Кветкавы рай

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

У нас у Ветцы намаганнямі старавераў былі пасаджаны ў свой час унікальныя сады з райскімі яблычкамі. Усе яны сталі ўніверсальным правобразам агульнага райскага саду, раслінныя арнаменты якога старанна выразаліся на залатых акладах абразоў, на драўляных аконных ліштвах і ніколі не паўтараліся па прычыне непаўторнасці веткаўскіх разьбяроў. У кожнага творцы — свой узровень, вышэй якога — аніяк. Падаецца, веткаўскія летапісцы, іканапісцы, разьбяры і гравёры ўвогуле яго не мелі, бо ў добрым садзе ніколі не расце пустазелле. Адно толькі — плады, ягады ды кветкі. Доўга думаў, чаму выстава работ Святланы Валасюк называецца “Узроўні”.

/i/content/pi/cult/789/17000/017.JPGДапамагла малодшы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Арына Сысаляціна. Менавіта тут і працуе персанальная выстава кобрынскай мастачкі. Вось што піша аўтарка ліста: “Святлана Міхайлаўна нарадзілася ў Жабінцы. Яе бабуля таксама была мастачкай. У 2004 годзе Валасюк скончыла Кобрынскі прафесійна-тэхнічны каледж выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў, затым — мастацкі факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Святлану натхняе жыццё ва ўсіх яго праявах, яна настойліва шукае вобразы і іх сутнасць у людзях, прыродзе, кнігах, музыцы, ва ўсім, што атачае чалавека…” Цудоўна сказана! Гэты пошук па ўсіх узроўнях існавання і ўяўлення дазваляе мастачцы ўзнімацца ўверх, як па прыступках. “Яе творчае крэда, — дадае Арына, — “Я шукаю, я імкнуся…”, і, трэба заўважыць, Святлана заўсёды і ва ўсім знаходзіць нешта адмысловае і станоўчае”. З 2009 года мастачка бярэ ўдзел у прэстыжных выставах, вандруе, стараецца ўсё асэнсаваць. З усяго гэтага і нараджаецца мастацтва. Яна жыве ў Кобрыне, працуе мастаком-дызайнерам, цікавіцца літаратурай, спрабуе сябе ў батыку, займаецца камп’ютарнай графікай, эксперыментуе ў алейным пастозным жывапісе, спалучае экспрэсіянізм з авангардам. У Пружанскім палацыку экспануецца 28 работ Валасюк. Сюжэты — этнічна-гістарычныя, фантазійныя, фальклорныя. У пісьме адзначана: “Асабліва радуе вока кветкавы рай Святланы Валасюк”.

Райскі сад, райскія кветкі… У рай трапляюць не толькі добрыя людзі, але і коні. Прынамсі, у гэтым быў перакананы мой родны дзядзька Ілля, у гаспадарцы ягога быў конь Васька. І якая бяда, калі ён (не дзядзька, а конь) рэагаваў толькі на нелітаратурныя выразы. Гэта трагедыя не Ваські, а Іллі. Так што конік, які прайшоў па ўсіх сваіх прыступках: напоўніцу адараў і адскародзіў — у конскім раі. Але пра яго — іншым разам.

Калі чалавек страціць магчымасць здзіўляцца, ён згубіць бляск у вачах і не здолее ўзнімацца па прыступках удасканалення. Гэта цудоўна разумеюць у Магілёўскай бібліятэцы-філіяле № 4 імя Міхаіла Лермантава. І не толькі разумеюць, але і канкрэтныя справы робяць. “Мы правялі дзень адкрытых дзвярэй, — распавядае загадчык установы Вікторыя Падчапіла. — Народу, натуральна, было болей, чым звычайна”. Я патэлефанаваў у бібліятэку і даведаўся, ці павялічылася пасля рэкламнай акцыі колькасць чытачоў. Мне паведамілі, што ўсё так і было. У той дзень з’явілася 44 новых чытача, для ўсіх наведвальнікаў было выдадзена 469 кніг і часопісаў, што ў два з паловай разы болей, чым у шараговы дзень. А цяпер давайце ўдакладнім, чым вабіла акцыя. Нечаканасці пачаліся ў фае. Тут чытачоў сустрэў кніжны дождж (са столі да падлогі звісалі знітаваныя супервокладкі. Ахвотныя маглі сфатаграфавацца з улюбёным выданнем. Для дзяцей падрыхтавалі казачную тэатралізацыю і экскурсію па бібліятэчных залах. Даспадобы прыйшоўся і інтэрнэт-урок “Бібліятэка — навігатар у моры інфармацыі”. Квэст называўся арыгінальна — “Мы тое, што мы чытаем”. Апрача выстаў была яшчэ і вулічная акцыя “Калі вы не чыталі, мы ідзём да вас!” Вось такія ўзроўні-прыступкі.

Майстру з Бабруйска Аляксандру Шэндзераву дапамог узняцца… Казімір Малевіч. Загадчык аддзела мастацкай творчасці Бабруйскага палаца мастацтваў Наталля Кулікова, якая згадваецца ці не ў кожным аглядзе нашага ліставання, распавядае: “Аляксандр Данілавіч заняўся шматковай творчасцю ў 1996 годзе. Усё атрымалася выпадкова. Механік па настройцы і рамонце швейных машын дзеля эксперыменту настрочваў адзін шматок тканіны на другі. На вочы яму трапіліся супрэматычныя творы Казіміра Малевіча. Шэндзераў зразумеў, што робіць нешта вельмі падобнае. У выніку з’явіліся шматковыя пано “Эвалюцыя чорнага квадрата”, “Экспрэсія”, “Канцэнтрацыя”… У 2014 годзе гэтыя работы дэманстраваліся ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Пазней былі створаны “Прысвячэнне Казіміру Малевічу”, “Менора і дзесяць запаветаў..” Вельмі цікава і тое, што майстар зрабіў унікальную прыстаўку да швейнай машынкі, каб атрымліваліся ідэальныя акружнасці. Дадам і тое, што гэты ўздым па творчых прыступках ніякім чынам не быў выпадковым. Шлях творцы вызначае Бог. І ўсё тут заканамерна. Зерне, кінутае рукой Усявышняга ў глебу, рана ці позна прарастае.

Рух наперад немагчымы без іспытаў. У мастацтве гэта фестывалі ды конкурсы. Пра адзін з іх прыйшоў анонс з Мінскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”. Тут прайшоў другі адкрыты конкурс беларускага народнага спеўнага і музычна-інструментальнага выканальніцтва “Згукі мінуўшчыны”. Адны з заснавальнікаў — кафедра этналогіі і фальклору БДУКіМ, Беларускі фонд культуры. Конкурс адбыўся 11 сакавіка ў адпаведнасці з праграмай “Традыцыйная культура і моладзь”. Удзельнікі — спеўныя ансамблі, музычныя інструментальныя капэлы, салісты-інструменталісты. У межах конкурсу — першы турнір салістаў-мультывыканаўцаў твораў беларускай народнай спадчыны.

А вось — фестываль. У Ершычах Смаленскай вобласці ладзілі пяты міжнародны фэст духоўнай песні і паэзіі “Дарогай дабрыні”. Суседнюю Магілёўшчыну прадстаўлялі, як паведамляе ўдзельнік мерапрыемства, ветэран працы і краязнаўца Іван Лапо, клімаўчане і хацімчане. “Перад пачаткам мерапрыемства, — распавядае аўтар ліста, — сябры Клуба традыцыйных славянскіх каштоўнасцяў, што дзейнічае пры Клімавіцкай раённай бібліятэцы імя паэта-земляка Івана Пехцерава, наведалі храм у гонар Сымона Богапрыімцы. Фестываль ладзіўся ў мясцовым цэнтры культуры. Гэта было сапраўднае свята песень і вершаў”.

Яшчэ адзін конкурс — XV рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, што прайшоў 4 сакавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Бабруйск прадставіла студыя габеленнай вышыўкі “Надзея” пад кіраўніцтвам Алы Кірылавай. Студыя, якая працуе пры Бабруйскім палацы мастацтваў, узнагароджана на фэсце дыпломам першай ступені. Інфармацыю даслала, натуральна, Наталля Кулікова. А вось што кажа пра гэты фестываль вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Крысціна Башарымава: “На сцэну выйшлі каля 190 пераможцаў двух адборачных этапаў. У рамках канцэрта было прэзентавана 18 нумароў у розных жанравых катэгорыях.”

У працяг фестывальнай тэмы — расповед пра IV міжнародны конкурс маладых выканаўцаў на духавых інструментах Naujene Wind 2020 у Даўгаўпілсе. Для вучняў і настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў з Парэчча Гродзенскага раёна гэтая творчая прыступка — даўно звыклая, бо яны пастаянна ўдзельнічаюць у згаданым форуме. Вось і на гэты раз удзел быў вельмі выніковым: трубач Уладзімір Мінін з Парэчча атрымаў Гран-пры. Варта дадаць, што летась восем вучняў Парэцкай ДШМ атрымалі заахвочванні спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На сёння ва ўстанове 21 чалавек адзначаны стыпендыямі, заахвочвальнымі прэміямі і матэрыяльнай дапамогай фонду.

Здольнасць здзіўляцца абавязкова прадугледжвае наяўнасць таленту здзіўляць. Вось таму пераканаўчы прыклад. Метадыст Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Алена Аліфяровіч распавядае, што яе бабуля цягам доўгага часу збірала паштоўкі. 67 з іх, прысвечаных святу 8 сакавіка, дэманструюцца на выставе памянёнай бібліятэкі. Самы стары экспанат датуецца 1961 годам. Ёсць паштоўкі, дасланыя з Літвы, Украіны. Выстава, як піша аўтарка ліста, выклікала пэўны ажыятаж сярод чытачоў старэйшага пакалення. Кожны хацеў знайсці паштоўку і запэўніць: “У мяне была такая ж!” “Менавіта для мяне гэтая выстава, — прызнаецца Алена, — ушанаванне памяці пра дарагога мне чалавека. Вядома ж, што памяць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, застаецца назаўжды”.

Я ўсё здзіўляўся, чаму няма такога фэсту. І ўрэшце ён з’явіўся! 28 лютага ў Быхаве работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці ладзілі ўжо другі па ліку раённы фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Саламяны павук”. І тут усё невыпадкова. Традыцыя іх саламяных абярэгаў у раёне занесена у Дзяржспіс аб’ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Тут сабрана самая вялікая ў Магілёўскай вобласці калекцыя павукоў.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"