З цымбаламі да зорак

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Аўторак 25 лютага стаўся ў поўным сэнсе слова “днём маладога беларускага кампазітара” і адначасова працягам нядаўняга Міжнароднага дня роднай мовы: у сталічнай Дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 1 імя Л. Александроўскай адбылася творчая вечарына выкладчыка гэтай навучальнай установы Віктара Лыскаўца, шчодра аздобленая мілагучным беларускім словам.

/i/content/pi/cult/788/16968/013.JPGВыпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і магістратуры пры ёй па класе цымбалаў, Віктар Лыскавец сціпла называе сябе “аўтарам музыкі”, бо не з’яўляецца (трэба спадзявацца, пакуль) членам Беларускага саюза кампазітараў. Між тым, гэты паказ яго твораў быў далёка не першым: яны часта выконваюцца вучнямі школы, іншымі музыкантамі і калектывамі. Год таму падобная творчая сустрэча пад назвай “У краiне цудаў”, складзеная з цымбальных п’ес, ладзілася ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна. Свята-Елісавецінскі манастыр выдаў кампакт-дыск з яго праваслаўнымі песняспевамі, а ўсяго іх — больш за сотню, таму ў хуткім часе аўтар і яго жонка, якая працуе рэгентам, плануюць асобную праграму харавой духоўнай музыкi. Некалькі твораў — у рэпертуары сімфанічнага аркестра Мінскага музычнага каледжа імя М. Глінкі і выконваюцца, у тым ліку, у замежжы. Дый у часы вучобы Віктар стаў лаўрэатам студэнцкага кампазітарскага конкурсу.

Цяперашні аўтарскі канцэрт “Запрашаю цябе” працягласцю больш за дзве гадзіны змясціў хіба маленечкую частку напісанага, але пераканаў у вялікім творчым патэнцыяле музыканта. Выступленні з удзелам вучняў школы і шматлікіх гасцей ішлі без антракту, падзяляліся на тры блокі: музыка для дзяцей, духоўныя хары, аркестравыя творы. Сярод іншага прагучала буйная кампазіцыя ў сямі частках “Па старонках старажытнага летапісу”, блізкая араторыі і заснаваная на полістылістыцы. Імкненне да сінтэзу відаў мастацтва прывяло да меладэкламацыйных твораў, акрэсленых вядучай “музычна-літаратурнымі санетамі” (падобны жанр пад назвай “меладрама”, вядомы з эпохі класіцызму, набыў другое нараджэнне ў рускім мастацтве Сярэбранага веку, а трэцяе — у радыёпраграмах, дзе вершы чыталіся на фоне музыкі). Часткі з Касмічнай сюіты “Сола для планет з аркестрам” увогуле ператварыліся ў паўнавартасны спектакль: у зале пагасла святло, за цымбаламі з’явілася шырма, на якую была скіравана праекцыя зорнага неба, а выканаўцы павольна “выплывалі” з цемры ў адмыслова-фантазійных строях з насунутымі на твар каптурамі.

Віктар Лыскавец добра разумее, што тэатралізацыя канцэртных праграм і асобных нумароў, выкарыстанне прыёмаў так званага інструментальнага тэатра — адна з найбольш актуальных сучасных тэндэнцый. І адначасова — выдатны сродак выхавання ў дзяцей любові не толькі да музыкі і свайго інструмента, але і да творчасці ўвогуле. Часцяком ён ладзіць са сваімі вучнямі спектаклі-канцэрты, дзе юныя музыканты выконваюць уласныя творы i выступаюць як акцёры, адыгрываючы розныя казачныя ролi. Чым не гэткая музычна-тэатральная студыя?

/i/content/pi/cult/788/16968/014.JPGПераўвасабленняў хапала і на гэты раз. Артыстка Ballet-Studio Наста Федарцова не толькі аздабляла пластыкай “Крыштальнае сэрца”, танцуючы на пуанwтах, але і ў такт музыцы завязвала вочы маладому піяністу Яўгену Гальцову — між іншым, загадчыку фартэпіяннага аддзялення. Выканаўцы цымбальнага “Паху кветак язміну” паўсталі ў абліччах чароўнай усходняй прынцэсы і раджы, што праз усю залу нёс за ёй празрыста танюткі шлейф.

Пры ўсім зашкальванні крэатыву, вечарына яскрава вылучыла найбольш мастацкі-каштоўную галіну творчасці аўтара. Гэта музыка для дзяцей — яркая, вобразная, іранічна-паэтычная, напісаная з фантазіяй, меладычнымі ды гарманічнымі разыначкамі. У большасці такіх п’ес, прызначаных для фартэпіяна сола ці ў дуэце з рознымі струннымі (цымбалы, домра, скрыпка, віяланчэль), выкарыстаны таксама нейкія “падручныя” ўдарныя. Канцэртмайстар можа адной рукой працягваць фартэпіяннае суправаджэнне, а другой у гэты час — іграць на бонгу, на каробачцы. Той жа прыём, часам са спасылкай на фальклор, выкарыстоўваюць і салісты. Бо для народных музыкаў формула: “адзін музыкант — некалькі інструментаў” зусім не навіна. У юнай скрыпачцы можа з’явіцца званочак, у “Вясёлым тэлефоне…” — раптам пачуецца запіс тэлефонных званкоў. Цымбальны шпацыр “На ровары” можа абярнуцца джазам і гісторыяй прыкрага падзення. “Слонік, які згубіўся” паспрабуе крыху развесяліцца ў сярэднім раздзеле, ды марна.

Больш за ўсё творчых “сюрпрызаў” аказалася прыпасена для цымбалаў. Добры знаўца роднага для сябе інструмента і сучасных прыёмаў ігры на ім, Віктар Лыскавец выкарыстоўвае ўсе цікавосткі, вынайдзеныя беларускімі кампазітарамі старэйшага пакалення, і ўзбагачае іх новымі паваротамі. Ажыццявіць задумы дапамагае і старэйшы сын Анатоль, лаўрэат міжнародных конкурсаў у свае дзесяць гадоў. У “Рускай танцавальнай” ён так разышоўся, што палачка таксама пусцілася ў скокі — вырвалася з пальцаў і адляцела. Іншы б разгубіўся ад гэткага “свавольства”, а ён — бы так і было задумана, працягнуў іграць далей адной рукой, пакуль бацька не вынес з-за куліс дадатковую пару.

Удзельнічаў у канцэрце і былы аднакурснік віноўніка ўрачыстасці, яго сябра Сяргей Гладкі — баяніст і дырыжор. Калісьці яны разам з Лыскаўцом-старэйшым ігралі дуэтам: рыхтавалі віртуозныя праграмы і выступалі па школах — на грамадскіх пачатках, бо не музіцыраваць не маглі, звычайныя ж студэнцкія заняткі не кампенсавалі гэту прагу. Цяпер Сяргей паўстаў у ролі піяніста і ўдарніка, спрытна змяняючы літаўры на званы ці талеркі. А назву ўсёй вечарыне дала фінальная песня ў выкананні знанага філарманічнага саліста — заслужанага артыста Беларусі Ігара Задарожнага.

Фота Руслана АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"