У банкамаце націскайце кнопку і "На беларускай"!

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы
Кожны раз, калі я бываю ў Полацку, адразу іду да помніка душы і сэрца — літары “Ў”. І кожны раз з замілаваннем перачытваю слоўцы Рыгора Барадуліна: “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”. І сапраўды, горад, які даў свету вялікіх беларусаў, і сёння дыхае на поўныя грудзі беларускасцю. Цікава, што літару “Ў”, якая ёсць толькі ў нас, беларусаў, у якасці назвы выкарысталі мінская арт-галерэя і музычны гурт — “У нескладовае”. Для мяне мова — ужо даўно надзейны сродак, з дапамогай якога штохвілінна думаю.

Яшчэ ў 1956 годзе Якуб Колас пісаў пра матчыну мову: “…Хоць даўно ўжо на ёй гаворыць народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму наша задача — берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах”. Нельга не заўважыць, наколькі актуальна гэта і ў ХХІ стагоддзі. Таму вельмі горка, што паступова знікаюць беларускія вёсачкі, разам з якімі знікаюць і носьбіты жывой яскравай мовы.

/i/content/pi/cult/785/16928/15_1.jpg

Ніколі не забыць, як прыгожа гаварыла на дыялектнай мове мая бабуля Таццяна. Дарэчы, слоўнік літаратурнай мовы налічвае каля 500 тысяч слоў, у дыялектнай жа мове — іх каля 1,5 — 2 мільёнаў. Дадам, што нярэдка нават у адной і той жа вёсачцы размаўляюць па-рознаму. Мова, якая захавалася ў вёсках, цікавая тым, што яна спрадвечная. Гэта ўнікальная крыніца інфармацыі для філолагаў, сацыёлагаў, філосафаў, псіхолагаў, этнографаў, гісторыкаў.

Бясспрэчна, хто не шануе матчына слова, той не паважае ні свой род, ні сваіх землякоў, ні самога сябе. Задумаемся над словамі Уладзіміра Караткевіча: “Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў”. А мова наша распаўсюджана не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў памежных рэгіёнах Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны. Па-беларуску размаўляюць між сабой эмігранты ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, іншых краінах. Адным словам, у кожным куточку планеты Зямля, дзе б’юцца беларускія сэрцы, жыве матчына мова. Мова ж наша — бадай адна з самых старажытных сярод славянскіх і вельмі мілагучная, як італьянская.

Узрасла цікавасць да беларускай мовы за мяжой. Сёння толькі ў Кітаі адкрыты дзясятак цэнтраў па вывучэнні мовы. Яна вывучаецца ва ўніверсітэтах, культурных цэнтрах Польшчы, Украіны, Сербіі, Японіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Азербайджана, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі і іншых. Так, польскі даследчык Міраслаў Янковяк сваю доктарскую дысертацыю прысвяціў беларускім гаворкам па-за межамі Беларусі. Баск Крысціян Рансэра даследуе заходнепалескія гаворкі.

Добра, што ў 1989 годзе было заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Прыемна, што 21 лютага, у Сусветны дзень роднай мовы, беларусы пішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Упершыню яна прайшла 23 сакавіка 2008 года. Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Многія ўжо сур’ёзна задумаліся над выказваннямі-слоганамі: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Сто ідэй для Беларусі”, “Купляйце беларускае!”, якія заклікаюць запрашаюць да айчыннай гісторыі, адраджэння беларускай маральна-інтэлектуальнай спадчыны, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Не можа не радаваць, што ў ХХ стагоддзі ўжыванне мовы многія лічылі прыкметай вясковасці, а сёння — інтэлігентнасці, нават элітарнасці. Ужо ніхто на цябе не глядзіць са здзіўленнем, калі ты размаўляеш па-беларуску ў транспарце ці ў краме. І гэта натуральны працэс, вынік таго, што мы ўжо шмат гадоў жывём у незалежнай Беларусі. Мы сталі адкрытай краінай, нашы жыхары сталі часта выязджаць за мяжу, бачыць стаўленне іншых народаў да сваіх моў.

/i/content/pi/cult/785/16928/15_2.jpg

Нельга не вітаць і з’яўленне бясплатных курсаў “Мова ці кава”, якія збіралі аншлагі ў Мінску, іншых гарадах Бацькаўшчыны. Неўзабаве ўзніклі новыя адметныя курсы — “Мова нанова”. Многія заўважылі прыгажосць сацыяльнай рэкламы “Смак беларускай мовы” і “Родныя даты”. А гэта ўжо праекты кампаніі “Белзнешрэклама”, якая зладзіла сумесна з прадстаўніцтвам Samsung у Беларусі і праект “Багацце-Смак-Прыгажосць беларускай мовы”. Цудоўна, што ў Беларусі адбываюцца фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Многія замежныя вытворцы рэкламуюць сваю прадукцыю па-беларуску. Не забывайце і ў банкамаце націскаць кнопачку “па-беларуску!”

Прыемна, што сёння беларуская мова для многіх суайчыннікаў стала прынцыпова важнай: на ёй размаўляюць педагогі, літаратары, мастакі, журналісты, праграмісты, дзеячы навукі і культуры. Хораша, што на Беларускай чыгунцы ў адпаведнасці з рашэннем яе кіраўніцтва практыкуецца двухмоўнае інфармаванне пасажыраў. Мова здольна проста жыць у генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў. Менавіта праз роднае слоўца здольна адраджацца наша душа, душа народа, душа нацыі… А ў свой час Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі шчодра і апантана пасеялі першыя зярняткі, з якіх і нараджалася Беларускасць. Неабсяжныя моўныя скарбы раскрываюць нам гісторыю народа, сведчаць пра яго інтэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцяў, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію і псіхалогію.

Перакананы, што любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. Сваёй унутранай культурай бацькі павінны паказваць прыклад дзецям, аднак у сем’ях амаль не гавораць па-беларуску. Кожны ж маленькі беларус павінен ведаць родныя слоўцы. У многім пачатак гэтаму даюць, канешне ж, настаўнікі. На ўроках роднай мовы і літаратуры дзеці адкрываюць цудоўны свет беларускага пісьменства. Настаўнікі вучаць паважаць мову, любіць яе, шанаваць Кнігу.

/i/content/pi/cult/785/16928/15_3.jpg

Упэўнены, што наступныя пакаленні будуць дапаўняць, развіваць мову. Самае ж галоўнае — захаваць родную мову, не даць ёй памерці, як адбываецца з іншымі мовамі. Калі мова папулярная, аўтарытэтная, то такім жа будзе і яе народ Трэба ж сябе паважаць, свае карані адчуваць, патрыётам быць! Бо жывая мова — гэта карані, якія моцна трымаюць нас.

Мова не павінна раз’ядноўваць, яна павінна кансалідаваць нацыю. Таму неабходна пастаянна пашыраць моўную прастору на тэлебачанні, радыё, СМІ, у тым ліку электронных. Нам усім трэба ўсвядоміць сябе беларусамі. Усё ў нашых руках і галовах. Родная мова павінна абавязкова асацыявацца з роднай маці, з родным домам, з роднай зямлёй, з Бацькаўшчынай.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ