Справа ў тым, што ў Арэхаўску, знакамітым сваёй БелДРЭС, знаходзіцца Аршанскі раённы Дом культуры, які месціцца на вуліцы, што так і называецца “БелДРЭС”. Удзельнікам мерапрыемства спадабалася не толькі экскурсія па наваколлях, багатых адметнымі гістарычнымі, мемарыяльнымі і архітэктурнымі экзотамі. Апрача гэтага, як распавядае кіраўнік РДК Іна Касачова, дэманстраваліся элементы абрадавых дзей, работа клуба аматараў беларускай кухні “Бульбяначка” і харэаграфічнага калектыву “Натхненне” дзіцячай музычнай школы № 3. Потым удзельнікі семінара пазнаёміліся з набыткамі студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гуртка па вырабе лялек-абярэгаў і лялечнага тэатра “Батлейка”.
Шмат цікавага пастаянна адбываецца і ва ўстановах Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны. Па словах намесніка дырэктара гэтай шматструктурнай установы Наталлі Антаневіч, у Оршы чарговы раз быў рэалізаваны міжнародны выставачны праект “Калегіум” (менавіта ў былым калегіуме дзейнічае гарадская мастацкая галерэя народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі). Гэтая ідэя развіваецца больш за дзясятак гадоў. Доказ таму — праект у праекце “Калегіум NEW”, які таксама абяцае стаць традыцыйным. Гэтым разам у галерэі прэзентаваліся работы маладых мастакоў Расіі і Беларусі: жывапіс, графіка, скульптура, узоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.