Шчыры, адухоўлены, рамантычны…

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

На мінулым тыдні ў Нацыянальным мастацкім музеі апошнія дні працавала персанальная выстава жывапісца Віктара Маркаўца.

/i/content/pi/cult/790/17019/013.JPGКарціны, якімі ён ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва, напісаў у 1970—1980-х гадах. З сённяшняга гледзішча гэты час у нашым мастацтве ўспрымаецца як пераломны. Менавіта тады з агульнасавецкага культурніцкага кантэнту вылучыўся ўласна беларускі чыннік. У тыя гады ў словазлучэнні “Савецкая Беларусь” сэнсавы, патрыятычны націск пачалі рабіць на другім слове. Сярод мастакоў запанавала цікавасць да гістарычных каранёў беларусаў, да этнаграфіі і даўняй гісторыі. Не мінула гэтая хваля і спадара Віктара. Больш за тое, ягоная творчасць стала праўдзівым адлюстраваннем змен, што адбыліся ў свядомасці грамады. Сёння для нас ягоныя карціны — гістарычны дакумент.

/i/content/pi/cult/790/17019/014.JPGУ 1976 годзе Віктар Маркавец піша адну з лепшых сваіх работ “Свята ў Докшыцах”. Гэта ягоны аўтапартрэт з сёстрамі Валянцінай і Галінай на фэсце ў родным гарадку. Дарэчы, абедзве дзяўчыны, таксама як Віктар, сцвердзілі сябе ў мастацтве. Твор вельмі шчыры, светлы, рамантычны. Пры гэтым канцэптуальна вывераны, праграмна акрэслены. На карціне занатавана ўсё, што Віктару дорага — сям’я, рэаліі малой радзімы, знакі нацыянальнай тоеснасці. Сёння гэтая карціна Віктара Маркаўца падаецца ў чымсьці наіўнай, а адлюстраваныя ў ёй рэаліі — ідэалізаванымі. Але той, хто памятае названы час, скажа, што настрой перададзены дакладна. У тыя гады людзі выпраўляліся на Купалле ці Гуканне вясны не толькі дзеля таго, каб вырвацца з бетонна-асфальтавых абцугоў на свежае паветра, але найперш, каб трапіць у беларускамоўную прастору, у атмасферу беларускасці — элітарнай і дэмакратычнай адначасова.

Маркаўцу, як чалавеку і творцу быў абсалютна неўласцівы пафас. Адлюстроўваць на палотнах лёсавызначальныя падзеі нацыянальнай гісторыі кшталту Грунвальда ці Оршы ён пакідаў іншым. Сам жа засяроджваўся на вобразах шчыльнага кола людзей, з якімі звёў лёс, да якіх меў сімпатыю ці адчуваў духоўную еднасць. Нават партрэты гістарычных асоб пісаў так, нібыта яны ягоныя сучаснікі і сваякі. Роля таго ці іншага дзеяча ў гісторыі была для мастака другаснай, галоўнае — асабістае стаўленне да асобы.

Усё жыццё ён заставаўся мастаком камерных сюжэтаў, у якіх задзейнічаны не болей як два — тры персанажы. Але кожны створаны ім вобраз запамінальны, бо глыбока асэнсаваны і пераканаўча выбудаваны. У творчым сэнсе ён сілкаваўся народнай традыцыяй і здабыткамі рэгіянальнай культуры. У прыватнасці, спрабаваў адрадзіць як з’яву маляваныя дываны, дэманструючы такім чынам захапленне мастацтвам Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Уласнай творчасцю ён даводзіў, што асэнсаванне эмацыйна-духоўнага досведу сваёй малой радзімы — гэта найпрасцейшы і, бадай, найбольш плённы шлях спасціжэння нацыянальнай ідэі. У пэўным сэнсе ён усё жыццё заставаўся “местачкоўцам”, які даволі абыякава ставіўся да шанаванай у сталіцы зменлівай моды. Усё жыццё ён удасканальваўся ў аднойчы вызначаным напрамку. Можа, гэта і падавалася кансерватызмам, але насамрэч было грунтоўнасцю.

З асабістых гутарак з Віктарам памятаю, што ён не лічыў творчыя прафесіі элітарнымі — маўляў, звычайная праца, хіба што са сваімі асаблівасцямі. Казаў, што калі грамада не прымае творчасць таго ці іншага мастака, і праз гэта ён не можа зарабіць на хлеб, дык гэта ягоная асабістая праблема і больш нічыя. Значыць, не прафесіянал, а калі так — дык шукай іншую справу, іншы заробак. Ён сам быў псіхалагічна гатовы да таго, каб адкласці ў бок пэндзаль і фарбы, калі адчуе, што ягоная творчасць і ўсё, што яму, як творцу, дорага, іншым людзям непатрэбна.

Пры гэтым мастак не абмінаў увагаю эстэтычныя навацыі і актуаліі. У прыватнасці, у 90-я ён разам з паэтам Алесем Разанавым ладзіў літаратурна-мастацкі праект авангардысцкага кшталту, працаваў з абстрактнай формай. Праект той меў шырокі розгалас. А пасля таго, як ягоны фрагмент у крыху змененым выглядзе быў скарыстаны без згоды аўтараў у якасці гандлёвага знака, розгалас быў ужо скандальным. Гэты эпізод сведчыць, што спадар Віктар меў талент, рэалізаваць які мог бы ў розных іпастасях. Але эпізод так і застаўся эпізодам, абстрактная тэма не мела працягу ў ягонай творчасці. Маркавец — мастак адухоўленай рэчаіснасці.

Апошнія гады жыцця спадар Віктар распісваў цэрквы. Гэта нармальны вынік творчага шляху. Мастак часцей за іншых думае аб вечным і адвечным, а значыць — пра Бога, а тут надарылася рэальная магчымасць увасобіць свае роздумы ў фарбах. Хай нават у даволі жорсткіх межах канона. Ці пойдзе чалавек у музей ці карцінную галерэю — гэта яшчэ пытанне, а да Бога да царквы будзе звяртацца заўжды. Такім чынам творчасць Маркаўца вечна будзе мець удзячную аўдыторыю. Мастак пакінуў гэты свет, калі яму было шэсцьдзясят шэсць гадоў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"