Шлюб з беларускасцю

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

На чорнай-чорнай сцэне стаіць доўгі, праз усю чорную прастору, чорны-чорны стол. Павольна выходзяць людзі — усе ў чорным. Вые вецер. На стале апранаюць нявесту. Ці ж надоўга захаваецца ў тым чорным космасе аблачынка белага вэлюму? Пачынаецца вяселле — “Шлюб з ветрам” у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Цікавасць да спектакля падагравалася задоўга да прэм’еры. Бо тут разам сышліся тры знакавыя для нашага тэатра творчыя асобы: Яўген Карняг (адзін з аўтараў і рэжысёр), Кацярына Аверкава (таксама адна з аўтараў, кампазітар і музычны кіраўнік), Таццяна Нерсісян (мастак). У “Шлюбе з ветрам” няма амаль нічога, акрамя беларускіх народных песень, і разам з тым ёсць усё, каб спазнаць глыбінны сэнс быцця.

/i/content/pi/cult/786/16942/8_1.jpg

Спектакль “Шлюб з ветрам” — “песня ў адной дзеі”.

Паглядзеўшы спектакль, усе ў адзін голас будуць апяваць сучаснасць пастаноўкі, эксперыментальнасць кірунку, навізну выразных сродкаў. Я ж скажу іначай: такі спектакль павінен быў з’явіцца акурат стагоддзе таму, бо ён цалкам упісваецца ў тагачасныя тэндэнцыі развіцця як нацыянальнай, так і сусветнай культуры. Але гісторыя, як вядома, не мае ўмоўнага ладу. Таму давайце радавацца, што гэта ўсё ж здзейснілася. І стала неверагодна яркім працягам закладзеных калісьці традыцый. Ярчэйшым доказам іх перспектыўнасці, груба перакрэсленай у часы сацрэалізму.

Жанр спектакля пазначаны як “песня ў адной дзеі”. Насамрэч гэта нішто іншае, як колішнія звароты да “абраду на сцэне”, уласціваму для пачатку ХХ стагоддзя. Той жа дарэвалюцыйны тэатр Ігната Буйніцкага пачынаўся са святкаванняў “па-беларуску”. Надалей традыцыя працягвалася і развівалася. Дастаткова ўзгадаць і знакамітую Купалаву “Паўлінку”, у цэнтры якой, па сутнасці, вясковая бяседа-вечарынка з песнямі-танцамі, і п’есу Міхася Чарота “На Купалле”, да пастаноўкі якой Уладзімір Тэраўскі напісаў знакамітую “Купалінку”, якая насамрэч зусім не народная песня. Купальскі абрад апынуўся і ў цэнтры оперы Аляксея Туранкова “Кветка шчасця”: тагачасны спектакль пачынаўся са скокаў праз вогнішча, а завяршаўся сцэнай палаючага панскага палаца, падпаленага абуранымі сялянамі. Улетку 1940-га оперу павезлі на Першую дэкаду беларускага мастацтва ў Маскве, дзе яна атрымала прысуд: маўляў, вялізны Пралог, звязаны з састарэлымі “забабонамі”, трэба было б выкінуць. І пачынаць твор адразу з другога полымя, прасачыўшы шлях герояў “у рэвалюцыю”.

Пасля гэтага “абрады на сцэне” былі прызнаны даўно пройдзеным пачатковым этапам і зніклі. А між тым, па тых часах гэта быў адзін з распаўсюджаных у свеце кірункаў — неафалькларызм. Да яго належыць і балет “Вясна свяшчэнная”, прэзентаваны ў час Рускіх сезонаў у Парыжы, і многія іншыя з’явы. Зразумела, у Беларусі тады фальклорная плынь толькі пачыналася, і штосьці падобнае не магло з’явіцца з ніадкуль. Але сцяжынкі ў гэты бок маглі быць пракладзены намнога раней, калі б іх не стрымлівалі распараджэнні зверху. Бо ў 1930-я на “правільна” і “няправільна” былі падзелены ўсе сферы жыцця і культуры, уключаючы фальклор: маўляў, прыклады старажытнай абрадавасці новаму чалавеку не патрэбны, а вось песні калгасныя, выключна радасныя, прыўзнятыя па настроі — самае тое.

У “Шлюбе з ветрам” вяселле паўстае зусім не вясёлым. І справа не толькі ў мінімалістычнасці, дзе тры класічныя колеры — чорны, белы і чырвоны — злёгку дапаўняюцца шэрым, ствараючы даволі змрочную “касмічную” атмасферу з быццам схаванымі робатамі-прышэльцамі. Такое адчуванне складаецца яшчэ і праз нізкую люстэркавую столь, якая ў пэўны момант не проста апускаецца з павольнай няўмольнасцю, а літаральна прыціскае, быццам жудасны прэс з фільма жахаў. Даволі традыцыйная чарада пустых бутэлек ператвараецца з побытавага элемента ў сімвалічны: бутэлькі ўкручваюцца замест лямпачак — вось яно, святло жыцця. У яшчэ адну светлавую крыніцу ператвараецца верхняя частка ўзнятых над жанчынамі зэдлікаў, зноў пераводзячы побыт у космас. Раз-пораз стол запаўняюць чорныя крумкачы, бы гэта поле бітвы, дзе ім ёсць чым паласавацца. Жорстка і адначасова з неверагоднай мастацкасцю вырашана сцэна п’янага згвалтавання, калі па чырвоным віне, бы ў лужыцы крыві, у адну з дзяўчат (Гражына Быкава) усё ўразаюцца ды ўразаюцца вастраносыя лодкі. Не замнога радасці і ў маладых, бо адразу ўзнікае канфлікт свякрові (Таццяна Мархель) з нявесткай (Ганна Семяняка), ад якога пакутуе і жаніх (Арцём Курэнь).

Тэма вяселля на сёння — адна з улюбёных у тым жа кінематографе, бо тут ёсць дзе разгарнуцца і каларытным персанажам, і закручастым канфліктам, і меладраматычным гісторыям. Але ў “Шлюбе з ветрам” праз “абрад на сцэне” прасочваюцца не толькі сюжэтныя абрысы, але і многія актуальныя як гендарныя, так і філасофскія праблемы — тая ж тэма моцных духам жанчын і слабых мужчын, якія бяруць рэванш грубай сілай ды гвалтам. Толькі замест адкрытай публіцыстыкі — тонкія мастацкія карункі, сплеценыя з ніцяў даўніны і сучаснасці, якія не абмяжоўваюцца выкарыстаннем мікрафонаў, відэакамер, светлавых эфектаў. Гульні з люстэркам вядуць да колішніх знаходак гродзенскага харэографа Дзмітрыя Куракулава, харэаграфія асобных частак цела — да некаторых пастановак Сяргея Мікеля, сэнсавае спалучэнне песень — да п'ес Паўла Пражко “Дыджэй Павел”, “Два персні”. А ўсё разам — бы вецер стагоддзяў той беларускасці, што стала часткай еўрапейскага мастацтва, захаваўшы сваю ідэнтычнасць.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"