Хакерспейс для ўсіх, або Нямецкія бібліятэкі ў дзеянні

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

У час, калі нехта кажа пра “смерць кнігі”, айчынныя бібліятэкары не спыняюцца ў сваім творчым пошуку, у тым ліку — і дзякуючы замежным творчым стажыроўкам. Сваімі ўражаннямі з нагоды нядаўніх паездак у Германію з “К” падзяліліся супрацоўнікі Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк сталіцы.

/i/content/pi/cult/792/17047/04.JPGMOST у дапамогу

Мінулай восенню супрацоўнікі дзіцячых бібліятэк Мінска вярнуліся з рабочай паездкі па бібліятэках Германіі, наведаўшы Кёльн, Бон, Бергхайм, Дзюсельдорф і Бруль. Стажыроўка адбылася дзякуючы вядомай праграме Еўрапейскага Саюза пад назвай MOST, якая скіраваная на пашырэнне прафесійных кантактаў паміж беларусамі і жыхарамі ЕС. Прычым, гэта была ўжо другая стажыроўка сталічных бібліятэкараў — першая адбылася яшчэ ў 2018 годзе, падчас якой мінчане наведалі “кніжніцы” Штутгарта і Мюнхена.

Па словах загадчыцы аддзелам бібліятэчнага маркетынгу ЦСДБ Мінска Алены Беразоўскай, паездка для бібліятэкараў атрымалася цалкам бясплатнай, што, натуральна, не магло не радаваць.

— Дзякуючы праекту MOST, мы змаглі забыць пра фінансавы складнік стажыроўкі, — кажа суразмоўца. — Так, паводле праекта, нам былі аплачаны ўсе выдаткі на візу, праязныя дакументы, харчаванне і пражыванне.

Цікавасць беларусаў да бібліятэчных устаноў Германіі — невыпадковая: так, паводле дадзеных Нямецкай бібліятэчнай статыстыкі, у краіне функцыянуе каля дзесяці тысяч бібліятэк (разам з філіяламі), а штогод іх наведвае 218 мільёнаў чалавек, што, натуральна, робіць “дамы кніг” найбольш папулярнымі ўстановамі культуры ў Германіі.

/i/content/pi/cult/792/17047/05.JPGЦікава, што акругі і супольнасці Германіі фінансуюць каля чатырох тысяч бібліятэк, сярод іх — публічныя бібліятэкі, бібліятэкі для дзяцей і моладзі, школьныя бібліятэкі, медыя-аўтобусы, музычныя бібліятэкі, бібліятэкі для асобаў з парушэннямі зроку, бібліятэкі ў папраўчых установах і бальніцах. Яшчэ амаль чатыры тысячы бібліятэк фінансуюцца рэлігійнымі ўстановамі — цэрквамі, касцёламі, кірхамі.

Побач з публічнымі і дзіцячымі бібліятэкамі ў Германіі існуе каля 250 навуковых, фінансаванне якіх ажыццяўляюць пераважна федэральныя землі. Дзяржава фінансуе толькі некаторыя з іх, напрыклад, Нямецкую нацыянальную бібліятэку і Бібліятэку Бундэстага. А яшчэ, у адрозненне ад многіх іншых краін Еўропы, у Германіі не існуе нацыянальнага закону, які б забяспечыў фінансаванне бібліятэк і зрабіў абавязковай іх падтрымку з боку дзяржаўных органаў.

— Па гэтай прычыне білет чытача ў многіх бібліятэках Германіі выдаецца на платнай аснове, — кажа Алена Беразоўская. — Праўда, плата гэта не надта вялікая і цалкам па кішэні кожнаму. З іншага боку, за несвоечасовае вяртанне кніг у бібліятэку прадугледжаны дастаткова адчувальныя штрафы. Так што праца з вяртаннем кніг у “кніжніцах” Германіі наладжана досыць няблага. Мо і нам пераняць сёй-той вопыт замежных калег?

Ноу-хау ці традыцыя?

Натуральна, вопыт замежнікаў заўсёды можна адаптаваць да беларускіх рэалій. Дык што ўразіла беларусаў найбольш? Найперш — паўсюдная аўтаматызацыя бібліятэк Германіі. Сёння чытач можа нават не сустракацца з бібліятэкарам ва ўстанове, калі дакладна ведае, якая кніга яму патрэбна. Ды і пра папяровыя фармуляры ў многіх нямецкіх бібліятэках ужо даўно забылі.

— Чытач прыходзіць у бібліятэку, бярэ неабходную яму кнігу і, падставіўшы яе пад сканер, які счытвае штрых-код і запісвае выданне ў электронны чытацкі фармуляр, ідзе дадому, — тлумачыць Алена Беразоўская. — Вярнуць кнігу яшчэ прасцей: каля будынка бібліятэкі стаяць шапікі, дзе можна здаць кнігу, нават не заходзячы ва ўстанову культуры. Такім чынам, кантакт паміж бібліятэкарам і чытачом часам зусім адсутнічае.

Натуральна, падобны падыход хоць і мае права на існаванне, але не заўсёды выклікае станоўчую рэакцыю ў беларускіх бібліятэкараў.

— Што да мяне, дык мне па душы традыцыйная практыка: нашы бібліятэкары і параяць нейкія навінкі, і прынясуць дадатковую літаратуру па неабходнай чытачу тэматыцы, і нават выслухаюць яго жыццёвыя расказы, — кажа Алена Беразоўская. — Карацей кажучы, у Беларусі, на мой погляд, бібліятэкі і бібліятэкары больш чалавечныя, ставяцца да кожнага чытача індывідуальна. А вось у Германіі гэтага няма.

Прычына гэтага — даволі простая: па-першае, нямецкія бібліятэкі, як і беларускія, зазналі даволі значную аптымізацыю. Так, у перыяд з пачатку тысячагоддзя — у параўнанні з 2000 годам — колькасць бібліятэк у Германіі, паводле даных Нямецкай бібліятэчнай статыстыкі, скарацілася на 1800 устаноў. А па-другое, паводле апошняй справаздачы аб становішчы бібліятэк, зробленай Нямецкай бібліятэчнай асацыяцыяй у 2016 годзе, многія бібліятэкі Германіі сёння адчуваюць скарачэнне фінансавання, а амаль кожнай другой бібліятэцы не хапае сродкаў на працаўладкаванне дадатковых супрацоўнікаў.

Таму новыя канцэпцыі развіцця нямецкіх бібліятэк прадугледжваюць, каб сучасныя “кніжніцы” Германіі ўяўлялі з сябе месцы павышанага камфорту, з доступам у інтэрнэт, найноўшым камп’ютарным абсталяваннем (гэта, пераважна, ноўтбукі, прычым каля іх заўсёды ляжаць навушнікі, каб чытачы не перашкаджалі адзін аднаму), мяккай мэбляй, і, натуральна, усімі навінкамі кніжнага рынку — ад каляровых папяровых кніг да электронных выданняў. Напрыклад, яшчэ адно з уражанняў айчынных бібліятэкараў: вялікія бібліятэчныя плошчы, дзе можна займацца індывідуальна ў сваім “закутку”, утульна ўладкаваўшыся на канапах ці пуфіках.

Таксама сёння ў нямецкіх бібліятэках не з’яўляюцца рэдкасцю кавярні-чытальні, дзе можна не толькі папіць чаю, але і з’есці паўнацэнны абед. А яшчэ тут ёсць хакерспейсы (гэта нешта накшталт тых каворкінгаў, якія арганізуюцца пры айчынных бібліятэках, скажам, пры бібліятэцы БНТУ), у якіх чытачы могуць не толькі знаходзіць сабе аднадумцаў па інтарэсах, але і выпрабоўваць новыя тэхналогіі: 3D-прынтары або шлемы віртуальнай рэчаіснасці. Так, па словах Алены Беразоўскай, у Міжнароднай маладзёжнай бібліятэцы, якая месціцца ў старажытным замку XV стагоддзя (!) Блютэнбург у горадзе Мюнхене, маленькія чытачы з дапамогай 3D-прынтара робяць невялікія макеты сапраўдных каменных абарончых пабудоў, якія ёсць у Германіі. А яшчэ там жа знаходзіцца музей дзіцячага пісьменніка Міхаэля Эндэ, які нарадзіўся ў гэтай мясцовасці Баварыі.

Мабільная ў рэале

Яшчэ адно ўражанне ад наведвання бібліятэчных устаноў Германіі — праца мабільных бібліятэк. Па словах Алены Беразоўскай, гэтыя бібліятэкі “на колах” можна пазнаць на дарозе адразу — настолькі яны прыгожыя і маляўнічыя.

— Гэта, часцяком, не проста “бусік”, як у нас, дзе на сядзеннях ці пад імі размяшчаюцца кнігі і часопісы, а сапраўдныя вялікія спецыялізаваныя аўтобусы (ці часам міні-аўтобусы), абсталяваныя ўсім неабходным для работы бібліятэкара, — кажа Алена Беразоўская. — Так, акрамя кніг, у тым ліку электроннага фармату, тут можна пакарыстацца камп’ютарам з інтэрнэтам, раздрукаваць неабходны матэрыял на прынтары, замовіць тую ці іншую кнігу ў электронным каталогу.

Дадам, што, па словах дырэктара Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілоны Сарокінай, якая таксама бывала ў нямецкіх “кніжніцах”, аўтабібліятэкі Германіі бываюць у населеных пунктах не раз на месяц, як у нас, а раз на два тыдні! Мабільныя ўстановы культуры выпускаюцца на заводах ужо прыстасаванымі для выкарыстання ў бібліятэчнай галіне, а ў саміх паселішчах для бібліятэк “на колах” існуюць спецыяльныя стаянкі, на якіх абазначаны час іх прыбыцця і працы. І самае цікавае, што жыхары актыўна прыходзяць туды, каб здаць ці ўзяць у карыстанне ўпадабаныя выданні.

Так што, як бачна, наш, беларускі, шлях да ўкаранення бібліёбусаў на сяле, — гэта тая практыка, якая цалкам сябе апраўдвае ды мае вялікія перспектывы ў будучыні, што пацвярджаецца і вопытам бібліятэкараў Германіі. Праўда, варта толькі спачатку паклапаціцца пра распрацоўку і выпуск спецыялізаваных аўтамабіляў, прыстасаваных пад патрэбы бібліятэкараў (“К” пра гэта ўжо неаднойчы пісала), а не выкарыстоўваць для бібліятэчных выездаў звычайныя машыны, што ёсць у наяўнасці ў тым ці іншым аддзеле культуры Беларусі.

У якасці заключэння

Натуральна, распавядаць пра крэатыў нямецкіх бібліятэкараў можна было б яшчэ доўга. Скажам, пра тое, што яны прапануюць мноства імпрэзаў для самых розных мэтавых груп, пра тое, як зацікаўліваюць чытаннем маленькіх чытачоў, як прапагандуюць сямейнае чытанне і гэтак далей, спрабуючы ў нялёгкай барацьбе супраць Google ды Youtube прывіць любоў да кнігі — ці то папяровай, ці то электроннай. Як, натуральна, і іх беларускія калегі.

Дарэчы, вынікам супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі Беларусі і Германіі стаўся нядаўні візіт у адказ нямецкіх бібліятэкараў у дзіцячыя бібліятэкі Мінска. Госці не толькі пазнаёміліся з некаторымі сталічнымі дзіцячымі бібліятэкамі, але і ўзялі на ўзбраенне сёй-той вопыт беларускіх калег. Так што, як кажа Алена Беразоўская, супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі — узаемакарыснае і ўзбагачае кожнага. Таму, натуральна, чакаецца далейшы працяг і замацаванне наладжаных кантактаў.

Балазе, гэтым сувязям вельмі спрыяе і даўняе супрацоўніцтва Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска ды Інстытута імя Гётэ. Так, дзякуючы сяброўскім сувязям з Інстытутам Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага камплектуецца сёння вучэбнай і мастацкай літаратурай на нямецкай мове, аўдыё- і відэа- матэрыяламі, настольнымі гульнямі. Таксама ўстанове культуры былі перададзеныя лазерны прынтар, стэлажы для кніг, шафы для відэа- і аўдыёматэрыялаў, тут ладзяцца сумесныя мерапрыемствы і імпрэзы, моўныя стажыроўкі, сумесныя выставы і шмат чаго яшчэ. І, мабыць, гэта таксама толькі пачатак сумеснай працы ў галіне культурнага супрацоўніцтва, пра якую “К” абавязкова раскажа на сваіх старонках.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"