Партрэт алхіміка ў старажытным Траецкім

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Сталічная аптэка № 88, якая належыць да РУП “Белфармацыя”, знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада — на Старажоўскай вуліцы ў Траецкім прадмесці. На першы погляд, дзякуючы такому размяшчэнню, яна добра вядомая многім мінчукам і нават гасцям горада. Але не многія ведаюць, што тут ужо дзесяць гадоў дзейнічае своеасаблівы музей — кабінет гісторыі фармацыі. Прыцягвае ўвагу і аптэчны інтэр’ер — нават не самы дасведчаны наведнік можа заўважыць, што аздоблены ён нешараговым чынам. Усё — ад гатычнага шрыфту шыльды над уваходам у аптэку да тамбура, вазаў з кветкамі і мэблі ў гандлёвай зале — нагадвае аб старадаўніх традыцыях аптэкарскай справы і аднаўляе атмасферу ранейшых стагоддзяў.

/i/content/pi/cult/791/17043/016.JPGРыба, кракадзіл, кажан...

Аптэка гэтая адчыненая яшчэ ў 1987 годзе, акурат падчас рэканструкцыі і аднаўлення будынкаў Траецкага прадмесця. Гэты квартал адразу ж разглядаўся як патэнцыйны турыстычны цэнтр і частка гістарычнага ядра горада, таму і тутэйшую аптэку вырашылі аздобіць належным чынам, каб яе інтэр’ер гарманічна спалучаўся са знешнім выглядам дамкоў, адноўленых у духу ранейшых стагоддзяў. Аздобіць інтэр’ер было даручана мастакам Аляксандры і Ільі Дзятлавым — брату і сястры.

Ілья Дзятлаў выканаў металічную шыльду, што размешчана над уваходам, з выявай змяі і чашы — гістарычным сімвалам аптэкарскай справы, якія вядомы з ХІХ стагоддзя. А Аляксандра Дзятлава стварыла эскізы кафлі, што ўпрыгожыла ўваходны тамбур аптэкі, а таксама сцены гандлёвай залы, аздобленай у стылі XVII стагоддзя. Трапляючы сюды, наведнік з парога апынаецца ў атачэнні выяўленых на белай кафлі алхімічных знакаў і фармацэўтычнай сімволікі. Галоўнае месца займаюць выявы кракадзіла, рыбы і кажана — гэтыя стварэнні лічыліся ў даўнія часы сімваламі доўгажыхарства, а таксама выкарыстоўваліся пры вырабе лекаў.

Аляксандра Дзятлава стварыла таксама ўзоры керамічнага посуду, якія ўпрыгожваюць гандлёвую залу, нагадваючы сваімі формамі інструменты старадаўніх аптэкараў. А шкляныя вырабы паводле ўзораў сасудаў і інструментаў алхімікаў, былі зробленыя на Бярозаўскім шклозаводзе “Нёман” паводле эскізаў Вольгі Сазыкінай. Усе гэтыя працы выкананыя ў 1987 — 1990 гадах.

Калі старадаўнія аптэкі былі, фактычна, алхімічнымі лабараторыямі, то ў наш час мінская аптэка № 88 вядомая тым, што асаблівае месца ў яе асартыменце складаюць зборы з лекавых раслін, пераважна айчыннай вытворчасці. Некалі такія зборы выраблялі і фасавалі тут жа, на другім паверсе будынка — але з часам патрэба ў тым адпала, бо з’явілася шмат іншых прадпрыемстваў, якія займаюцца вырабам такой прадукцыі. Тым не менш, старажылы Мінска аптэку на Старажоўскай вуліцы дагэтуль завуць не іначай, як травяной.

Кабінет, роўны музею

Калі ў 2000-х у аптэцы спыніўся выраб травяных збораў, на другім паверсе будынка вызваліліся памяшканні плошчай каля ста квадратных метраў. У 2010 годзе тут і быў адкрыты кабінет гісторыі фармацыі — статусу музея ён фармальна не мае, хаця фактычна цалкам можа паспрачацца за гэтае званне. Паколькі аптэка дзейная, і “музейныя” памяшканні суседнічаюць з вытворчымі, арганізаваць пастаянны допуск для наведнікаў сюды немагчыма, але часам ладзяцца экскурсіі па дамоўленасці — пераважна для супрацоўнікаў сферы аховы здароўя, студэнтаў медыцынскіх ВНУ і навучэнцаў каледжаў.

Загадвае кабінетам гісторыі, стварае і напаўняе яго вядучы спецыяліст арганізацыйна-фармацэўтычнага аддзела РУП “Белфармацыя” Валянціна Сасонкіна. Яна распавядае, што, у адрозненне ад старасвецкага выгляду гандлёвай залы, экспазіцыю кабінета гісторыі было вырашана ствараць арыентуючыся на інтэр’ер аптэк ХХ стагоддзя. Дзякуючы выбару такой канцэпцыі аздаблення, удзел у стварэнні экспазіцыі здолелі прыняць шматлікія ветэраны аптэкарскай справы, якія пачалі перадаваць сюды свае дакументы, кнігі, асабістыя рэчы. Тут можна пабачыць шэраг ганаровых грамат, якімі адзначалі найлепшых супрацоўнікаў у савецкія часы, а таксама своеасаблівую інтэрактыўную дошку гонару, дзе на планшэце змяняюць адна адну выявы выдатнікаў працы і іх біяграфіі — гэтыя звесткі былі знойдзеныя Валянцінай Сасонкінай у архіве прадпрыемства.

Перш наведнік трапляе ў залу, якая паказвае выгляд кабінета загадчыка аптэкі. Тут размешчаная экспазіцыя, прысвечаная ўстановам адукацыі, якія навучалі першых фармацэўтаў у Савецкай Беларусі. Пачатак гэтаму быў пакладзены яшчэ ў міжваенныя часы, у 1926 годзе, калі такіх спецыялістаў пачала рыхтаваць Магілёўскае медыцынскае вучылішча — і першы выпуск адбыўся ўжо праз тры гады.

Наступная зала — гандлёвая, такая, якой яна была ў беларускіх аптэках пасляваенных гадоў. Усю мэблю для экспазіцыі ўдалося ўратаваць з мінскіх аптэк, якія размяшчаліся ў будынках, што пайшлі пад знос. Масіўныя драўляныя сталы і шафы з 1960-х гадоў, вядома, не маглі ўжо выконваць сваіх функцый у гандлёвых залах, бо не адпавядалі сучасным патрабаванням да захоўвання прадукцыі. Тут можна пабачыць калекцыю арыгінальных старых шкляных ёмістасцяў, у якіх рыхтаваліся і адпускаліся лекі. А ў шафе, побач са шкляным посудам і іншымі фармацэўтычнымі інструментамі — збор старых кніг па фармакалогіі. Найстарэйшая з іх — “Фармакапея” 1866 года.

Але ў кабінеце гісторыі можна пабачыць не толькі спецыялізаваныя выданні — ёсць тут куток, прысвечаны і мастацкім літаратурным творам, дзе згадваецца аптэкарская справа. Наведнікаў вітае са сцяны патрэт аптэкара Ёзафа — персанажа кнігі Людмілы Рублеўскай “Жаніх панны Данусі”, дзеянне якой адбываецца ў старым Мінску. Прыдуманы вобраз старога аптэкара надзвычай пасуе да старых інтэр’ераў будынка аптэкі, а жывапіснымі сродкамі яго ўзнавіла мастачка Лідзія Лазоўская.

Далей трапляем у залу для прыгатавання лекаў — тут можна пабачыць рабочыя месцы фармацэўта і фасоўшчыка. На сталах — старыя адмысловыя прылады для вырабу свячэй, лыжкі-дазатары, вагі, ступкі і таўкачыкі, прыстасаванні для абціскання коркаў да бутэлек і надання ім пэўнага дыяметру. На вокнах залы — здымкі, якія даюць уяўленне аб выглядзе будынкаў беларускіх аптэк да рэвалюцыі і ў міжваенны перыяд, а таксама фота з інтэр’ераў савецкіх аптэк у пасляваенныя гады. Побач — куток хіміка-аналітыка, які спраўджваў якасць лекаў, а насупраць — куток алхіміка. Тут таксама можна пабачыць выдатныя працы са шкла, выкананыя Вольгай Сазыкінай паводле ўзораў старадаўніх алхімічных прылад.

Не забываць пра лёсы папярэднікаў

У канферэнц-зале — вялізная, на ўсю сцяну, ад падлогі да столі, карта Беларусі з гадамі адкрыцця першых аптэк у кожным населеным пункце, дзе такая дата вядомая. Тут збіраецца на свае паседжанні клуб гісторыі фармацыі, які дзейнічае пры кабінеце-музеі. Яго наведнікі ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях з дакладамі па гісторыі аптэкарскай справы. Клуб супрацоўнічае з музеямі, перадае ім цікавыя старыя прадметы з ужытку фармацэўтаў мінулых часоў, удзельнічае ў стварэнні часовых экспазіцый, прысвечаных гісторыі фармацыі. Вялікая ўвага надаецца даследаванню біяграфій фармацэўтаў, — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія змагаліся на яе франтах, альбо ў складзе партызанскіх атрадаў ці ў падполлі.

Валянціна Сасонкіна, якая праводзіць экскурсію па кабінеце гісторыі фармацыі, з’яўляецца таксама аўтарам многіх артыкулаў і дзвюх грунтоўных кніг, прысвечаных гісторыі беларускай фармацыі ад часоў Рэчы Паспалітай да савецкага перыяду. Яна з гонарам адзначае, што пасля Мінска падобныя кабінеты гісторыі паступова з’явіліся ў многіх беларускіх гарадах — у Баранавічах у 2012 годзе, у Брэсце ў 2014, у Гродна ў 2017, а зусім нядаўна — і ў Паставах. Прытым адметна, што ўсе гэтыя кабінеты размешчаныя ў дзеючых аптэках, а да таго ж яшчэ — і ў гістарычных будынках, што маюць статус помнікаў.

Сёлета сталічны кабінет гісторыі фармацыі будзе адзначаць дзесяцігоддзе стварэння. У планах — запрасіць ветэранаў, многія з якіх самі ўдзельнічалі ў напаўненні экспазіцыі. Таксама ў юбілейны год Перамогі мяркуецца зладзіць круглы стол, прысвечаны дзецям вайны. Агулам за год кабінет гісторыі наведвае каля 500 чалавек — застаецца спадзявацца, што і сёлета гэты паказчык будзе не менш унушальным. У залах, дзе ажывае гісторыя аптэкарскай справы, адчуваеш сябе больш упэўненым у заўтрашнім дні — усведамляючы, што нашы продкі таксама заўжды шукалі парады і дапамогі ў дасведчаных майстроў-фармацэўтаў. Бывайце ж здаровы, і не забывайце ўрокаў мінуўшчыны!