Аркестр тваёй краіны

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Некалькі дзён таму Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча на чале са сваім бяззменным мастацкім кіраўніком Міхаілам Казінцом ажыццявіў найцікавы ваяж у далёкі снежны Навасібірск, дзе адбыўся IV Міжнародны фестываль аркестраў народных інструментаў “Струны Сібіры”.

/i/content/pi/cult/789/16999/015.JPGБеларускі калектыў упершыню прымаў удзел у гэтым грандыёзным форуме з кідкім слоганам “Пашыраючы межы”. І сапраўды, сёлетні фестываль, які папярэдне меў рэгіянальныя рамкі, значна пашырыў сваю геаграфію і стаў міжнародным. У Навасібірск з’ехаліся шэсць калектываў з разнастайнымі нацыянальнымі колерамі і традыцыямі. Апроч майстравітых і імянітых аркестраў рускіх народных інструментаў з Навасібірска, Барнаула і Краснаярска сваё майстэрства дэманстравалі Акадэмічны аркестр казахскіх народных інструменаў імя Тацімбета з Караганды і Тувінскі нацыянальны аркестр, які рэгіянальна адносіцца да Сібірскай федэральнай акругі і прадстаўляе мастацтва старадаўняга паўночнага народа Тувы.

/i/content/pi/cult/789/16999/016.JPGАркестр імя І. Жыновіча з Беларусі на фестывалі быў, бадай, самым чаканым госцем. Яго прыезд утойваў асаблівую інтрыгу, бо беларускія цымбалы па сваіх канструктыўных асаблівасцях вельмі адрозніваюцца ад рускіх домр і балалаек, казахскіх кабызаў ці тувінскай чанзы. Шматструнныя беларускія цымбалы сёння — гэта высокатэхналагічны музычны інструмент з неабмежаванымі выканальніцкімі магчымасцямі, але ў Расіі яго амаль не ведаюць. Таму аркестру імя І. Жыновіча трэба было паказаць інструментальны голас Беларусі па максімуму. Складаючы праграмы, Міхаіл Казінец зрабіў акцэнт выключна на інструментальных творах, што выяўлялі б майстэрства салістаў-цымбалістаў аркестра. Сярод іх — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ларыса Рыдлеўская, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Аксана Хахол, Алена Касціцына, Марта Галубко і Ганна Лоб. Вялікая ўвага была нададзена творам для фальклорных духавых інструментаў у выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Крамко і яго вучня — лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксандра Рыцікава. Праграма таксама дала магчымасць пазнаёміць гасцей і ўдзельнікаў фестывалю з майстэрствам выдатнага баяніста аркестра, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў Дзяніса Чорнага. Яна ўключала ў сябе вялікі панарамны зрэз сучаснай рэпертуарный палітры аркестра імя І. Жыновіча. У яе ўвайшлі адметныя творы беларускіх кампазітараў Валерыя Іванова, Аляксандра Крамко, Уладзіміра Кур’яна, Віктара Малых, а таксама музыка Георгія Свірыдава, Ігара Карнелюка, Рышара Гальяна, Карла Джэнкінса і Кансуэлы Веласкес. Рэпертуар, як кажуць, на любы густ.

Выступленне аркестра імя І. Жыновіча зрабіла сапраўдны фурор.

— У суквецці розных аркестраў наш калектыў здолеў паказаць менавіта сваё, асаблівае гучанне, — гаворыць народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец. — Тэмбры беларускіх цымбал, а таксама дудачкі, жалейкі, акарыны, дуды былі адкрыццём для тамтэйшай публікі. Ведаеце, я не схільны перахвальваць свой калектыў, гэта мне ніколі не ўласціва. Але павінен сказаць, што гэта было сапраўды трыумфальнае выступленне аркестра перад слухачамі Навасібірска. Кожны нумар сустракаўся шквалам апладысментаў. Калі аркестр іграў, у выдатнай тысячнай зале Навасібірскай філармоніі імя Арнольда Каца была такая цішыня! Я адчуваў, з якой увагай і здзіўленнем нас слухалі, і як зала літаральна лавіла кожны гук! Для нас гэта паездка была гістарычнай. Мы вельмі ўдзячны арганізатарам фестывалю “Струны Сібіры” за тое, што яны знайшлі сродкі, каб прыняь аркестр Жыновіча, абкружыць нас усіх клопатам і цеплынёй і зрабіць сапраўднае свята!

Паездка ў Навасібірск для Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча стала выдатным пачынам у юбілейны сезон. Бо ў снежні 2020 года калектыў будзе святкаваць сваё 90-годдзе! Удзел у міжнародным фестывалі “Струны Сібіры” падцердзіў высокі ўзровень прафесійнага майстэрства музыкантаў і даў магутны стымул для далейшай працы. Бо 2020 год для “жыновічаўцаў” абяцае быць гарачым, але ім не прывыкаць. Калектыў мае сваіх прыхільнікаў і заўсёды здзіўляе слухачоў новымі цікавымі канцэртнымі праектамі. “Аркестр тваёй краіны”, — а менавіта такі слоган у знакамітага калектыву — чакае сваіх слухачоў на юбілейных канцэртах.

Вольга Брылон

Фота с сайта Навасібірскай дзяржаўнай філармоніі.