Нашы акцэнты на Берлінале

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Два дні таму — 20 лютага — распачаўся адзін з буйных і найпрэстыжных форумаў свету — Берлінскі кінафестываль, што сёлета ладзіцца ўжо ў 70-ты раз. Сусветныя кінапрэм’еры, развіты кінарынак, безліч сустрэч і паказаў, вядома, зоркі кіно — Берлінале з’яўляецца сапраўдным святам cinema, спрычыніцца да якога за гонар кожнаму, датычнаму да мастацтва дзясятай музы.

/i/content/pi/cult/786/16933/2_5.jpgСёлета наша краіна пазначае сваю прысутнасць на міжнародным кінафестывалі дзвюма стужкамі. Па-першае, акурат сёння — 22 лютага — у Палацы Берлінале адбудзецца сусветная прэм’ера “Урокаў персідскай” Вадзіма Перэльмана, карціны, створанай у сумеснай вытворчасці Расіі, Германіі і Беларусі. Гэты праект, да якога мае дачыненне Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, спрадзюсіраваны Цімурам Бекмамбетавым і кінакампаніяй Hype Film. Фабулу фільма можна прыпаднесці так. 1942 год. Малады бельгіец яўрэйскага паходжання Жіль, апынуўшыся ў канцэнтрацыйным лагеры ў Германіі, выдае сябе за перса, каб захаваць жыццё. Мана на пэўны час удала “спрацоўвае”, але хлопца бяруць у найміты да нямецкага кухара Коха, які хоча навучыцца персідкай, каб пасля вайны адкрыць у Іране рэстаран. “Урокі персідскай” дасягаюць рэдкага майстэрства ў захаванні балансу паміж паважлівым стаўленнем да жахаў Шоа і пачуццём іроніі, якое можа стаць ключом для перажывання такога вар’яцтва”, — пазначаецца ў анатацыі да фільма. Адзначу, што карціна Вадзіма Перэльмана будзе дэманстравацца ў адмысловай праграме Berlinale Special.

Яшчэ адна стужка нямецка-беларускай кааперацыі, якая будзе паказана ў рамках прэстыжнага кінаагляду, ужо добра вядомая еўрапейскаму і беларускаму гледачу. Гаворка — пра кароткаметражную карціну “Возера радасці” Аляксея Палуяна, што прагрымела на шматлікіх кінапляцоўках і атрымала шэраг узнагарод. Карціна пра адважную беларускую дзяўчынку Ясю ўжо была заўважана і адзначана, у тым ліку, міністрам культуры Германіі Монікай Грютэрс, і, тым не менш, славы ніколі не бывае шмат. На Берлінале стужка Аляксея Палуяна будзе дэманстравацца ў межах Еўрапейскага кінамаркету 26 лютага. У дадзеным прафесійным кантэксце Індустрыі яе вядомасць зусім не перашкода, а, хутчэй, наадварот — яшчэ адзін трыгер для заахвочвання прагляду. Пажадаем кінематаграфістам поспеху.

Варта адзначыць, што сёлета непасрэдна на Берлінскім кінафестывалі за ходам падзей сочыць аглядальнік “К” Дар’я Амяльковіч. Якім чынам пройдуць паказы вышэйзгаданых праектаў, а таксама пра прэм’еры Крысці Пуйю, Хон Сан Су, Філіпа Гарэля, Абэля Ферары, Віктара Касакоўскага ды іншых мэтраў кіно, заяўленых у разнастайнай праграме Берлінале, — чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"