Цені продкаў ажываюць у ратушы

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Гісторыя мінскай гарадской ратушы звязаная як мінімум з адным прывідам — кажуць, некалі тут з’яўлялася здань пакаранага смерцю ў XVIII стагоддзі шляхціца Міхала Валадковіча. Але сёння ў адноўленым будынку паўстаюць з цемры вякоў іншыя постаці, і зусім не такім містычным шляхам. 3 сакавіка тут адбылася прэзентацыя серыі жывапісных работ “Імя ў гісторыі Мінска. Гістарычныя асобы ў партрэтах сучасных мастакоў”, прымеркаваная да даты першай летапіснай згадкі пра Мінск у “Аповесці мінулых гадоў”.

/i/content/pi/cult/788/16964/06.JPGНа шасці партрэтах прадстаўленыя найбольш славутыя і адметныя гістарычныя асобы, якія ў розныя часы кіравалі Мінскам і яго ваколіцамі. Тут і першы мінскі князь Глеб — сын славутага Усяслава Чарадзея, і кашталян Ян Глябовіч, пры якім пачалі забудоўваць Верхні горад, і мінскі стараста і ваявода Кшыштаф Станіслаў Завіша, дзякуючы якому Мінск займеў каштоўную рэліквію — мошчы святога Феліцыяна, нябёснага апекуна горада.

Працягваюць галерэю славутых постацяў мінуўшчыны грамадзянскія губернатары Мінска і Мінскай губерніі Захарый Карнееў і Вікенцій Гячан-Гячэвіч, дзякуючы якім горад набываў новае аблічча ў першай палове ХІХ стагоддзя, а таксама гарадскі галава Караль Ян Гутэн-Чапскі, які вядомы тым, што збудаваў у Мінску першую электрастанцыю і распачаў рух конкі.

Як мы паведамлялі раней, вобразы шасці колішніх кіраўнікоў Мінска выканалі ў тэхніцы роспісу па ляўкасе тры прафесары Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Зінкевіч і лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае Адраджэнне” Уладзімір Ганчарук.

У дзень прэзентацыі пра лёсы і здзяйсненні колішніх кіраўнікоў Мінска распавялі даследчыкі іх біяграфій — трое кандыдатаў гістарычных навук. Археолаг Сяргей Тарасаў гаварыў пра тое, як выглядаў сярэднявечны горад, і чаму Глеб Усяславіч варагаваў са сваімі братамі. Алег Дзярновіч прысвяціў свой выступ гісторыі Мінска ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай і прыгадаў забытую дату, у якую тагачасныя мінчане святкавалі Дзень горада. А Андрэй Кіштымаў завяршыў лекцыю-экскурсію аповедам пра развіццё губернскага Мінска ў складзе Расійскай імперыі, згадаўшы аб дарэвалюцыйных каранях сучаснай планіроўкі горада і зрабіўшы невялікі экскурс у тэатральнае мінулае будынка ратушы. Больш падрабязны агляд цікавостак з гэтых выступаў чытайце ў наступным нумары.