Ганаровы бацькоўскі статус

№ 2 (1441) 11.01.2020 - 18.01.2020 г

Знакавай узнагародай — Прэміяй Прэзідэнта Беларусі — быў адзначаны калектыў Беларускай асацыяцыі мнагадзетных бацькоў за значную работу па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы мнагадзетных сем’яў, а таксама рэалізацыю гуманітарных праектаў “Конкурс на лепшую мнагадзетную сям’ю”, “Мінскі гарадскі форум маці” ды тэлепраекта “Родныя людзі”.

У Мінску асацыяцыя шматдзетных бацькоў была створана яшчэ ў 1992 годзе. Потым яна перарасла ў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў”, у якую ўвайшлі аналагічныя аб’яднанні шматдзетных бацькоў Мінска, Гомеля, Наваполацка, Верхнядзвінска і іншых гарадоў краіны. Так, у сталічную арганізацыю шматдзетных бацькоў сёння ўваходзіць каля 900 членаў.

— 28 гадоў таму, калі толькі з’явілася наша арганізацыя, шматдзетныя сем’і былі на парозе галечы, а сінонімам слову “шматдзетны” гучала слова “праблемны”, — адзначыла “К” старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка. — На шчасце, дзякуючы намаганням дзяржавы імідж і статус шматдзетнай сям’і кардынальна змяніўся.

Пра гэта, дарэчы, кажа і статыстыка: па дадзеных арганізацыі, за апошнія дзесяць гадоў колькасць шматдзетных сем’яў у краіне вырасла ў два разы. А, скажам, калі згадваць Мінск, дык у 2016 годзе ў сталіцы было 12 345 шматдзетных сем’яў, у 2017-м — 13 972, а ў 2018-м — ужо больш за 15,1 тысяч. У 2006-м іх было толькі 2 тысячы. Рост, як бачна, больш чым у 7 разоў!

Як кажа Таццяна Краўчанка, у нашай краіне сапраўды робяць вельмі шмат для падтрымкі сем’яў.

— Дзе яшчэ мама можа тры гады выхоўваць дзіця і атрымліваць дапамогу па догляду? — рытарычна пытаецца Таццяна Краўчанка. — У некаторых краінах Еўропы, як вядома, гэты перыяд нашмат менш. Таксама сур’ёзную дапамогу аказваюць дзяржаўныя органы шматдзетным сем’ям і пры будаўніцтве жылля. Скажам, ільготны крэдыт на 40 гадоў пад 1 % гадавых для шматдзетных — гэта вельмі выгадныя ўмовы. Акрамя таго, шматдзетным сем’ям з 2015-га прызначаюць сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў у эквіваленце, за падручнікі бацькі плацяць палову ўсталяванай сумы, харчаванне ў школе бясплатнае. Прыклады можна працягваць.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя пазітыўныя прыклады, асацыяцыя пастаянна працуе над далейшым падвышэннем статусу шматдзетных сем’яў. Менавіта дзеля гэтага ў краіне ладзяцца шматлікія конкурсы, напрыклад, на лепшую мнагадзетную сям’ю.

— Мы распачалі ладзіць гэты конкурс яшчэ з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, — кажа Таццяна Краўчанка. — Спачатку ладзілі яго самастойна, а цяпер — калі гаварыць пра Мінск — да нас далучыўся Мінгарвыканкам ды Мінская гарадская арганізацыя “Беларускі саюз жанчын”. Рэспубліканскі конкурс ладзіцца раз на 2 гады і летась у кастрычніку прайшоў у Мінску. На званне лепшай прэтэндавалі сем шматдзетных сем’яў, якія з’яўляюцца пераможцамі абласных і мінскага гарадскога этапаў конкурсу. Першае месца журы прысудзіла сям’і Мікалаевых з Магілёва.

Таксама па ініцыятыве Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў Агенцтва тэленавін тэлеканала “Беларусь — 1” летась, у верасні, аднавіла праект “Родныя людзі”. Падчас здымак кожнага выпуску творчая каманда АТН наведвае адну шматдзетную сям’ю, расказвае пра паўсядзённае жыццё бацькоў і дзяцей, пра іх радасці і няўдачы, перамогі і расчараванні.

— Гэты праект таксама скіраваны на падвышэнне статусу мнагадзетнай сям’і ў нашым грамадстве, — адзначыла Таццяна Краўчанка. — Кожны фільм, на мой погляд, адметны і цікавы, бо расказвае пра будзённыя і святочныя дні той або іншай шматдзетнай сям’і, прыцягваючы такім чынам увагу да іх клопатаў і турботаў. Бо маючы многа дзяцей у сям’і, бацькам трэба многім і ахвяраваць. Але гэтыя ахвяры, бяссонныя ночы і іншыя цяжкасці безумоўна таго вартыя.