Генадзю Аўсяннікаву 85

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава з 85-годдзем. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы. “Вы прыналежыце да выдатнай плеяды акцёраў, без якіх цяжка ўявіць сучаснае мастацтва. Створаныя вамі вобразы, шырока вядомыя паклоннікам тэатра і кіно, вызначаюцца глыбокім веданнем чалавечых характараў, хвалююць публіку шчырасцю і бездакорным мастацкім густам”, — гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што багатая творчая біяграфія артыста, яго адданае служэнне Купалаўскай сцэне і сваёй краіне з’яўляюцца прыкладам для таленавітай моладзі, выклікаюць павагу прафесійнай супольнасці і гледачоў.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Генадзю Аўсяннікаву моцнага здароўя, шчасця і доўгіх гадоў жыцця. “Упэўнены, што вы і ў далейшым будзеце працаваць гэтак жа натхнёна, папаўняючы скарбніцу беларускай культуры”, — падкрэсліў Прэзідэнт.

/i/content/pi/cult/786/16930/2_1.jpg

 

 

Генадзь Аўсяннікаў і Юрый Бондар на сцэне Купалаўскага.

На сцэне Купалаўскага тэатра 19 лютага іграўся спектакль “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, і свой юбілей Генадзь Аўсяннікаў сустрэў на сцэне. Пасля заканчэння спектакля апладысменты не змаўкалі — народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР віншавалі гледачы, калегі і афіцыйныя асобы. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар зачытаў віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, са шчырымі словамі захаплення і падзякі выступілі генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Купалы Павел Латушка і мастацкі кіраўнік тэатр Мікалай Пінігін.

/i/content/pi/cult/786/16930/2_2.jpg

 

У абдымках калег.

Прамова Генадзя Аўсяннікава пачалася са слоў удзячнасці: заснавальнікам тэатра, з якімі яшчэ давялося папрацаваць, сваім цяперашнім калегам, гледачам, і самой гэтай сцэне, на якую юбіляр выйшаў упершыню ў 1956 годзе ў спектаклі “Паўлінка” ў зусім маленькай ролі: “Я іграў госця Паўлінкі, я там танцаваў… І вось — датанцаваўся!” І насамрэч — калі ўжо былі ўручаны ўсе кветкі, сказаныя ўсе словы, але авацыі ўсё не сціхалі — артыст і станцаваў!

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ