Альгіс Грышкявічус — пра палёты, сон, рэчаіснасць

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Маштабная выстава Альгіса Грышкявічуса “Паралельныя ўяўленні” адкрылася ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва "Ў" па Кастрычніцкай. Гісторыю мастак распавядае беларускаму гледачу парадаксальную, зрэшты, магчымую ў марах. Але навошта чакаць выканання мары, калі ўсё можна зрабіць ужо зараз?

/i/content/pi/cult/789/16998/014.JPGПа словах Міндаўгаса Габрэнаса, аташэ па культуры Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, выстава Грышкявічуса ў Мінску — спрэчнае прадпрыемства. Мастак працуе ў складаным сінтэтычным жанры, яго працы прызнаныя на музейным узроўні, але ў галерэі і ў гэткай колькасці могуць быць успрынятыя неадназначна. Акрамя таго, мінская публіка знаёмая з зусім іншай літоўскай фатаграфічнай традыцыяй, а фатаграфіі складаюць асноўную частку экспазіцыі. Іншымі словамі, візуальныя досведы Грышкявічуса знаходзяцца ў прынцыпова іншай плоскасці, чым заслужаная “літоўская школа”, з фокусам на штодзённасць і “простых людзей Літвы”. Тут жа мы бачым мудрагелістыя сюжэты, дзіўных герояў...

“Паралельныя ўяўленні” прысвечаны перформансам, якія разыгрываюцца групай непрафесійных акцёраў. Адбываецца гэта даволі камічна, аднак ёсць у іх малазразумелых дзеяннях натхняльная тэма, што ператварае перформансы амаль ужо ў тэатр. І тэма гэтая — “Першы літоўскі касманаўт”. У Грышкявічуса атрымоўваецца злучыць прыроднае асяроддзе і спробы чалавека ўзляцець, накшталт здымак першых дырыжабляў ці планёраў канца XIX стагоддзя; а ў калажах ён аб’ядноўвае цялеснае ў чалавеку з натуралістычнасцю невядомых істот. Але адсылка да вобраза героя, да агульначалавечай мары аб палёце, вяртае гледача ў поле класічнага мастацтва — і гэта сапраўды нечакана. Тым больш, што героі — звычайныя дзядзькі сярэдніх гадоў — далёкія ад антычных, ды і проста атлетычных мадэляў.

Не толькі фатаграфіі, але відэа і жывапіс прадстаўлены ў праекце: Грышкявічус пачынаў кар’еру як мастак. Лагічным завяршэннем яго касмічнай фантазіі можна назваць аб’екты: нешта падобнае правобразам лятальных апаратаў, толькі зробленыя яны з драўляных дубцоў. З імі, вядома, асобная праца: дрэва асаблівым чынам апрацоўваюць, і выраб аб’екта — працэс доўгі і практычна медытатыўны. Тым не менш, самі канструкцыі настолькі ўдалыя, што іх металічныя копіі ўсталяваны ў грамадскіх прасторах Вільнюса. Ці гэта не поспех сюррэалізму? Але вернемся да фатаграфіі.

Традыцыя “пошуку формы” ў фатаграфіі мае глыбокія карані, але яна заўсёды была ў баку ад мэйнстрыму — усё ж такі фатаграфічны медыум цэняць за іншыя вартасці. Флорыс Нойзюс, Махой Надзь са сваімі фотаскульптурамі, і, вядома, заснавальнік сюррэалістычнай фатаграфіі Ман Рэй займаюць годнае месца ў гісторыі мастацтва. Але цікавасць да іх час ад часу ўспыхвае і згасае, а вось дакументальная дакладнасць, вастрыня жанравага кантэксту і паглыбленне ў псіхалагічны малюнак запатрабаваныя заўсёды. Гэта свайго роду два полюсы, ці дзве чашы вагаў, на якіх баланс або перавагу ўтвараюць асобы аўтараў у кантэксце свайго часу. У 1970 — 1980-я гады серыя ўсесаюзных выстаў “Фотаграфіка” паказала, як савецкія фатографы шукаюць выхады з дакументальнай дакладнасці, але былі яны, у асноўным, аматарамі. Больш блізкім і зразумелым быў іншы вектар: той, што прыняла літоўская школа на чале з Антанасам Суткусам. У наступныя дзесяцігоддзі, намаганнямі заслужанага дзеяча культуры Юрыя Васільева і галерэі “Свет фота”, беларуская публіка пазнаёмілася з творчасцю Рамуальдаса Пажэрскіса, Аляксандраса Мацыяўскаса, Рамуальдаса Ракаўскаса ды іншых. Вынаходствы жа сюррэалістаў па-ранейшаму заставаліся ў ценю гэтага працэсу. І толькі ў 2014-м годзе, у галерэі Міхаіла Савіцкага, у Мінску, можна было ўпершыню ўбачыць дзіўныя працы Альгіса Грышкявічуса. Дарэчы, тая выстава “Літоўская фатаграфія праз пакаленні” праводзілася ў рамках II Мінскага фестывалю фатаграфіі, які незаслужана забыты пасля поспехаў Месяца фатаграфіі ў Мінску. Аўтар назваў серыю “Цуды ў Мікалішкес”: менавіта ў гэтым мястэчку Альгіс з сябрамі Мікаласам і Раймундасам складае свае касмічныя трагікамедыі, смяецца з культа спартыўнага цела, дадае паганства ў сон і яву, а абсурд размяшчае ў мізансцэнах звыклага сельскага жыцця.

У Беларусі ў блізкім ключы Андрэй Шчукін зняў Endemiki і больш пафасны Orbis Tertius (Трэці свет), збольшага “Кінэстэтыку” і “Табу №” — усё гэта сюррэалістычныя пошукі, таксама паспяховыя ў вядомага беларускага фатографа. У Літве ж крытыкі (Маргарыта Матуля, 2009) адзначаюць творчасць Грышкявічуса як “арыгінальны жывапіс чальца Саюза фотамастакоў Літвы”, чый поспех “у аўтарытэтных выставачных залах (напрыклад, у Цэнтры Пампіду (Парыж) пацвярджае сілу сінтэзу мастацтваў”.

Любоў Гаўрылюк, арт-журналіст