Экспазіцыя складаецца з твораў, што захоўваюцца ў фондах нашай нацыянальнай скарбніцы. Усяго ў калекцыі музея каля 300 ікон, якія адносяцца да перыяду канца XVII — пачатку XX стагоддзя. Прычым большасць з іх перададзены Нацыянальнаму мастацкаму мытнай службай нашай краіны. Некаторыя творы сабраны музейшчыкамі ў часе экспедыцый 80-х гадоў, а некаторыя паступілі ў музей ад дзяржаўных устаноў і прыватных асоб. У калекцыі дамінуюць іконы, якія з’яўляюцца прадметамі асабістай набажнасці: інакш кажучы, гэтыя абавязковыя атрыбуты жытла верніка.
Усяго экспанатаў каля 60. На іх — выявы Хрыста, Маці Божай, абраных святых. У стылістыцы іканапісу музейнай калекцыі адбіліся традыцыі рускай правінцыі, у межах якой ёсць выяўленчая ўмоўнасць і прыёмы рэалістычнага жывапісу, архаіка і адаптаванае да праваслаўнага канона еўрапейскае барока.