Узор тагачаснай жанчыны

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Правы, а значыць і розныя магчымасці жанчыны ў XVI — XVIII стагоддзях, шмат у чым былі абмежаваныя. Яе лёс залежыў ад паходжання, сямейнага і матэрыяльнага становішчаў ці іншых індывідуальных асаблівасцяў.

Амаль усё сваё жыццё жанчына знаходзілася пад апекаваннем мужчыны — бацькі, брата ці апекуна, а пасля і мужа. Ідэальны яе ўзор — жонка, маці, гаспадыня. Мужчынам пры выбары жонкі не рэкамендавалася кіравацца прыгажосцю жанчыны, важна было тое, каб яна была цнатлівай, сціплай, паслухмянай і працавітай. Лічылася, што гэта былі менавіта тыя якасці, якія дапамагалі ёй выконваць абавязкі жонкі. Да таго ж пры выбары партнёру не звярталі ўвагу ні на пачуцці, ні на ўзрост. Да прыкладу, Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка ажаніўся толькі ў 35-гадовым узросце на 15-гадовай Альжбеце Яўхіміі Радзівіл з роду Вішнявецкіх. Але, трэба адзначыць, што шлюб іх быў шчаслівы. Альжбета падаравала мужу дзевяць дзяцей. Мець шмат дзяцей у сям’і было тады звычайнай справай. Ганна-Кацярына Радзівіл з роду Сангушкаў увогуле нарадзіла Каралю Станіславу Радзівілу 16 дзяцей за 27 гадоў сумеснага жыцця. Прычым, пераўзыходзячы свайго мужа па моцы характару і розуму, Ганна-Кацярына аднак ніколі за ўсе яго жыццё не асмелілася быць кімсьці большым для яго, чым проста жонкай. Паслухмяная мужу, яна ўмела своечасова даць правільную параду і выказаць уласную прапанову.

Свой вольны час часцей за ўсё жанчыны прысвячалі малітве, дабрачыннасці і, канешне, клопату аб дзецях, прычым, не толькі сваіх. Роля маці з’яўлялася найважнейшай роляй у жыцці жанчыны. Менавіта маці фарміравала веды і характар дзяцей. Была для іх выхавацелькай і настаўнікам. Толькі прадстаўнікі магнацкіх родаў маглі дазволіць сабе ўтрымліваць настаўніка ці аддаць дзяцей у навучальную ўстанову. Вядома, што Ганна Луіза Радзівіл з роду Мыцельскіх — другая жонка Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі прыкладала ўсе намаганні, каб яе дзеці атрымалі добрую адукацыю. Так, дзякуючы яе старанням і пры падтрымцы мужа яе трох сыноў ад першага шлюбу з Лявонам Міхалам Радзівілам  — Мікалая, Міхала і Мацея прынялі ў езуіцкі калегіум у Вільні ў 1758 годзе. А для іх навучання нават наўмысна выклікалі педагогаў з Варшавы.

Так ці інакш, але шлюб для жанчын быў сродкам вызвалення ад апекі бацькоў ці сваякоў і дазваляў у некаторых выпадках палепшыць сваё становішча ў грамадстве. Але гэта ў першую чаргу залежыла ад характару і вынаходлівасці мужа.

Вераніка Красоўская малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”