выявамі святых. Побач — рукапісныя рэгістрацыйныя кнігі цэркваў і касцёлаў XVIII — ХIХ стагоддзяў — метрыкі і кнігі перадшлюбных экзаменаў, якія каштоўныя яшчэ і тым, што змяшчаюць унікальную генеалагічную інфармацыю і могуць прыдацца ў пошуку продкаў. Аб шматнацыянальным і полікультурным характары нашай спадчыны нагадваюць размешчаныя поруч рукапісы беларускіх татар — кітабы, пісаныя па-беларуску арабскай вяззю. Дапаўняюць калекцыю рознамоўных друкаваных выданняў асобнікі “Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў” за 1841 год — адной з першых беларускіх газет ХIХ стагоддзя, а таксама кнігі на польскай і нямецкай мовах, якія распавядалі пра нашу краіну ў перыяд Першай сусветнай вайны і ў міжваенныя гады. І, вядома ж, значную частку экспазіцыі складаюць паштоўкі з выявамі беларускіх гарадоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя — нездарма Уладзімір Ліхадзедаў здабыў вядомасць перадусім як філакартыст.

Выстава “Вайна і мір. Вяртанне” працягнецца да 22 красавіка, а па яе выніках у рамках выдавецкага праекта “У пошуках страчанага” будзе выдадзены каталог з выявамі экспанатаў. Таксама неўзабаве мяркуецца стварыць шэраг відэаролікаў, якія пакажуць і распавядуць аб гісторыі найбольш адметных артэфактаў, прадстаўленых на выставе — каб з імі маглі азнаёміцца ўсе, хто не здолее наведаць экспазіцыю. Застаецца спадзявацца, што выстава зверне ўвагу грамадства на праблему беларускай гісторыка-культурнай спадчыны, якая знаходзіцца за мяжой, а таксама заахвоціць зацікаўленых калекцыянераў і спецыялістаў аб’яднаць намаганні для пошуку і вяртання такіх артэфактаў на радзіму.