Чым закалыхвае грузінскі дзэн?

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

Кінафестывалі існуюць, каб людзі маглі паглядзець добрае кіно. Прыкладна так адкажа большасць арганізатараў міжнародных і лакальных кінафорумаў, калі запытацца, у чым сэнс іх бясконцай працы. На самой справе сутнасць існавання кінафестываляў, як і мэтаў іх наведвання, значна больш шырокая і складаная, чым можна спачатку ўявіць. Але і яе магчыма ўмоўна падзяліць на дзве часткі.

У краінах, дзе кіно — гэта сапраўдны бізнес, яны дапамагаюць усім: стваральнікам — прадаць дыстрыб’ютарам аўтарскія правы на распаўсюд гатовых стужак, студыям — заключыць выгадныя дамовы на супрацу з іншымі кінакампаніямі, ашчадным прадзюсарам — знайсці амбіцыйных рэжысёраў, а апошнім — яркіх акцёраў, якія дапамогуць састаяцца іх новым праектам. То-бок, індустрыя рухаецца наперад, а бізнэсмены інвестуюць грошы ў жыццяздольныя праекты.

Іншая справа, калі дзяржава яшчэ не імкнецца манетызаваць сваю нацыянальную кінаіндустрыю, што зараз якраз адбываецца на постсавецкай прасторы. Тады кінафестывалі становяцца пляцоўкамі па абмене прафесійным і культурным досведам. Дзейнымі практыкамі, якія змогуць направіць кінематаграфічны працэс у неабходнае камерцыйнае русла.

/i/content/pi/cult/777/16790/14_2.jpg

Менавіта адным з такіх месцаў з’яўляецца BIAFF, ці як яго яшчэ называюць — кінафестываль арт-хаўснага кіно ў Батумі. Гэта адзна з чатырох міжнародных кінападзей у невялічкай Грузіі, якая адносна нядаўна пачала сур’ёзна абнаўляць сваю кінематаграфію, разбураную пасля развалу СССР. Мясцовыя аўтары сумесна з кінематаграфістамі з Германіі, Азербайджана, Венгрыі, ЗША і іншых краін зараз ствараюць актуальнае кіно, частку якога я паглядзеў у верасні, калі мяне запрасілі ў курортную сталіцу Аджарыі на варкшоп маладых кінакрытыкаў.

Самай тытулаванай — cпецыяльная ўзнагарода з боку журы BIAFF — там апынулася экзістэнцыяльная драма “Канец сезона”, знятая нямецкім рэжысёрам азербайджанскага паходжання Ільмарам Іманавым у капрадукцыі Германіі, Азербайджана і Грузіі. 35-гадовага аўтара хвалююць родныя карані, да якіх ён звяртаецца у стужцы, аналізуючы стан стасункаў сучаснай азербаджанскай сям’і. І там, на яго погляд, наспела пэўная крыза — Самір і яго жонка Фідан жывуць у бакінскім шматпавярховіку, і адчувальна стаміліся адзін ад аднога. Мужчына не давярае жонцы-лекарцы і не хоча пускаць яе на новую працу ў Берлін. Тым больш, ён не ўпэўнены, што 18-гадовы сын Махмуд народжаны ад яго. У такім напружаным стане сям’я едзе крыху адпачыць на Чорнае мора, дзе паслухмяная і пагодная Фідан кудысьці знікне на цэлы дзень, што кардынальна зменіць паводзіны мужчынаў.

У “Канцы сезона” адчуваецца ўплыў італьянскага неарэалізму, відавочнай некамунікабельнасці, якую апеў у сваім кіно Мікеланджэла Антаніоні. Натхёны яго меланхоліяй, Іманаў распавядае пра разрыў стасункаў у азербайджанскім грамадстве, сем’і якога не вытрымліваюць наступстваў часу і развальваюцца знутры.

Цікавым назіраннем за жыццём суайчыннікаў апынуўся паўнаметражны док “Ураджай”, зроблены Мішо Антадзэ, з’ехаўшым з Тбілісі вучыцца ў ЗША. Малады рэжысёр спачатку хацеў зрабіць іранічны парафраз “Дажынак”, прысвечаны майнінгу крыптавалют у сельскім рэгіёне Кахеціі, але так захапіўся прыроднымі з’явамі і павольнасцю жыцця сялян, што зняў медытатыўнае назіранне за жыццём гэтага края. Больш за ўсё “Ураджай” нагадвае стужкі ў жанры Slow TV, калі на экране некалькі гадзін паказваюць аднатыпны працэс: як марскія хвалі б’юцца аб бераг ці поезд едзе з кропкі А ў кропку Б. Фільм цягнецца ўсяго 70 хвілін, але Антадзэ чароўным чынам удаецца насыціць асалодай кожны момант стужкі, які арганічна перацякае ад захаплення прыродай да працы сервераў, ад сапраўднага жыцця да яго камп’ютарнага аналага. “Ураджай” дазваляе адчуць, што з сябе ўяўляе грузінскі дзэн, які закалыхвае цябе сваёй прыгажосцю і суцэльным спакоем.

Больш правакатыўнымі апынуліся працы аўтараў, трапіўшыя ў секцыю кароткаметражных стужак. Тут падымаліся больш вострыя тэмы: ад рэфлексіі грамадзянскай вайны да існавання ЛГБТК-людзей у кансерватыўным грузінскім грамадстве.

Пра спецыфічныя адносіны да нетрадыцыйных стасункаў распавядае камедыйнае драмэдзі “Традыцыі” Іасеба Бліадзэ, у якой два заблукаўшых у сельскай мясцовасці нямецкіх турысты апыноўваюцца на вяселлі, дзе гарачыя каўказцы востра рэагуюць на пацалункі еўрапейцаў. Аўтарскі гумар над сутыкненнем розных светапоглядаў — Усходу і Захаду — выкрывае сітуацыю, калі людзі вымушаны быць закладнікамі сваёй нязменнай за стагоддзі культуры.

Не баіцца лёгкага падыходу Гіга Баіндурашвілі ў сваім фільме “Габана”, дзе да 35-гадовага “золатакапацеля” з эміграцыі вяртаецца бязглузды старэйшы брат. Немагчымасць знайсці паміж сваякамі агульнай мовы, але неабходнасць жыць сумесна, нагадвае настрой сумных камедый савецкага класіка Георгія Данэлія, дзе героі таксама шукалі сваё месца ў гэтым складаным свеце.

Не забыліся грузіны на сваю шматпакутную мінуўшчыну. Яе ўвасабляе “Дрэнныя людзі” Гіоргі Таварткіладзе — ваенная стужка аб супрацьстаянні ў 1991 годзе прадзяржаўных і апазіцыйных сілаў на галоўным праспекце сталіцы Тбілісі. Рэалістычнасць разбуранага горада, жыхары якога знаходзяць у сабе сілы заставацца людзьмі нават у цяжкіх абставінах, становяцца галоўным вартасцямі “Дрэнных людзей”.

Мастацкая моц фільма настолькі ўражвае, што пасля паказу толькі і думаеш пра тое, калі беларускія рэжысёры пачнуць здымаць такое амбівалентнае і эмацыйна насычанае кіно. Кінематаграфісты Грузіі ўжо дамагліся гэтай мэты амаль за некалькі гадоў, дзякуючы стварэнню дзяржаўнай праграмы “Здымай у Грузіі”, якая існуе з 2016 года пры падтрымцы Нацыянальнага цэнтра кінематаграфіі і Агенцтва развіцця прадпрымальніцтва. За гэты час кінаіндустрыя ў Грузіі бурна развілася. Абарот кінавытворчасці ў 2016 годзе склаў 18 мільёнаў лары (больш за 6 мільёнаў даляраў), у 2017 — 27 мільёнаў (больш за 9 мільёнаў даляраў), у 2018 — за 38 мільёнаў (больш за 12,7 мільёнаў даляраў), а ў 2019 чакаецца абарот да 97 мільёнаў (больш за 32,6 мільёнаў даляраў).

Па словах арганізатараў фестываля, праграма “Здымай у Грузіі” прадугледжвае механізм вяртання наяўных грошай, што азначае кампенсацыю кінавытворцам да 25 працэнтаў бюджэту, выдаткаванага на здымкі на тэрыторыі краіны. За чатыры гады ў праграме “Здымай у Грузіі” ўжо зарэгістраваны 32 кінапраекты, сукупны інвестыцыйны аб’ём якіх складае 113 мільёнаў лары (больш за 38 мільёнаў даляраў).

Гледзячы на поспехі нашых былых суседзяў па СНД, Беларусь таксама магла б зрабіць такую падтрымку замежных рэжысёраў. І хто ведае, можа і ў нас з’явіўся ўласны Белавуд!

Аўтар: Тарас ТАРНАЛІЦКІ
кінааглядальнік