Не “проста старыя кнігі”…

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Сімвалічныя аспекты вяртання
Гэтымі днямі ў СМІ ўжо ў каторы раз абмяркоўвалася тэма рэстытуцыі вывезеных за межы Беларусі культурных каштоўнасцяў. Нічога новага пачуць не давялося, а зробленыя ў выніку высновы былі звыкла маласуцяшальнымі. Маўляў, ніхто нам ужо цяпер нічога не аддасць... І раптам, бы першая вясновая маланка, прагрымела навіна пра вяртанне ў Беларусь некалькіх кніг з легендарнай бібліятэкі Храптовічаў. Сюжэт гэты настолькі пазітыўны, што нават апошні песіміст здатны зноў займець веру ў жыццё! Ці часта так здараецца, каб ініцыятыва сыходзіла ад таго, чыім набыткам сталі вывезенныя з нашых земляў каштоўнасці? Зрэшты, як мы зараз пераканаемся, пра пасіўнасць атрымальнікаў у дадзеным выпадку казаць ніяк не выпадае…

Запавет дзядулі

/i/content/pi/cult/786/16938/5_1.jpgЖыхар Германіі Хельмут Фікель ніколі не бываў у Беларусі, а вось ягоны дзядуля сто з гакам гадоў таму сюды патрапіў — у складзе кайзераўскіх войскаў падчас Першай сусетнай. З таго часу ў сям’і захоўваліся фаліянты з эклібрысам бібліятэкі Храптовічаў. Маладзенькі афіцэр знайшоў іх у разрабаваным палацы ў Шчорсах, які апынуўся акурат на лініі фронту і дажываў свае апошнія дні — неўзабаве ён згарыць пасля артабстрэлу… А напрыканцы жыцця дзядуля пакінуў нашчадкам запавет — вярнуць гэтыя выданні туды, адкуль яны былі ўзятыя.

Першыя спробы яго выканаць спадар Хельмут зрабіў яшчэ гадоў 45 таму. Але плёну не прынеслі: ён проста не змог знайсці ахвотных тыя кнігі атрымаць. А зусім нядаўна вярнуўся да гэтага пытання — і першы ж запыт у пашукавіку прынёс вынікі.

— Сваёй прысутнасці ў інтэрнэце мы надаем асаблівую ўвагу, — кажа дырэктар фонду “Шчорсы і Храптовічы” Ганна Булда. — І таму наш сайт знайсці вельмі лёгка. Да ўсяго, ён стварае пра нас уражанне як пра салідную ініцыятыву, якой цалкам можна даверыць кніжныя рарытэты.

Мараль тут, думаецца, сама сабой зразумелая…

У хуткім часе прадстаўнікі фонду сталі планаваць выправу ў Германію. Папярэдне яны звязаліся з беларускай амбасадай у Берліне, якая адразу паабяцала аказаць арганізацыйную падтрымку, і Міністэрствам культуры нашай краіны — каб вырашыць усе юрыдычныя фармальнасці адносна ўвозу ў краіну культурных каштоўнасцяў і не плаціць за іх мыта.

І вось — сустрэча са спадаром Фікелем, які жыве ў невялічкім гарадку Кольквіц. У яго на руках была толькі адна кніга, яшчэ дзве нечакана для мінскай дэлегацыі “знайшліся” ў ягонай цёткі Марыён Швезінгер. І яна таксама ахвотна падаравала іх фонду.

Пытанне цаны

У нашым разуменні, падобныя рарытэты калі не бясцэнныя, дык, прынамсі, казачна дарагія. Ганна Булда прызнаецца, што і сама была падобнага меркавання. І калі ёй трэба было ўпісаць цану для афармлення дакументаў на ўвоз, прапанавала ўнесці ў адпаведную графу чатырохзначны лік. Але спадар Фікель, які, мяркуючы па ўсім, сам захапляецца калекцыянаваннем, хутка яе расчараваў: маўляў, за пару тысяч еўра на букіністычным рынку можна набыць інкунабулу, а за такія выданні, як шчорсаўскія, просяць на адзін нулік меней.

Адпаведна, вартасць іх зусім не вымяраецца грашовымі сумамі — найперш яна мае менавіта сімвалічны характар. Але гэта толькі для нас: нашчадкам Гутэнберга і Гётэ не бракуе сваіх культурных брэндаў, а хто такі Храптовіч, яны проста не ведаюць. І тое, што для немца — “проста старая кніга”, для беларуса (прынамсі, патрытыячна настроенага) — сапраўдны артэфакт.

— Думаю, за мяжой ёсць вельмі шмат людзей, якія валодаюць тымі рэчамі, што вельмі важныя для нас, але для іх вялікай/i/content/pi/cult/786/16938/5_2.jpgкаштоўнасці не ўяўляюць, — кажа Ганна Булда. — Гаспадары будуць гатовыя з імі лёгка развітацца, бо радасць ад добрага ўчынку для іх большая за тыя грошы, якія можна атрымаць у букіністычнай лаўцы. Калі б нашы структуры пачалі актыўна і мэтанакіравана працаваць у гэтым накірунку, не сумняюся, што падобныя да нашага выпадкі былі б нярэдкімі. У справе рэстытуцыі наогул вельмі важная паслядоўная і мэтанакіраваная праца.

Кнігі як цаглінкі

Шчыра кажучы, змест франкамоўных кніг, апублікаваных два з лішкам стагоддзі таму, здатны зацікавіць хіба вузкіх спецыялістаў. Гэта “Грамадзянская гісторыя каралеўства Неапаль” і “Расійскія палітычныя, літаратурныя і некралагічныя дзённікі”, дзе апошняе слова на тытульным аркушы надрукаванае іншым шрыфтам — што асабліва інтрыгуе. Як, зрэшты, і месца выдання — Санкт-Пецярбург. Плюс зборнік одаў на лаціне і нямецкай, прыналежнасць якога да калекцыі Храптовічаў яшчэ мае выявіць экспертыза Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — бо экслібрыс на гэтай кнізе быў выдзерты. Таму само сабой паўстае пытанне: у чым жа значэнне такіх знаходак?

— Для мяне яны маюць перадусім сімвалічны характар, — кажа Ганна Булда. — Гэта адпраўны пункт для адраджэння ў Шчорсах бібліятэкі Храптовічаў. Далей можна працягваць росшукі сярод прыватных калекцыянераў, можна распачынаць перамовы з Кіевам, куды была вывезенная большая частка кнігазбораў, можна даследваць шляхі іх эвакуацыі ў Саратаў і Уфу… Вельмі спадзяюся, што ў Беларусі знойдзецца даследчык, які абярэ такую тэму за асноўную. Пакуль жа гэтая ніва зусім не ўзараная.

Аднак пакуль што прывезеныя з Нямеччыны фаліянты будуць захоўвацца на дэпазіце ў Нацыянальнай бібліятэцы. Прычына простая: у саміх Шчорсах для іх месца няма. Знакамітая сядзіба сёння занядбаная. Таму і казаць пра адраджэнне бібліятэкі можна хіба ў далёкасяжных ды аптымістычных планах.

— Але дзякуючы вяртанню кніг і тым публікацыям, якія былі ў СМІ, фонд атрымаў добры піяр, — прызнаецца Ганна Булда. — Нам гэта патрэбна не для славы, а найперш для збору сродкаў для далейшых нашых ініцыятыў. Бо калі пра тваю арганізацыю ніхто не ведае, як ты збярэш грошы на свае праекты? А калі ты не займаешся актыўнай дзейнасцю, ніхто пра цябе і не даведаецца. Вось і атрымліваецца гэткае замкнёнае кола.

У найбліжэйшых планах фонду — накрыць дахам дзве вежы ў храптовічавым фальварку “Мураванка”. Але гэта ўвасобіцца толькі тады, калі кампанія па збору сродкаў на іх акажацца ўдалай. А разам з Навагрудскім райвыканкамам падалі заяўку на грант Еўрасаюза, каб адрамантаваць гонту ў вядомай вяндлярні.

Чым болей пра нашу дзейнасць даведаюцца, тым хутчэй мы будзем выконваць свае задачы, набліжаючы той дзень, калі кнігі з бібіліятэкі вернуцца ў Шчорсы, — перакананая Ганна Булда.

P.S. Дарэчы, акурат гэтымі днямі ідзе краўдфандынгавая кампанія па вяртанні ў Беларусь яшчэ аднаго кніжнага рарытэта — кнігі Казіміра Малевіча “Бог не зрынуты. Мастацтва, царква, фабрыка”, выдадзенай у Віцебску ў 1922 годзе. На жаль, гэта адзіная магчымасць займець яе ў віцебскім музеі, размешчаным у тым будынку, дзе кніга, пэўна, і пісалася.

Фота прадастаўлена фондам “Шчорсы і Храптовічы”

На фота: Ганна Булда і Хельмут Фікель.