Івона Малевіч: “Гэта было amazing!”

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

На святкаванне 100-годдзя мастацкага аб’яднання УНОВИС прыехала і ўнучатая пляменніца Казіміра Малевіча — Івона Малевіч. Яна лічыць сваім абавязкам захоўваць і папулярызаваць творчую спадчыну геніяльнага продка, займаецца гэтым амаль 40 гадоў. Тым не менш, у Віцебску пані Івона пабывала ўпершыню, і ўсё ўбачанае яе моцна натхніла і ўзрушыла.

Івону Малевіч саму часта называюць “Мадам Чорны квадрат”, а ў Віцебску і ў Мінску, куды на 14 лютага перамясцілася святкаванне 100-гадовага юбілею, яна франціла ў сукенках, створаных па супрэматычных эскізах дзеда. Мы распыталі яе пра ўражанні ад наведвання Віцебска і пра некаторыя творчыя праекты.

/i/content/pi/cult/786/16940/6_4.jpg

— Я ўнучка роднага брата Казіміра — Антона, які пасля вайны пераехаў у Польшчу — таму што мы палякі, і сям’я хацела жыць між палякамі. Нарадзілася я ў Варшаве, а зараз жыву ў Дзюсельдорфе. З дзяцінства чула, што ў нашай сям’і быў вядомы мастак, але толькі гадоў у шаснаццаць змагла ацаніць сапраўдны маштаб, і адразу зацікавілася гэтай асобай. Тады пра Казіміра Малевіча і не так шмат ведалі, ды й зараз усе: “А, Малевіч? — Чорны квадрат”. І я пачала працаваць на тое, каб расказваць людзям, што Казімір Малевіч — гэта не толькі “Чорны квадрат”, а гэта, напрыклад, і архітэктура, якая пачыналася, дарэчы, у Віцебску. Архітэктурныя ідэі Казіміра вельмі важныя для нас менавіта зараз у ХХІ стагоддзі, яго архітэктоны шмат дзе выкарыстоўваюцца. У яго ж была ідэя дамоў для людзей, якія будуць жыць у космасе, і такіх людзей ён называў “зямляніты” — першым пачаў так называць жыхароў Зямлі, пра гэта таксама амаль ніхто не ведае. Паставіў мастак і футурыстычную оперу “Победа над Солнцем”, распрацоўваў футурыстычныя мадэлі адзення, і гэтак далей. Для мяне вельмі важна, каб людзі пра ўсё гэта ведалі.

— Вы працуеце найперш у Германіі, дзе жывяце?

— Я раблю выстаўкі і ў Германіі, і ў Польшчы, і ў Расіі, і шмат дзе яшчэ. Зараз у нас ідзе вельмі цікавы выставачны праект — дзеці глядзяць на карціны Малевіча і іншых удзельнікаў УНОВИС, і самі малююць. І першая такая выстаўка прайшла ў іспанскай Марбэльі, другая прайшла ў Нью-Ёрку, цяпер будуць выстаўкі ў Варшаве, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Парыжы, Лос-Анжэлесе, Бразіліі — у кожнай краіне дзеці натхняюцца творчасцю майго дзеда. І ў Віцебску з ідэі Андрэя Духоўнікава напрыканцы студзеня яна прайшла. Я моцна цешуся, што мы адзначаем 100-годдзе УНОВИС, таму што дасягненні гэтага творчага аб’яднання маюць значэнне для ўсіх людзей, для ўсяго свету, і вось цяпер мы бачым, наколькі каштоўнае тое, што было зроблена 100 гадоў таму ў Віцебску.

— Вы апякуецеся і такім праектам, як “Тропа Малевича” ў расійскай Нямчынаўцы…

— “Тропа Малевича” — гэта Цэнтр памяці Казіміра Малевіча. Я і мае маскоўскія родныя займаемся ім разам з Ірынай Заіка — яна прэзідэнт АНА “Малевіч-Сколкава”, вучоны сакратар савета па спадчыне Саюза архітэктараў Расіі. У Нямчынаўцы ў мастака была дача, адтуль ён хадзіў да Сколкава, да іншых вёсак, маляваў, там яго і пахавалі. Сем гадоў таму ў Нямчынаўцы пабудавалі Дом-музей, але з-за розных адміністратыўных праблем нядаўна яго зруйнавалі, і наш Цэнтр памяці меў вялікія праблемы. Але зараз мы гатовыя ўсё аднавіць. І другі важны праект, над якім працуем у Расіі, — гэта помнік Казіміру Малевічу. Даўно вядзем перамовы з мясцовымі і маскоўскімі ўладамі — каб на тым месцы, дзе мастак быў пахаваны, з’явіўся помнік — працэс ідзе вельмі складана, але мы не здаемся. Сям’я Малевічаў жыве не толькі ў Польшчы, Расіі ці ў Германіі — як я. Нашы родныя і ва Украіне, ЗША, Канадзе, і ўсе стараюцца не забываць, чые мы нашчадкі.

— Ці ёсць у свеце помнікі Казіміру Малевічу?

— Наколькі я ведаю, яшчэ няма. Своеасаблівы помнік, я лічу, гэта цяперашні музей у Віцебску, напоўнены яго ідэямі.

— Вы першы раз пабывалі ў Віцебску…

— І эмоцыі мяне перапаўняюць. Калі я прайшла па лесвіцы, па якой хадзіў Казімір, увайшла ў яго кабінет — у мяне па ўсім целе пайшлі дрыжыкі. Бо ў мяне ёсць фатаграфія, як ён сядзіць за гэтым сталом — і вось я сама там пасядзела, адчула дух мастака. Але я заўсёды яго адчуваю, мне падаецца, што ён сам часта дапамагае мне ў справах.

Я ў захапленні ад перформанса, які мы ўбачылі ў Віцебску, — “Уна, дачка Казіміра” — гэта было amazing! Уна ж нарадзілася менавіта ў Віцебску, яна была любімай дачкой, названай у гонар УНОВИС. Я змагла наведаць архіў і паглядзець сваімі вачыма на дакументы, даведацца пра драматычныя моманты — аказваецца, Казіміра арыштоўвалі ўжо і ў Віцебску, а не толькі потым у Маскве. Мы не ведалі пра гэта. Майму кузэну зараз 80 гадоў, і ён быў уражаны гэтым фактам. Я не стамляюся дзякаваць і дырэктару музея Андрэю Духоўнікаву, які ўсё гэта зладзіў, і мастацтвазнаўцы Таццяне Катовіч, якая так адчувае Казіміра, быццам гэта нехта з яе сям’і. Я ўдзячная ўсім арганізатарам і спонсарам, бо без іх таксама нічога б не адбылося. Хачу, каб у Віцебску мы разам зрабілі яшчэ многа цікавых праектаў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ