— Акрамя вышэйзгаданых кіраўнікоў праекта, — адзначыў галоўны рэдактар выдання Вячаслаў Насевіч, — працу над стварэннем атласа вёў надзвычай вялікі калектыў на працягу больш як дзесяці гадоў. Першы том выдання з’явіўся ў 2009 годзе, апошні — у 2018, а падрыхтоўчыя работы вяліся яшчэ на некалькі гадоў раней. У тамах атласа ў наглядным картаграфічным выглядзе прадстаўленая ўся гісторыя Беларусі.
Картаграфічнае выданне такога ўзроўню ў Беларусі з’явілася ўпершыню, не мае яно аналагаў і ў краінах СНД. У 1957 годзе, калі быў выдадзены Атлас БССР, у ім налічвалася толькі некалькі гістарычных карт, крыху больш прадстаўнічы гістарычны аддзел меў “Нацыянальны атлас Беларусі”, які пабачыў свет у 2002 годзе. Акурат у той час і з’явілася ідэя стварэння грунтоўнага шматтомнага гістарычнага атласа Беларусі.
Атлас складаецца з чатырох тамоў і агулам налічвае больш за 400 карт. Варта хаця б адзначыць, што кожны з тамоў мае генеральную карту, якая ўжо налічвае больш за сорак аркушаў. Выданне было падрыхтаванае за сродкі РУП “Белкартаграфія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці і атрымала шэраг узнагарод на кніжных конкурсах.
Першы том “Вялiкага гiстарычнага атласа Беларусi” прысвечаны перыяду ад старажытнасці да 1569 года, другі — гісторыі Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай (1569 — 1795), трэці том ахоплівае перыяд знаходжання ў складзе Расійскай Імперыі (1795 — 1917), а чацвёрты распавядае аб падзеях з 1917 года да нашых дзён. Тамы атласа змяшчаюць як гістарычныя карты, распрацаваныя сучаснымі даследчыкамі, так і рэпрадукцыі старажытных карт, а таксама тлумачальныя нарысы і храналогію падзей.