У абласных і раённых цэнтрах адбываюцца фестывалі і выставы, якія б і ў Мінску былі б вельмі дарэчнымі; аднаўляюцца архітэктурныя перліны мінулых вякоў, паўстаюць помнікі знакавым асобам нацыянальнай гісторыі. Калі яшчэ з’явіцца ў сталіцы той помнік князю Глебу Менскаму, а бронзавыя постаці Альгерда ў Віцебску і Гедыміна ў Лідзе ўжо радуюць вока і поўняць гордасцю сэрца патрыёта.
Дарэчы, помнік Гедыміну паўстаў менавіта сёлета. Дзякуючы агульным намаганням мясцовай культурніцкай грамады, кіраўніцтва горада і раёна, паразуменню рэгіёна са сталіцай. Ды і творчая эліта краіны за гады Незалежнасці даспела да асэнсавання глыбінных каранёў беларушчыны. Помнік работы Сяргея Аганава і Вольгі Нячай — цудоўны ўзор скульптурнай пластыкі (цяжка сказаць новае слова ў тэме “конны помнік”, а яны здолелі!) і прыклад карэктнага адлюстравання найважнейшага перыяду ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
Тое ж можна сказаць і пра слонімскі помнік Льву Сапегу, хроснаму бацьку шэдэўра дзяржаваўтваральнай думкі — Статута Вялікага Княства Літоўскага. Адкрыццё помніка адбылося ў часе святкавання Дня беларускага пісьменства. Аўтары помніка Іван Міско, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвін. Гэтая бронзавая скульптура — “жалезны” аргумент на карысць славянскага, беларускага дамінавання ў Вялікім Княстве.
Другія Еўрапейскія гульні, якія бліскуча правяла сёлета наша краіна, мелі сярод іншага і выразны культурніцкі чыннік. Шматлікія госці спартыўнага свята з пэўнай доляй здзіўлення адкрывалі для сябе сапраўдную Беларусь. Асабліва мушу адзначыць цырымонію адкрыцця Гульняў, на якой перад вачыма гледачоў на стадыёне і каля тэлевізараў прайшла па-мастацку асэнсаваная больш як тысячагодовая гісторыя нашай краіны, ад Полацкага княства і ягонага спадкаемцы — Вялікага Княства Літоўскага і да нашых дзён. Гэта была цудоўная, зладжаная праца людзей розных творчых цэхаў. Па сутнасці гэта была першая з часу абвяшчэння ў 1991 годзе Незалежнасці дэманстрацыя на міжнародным узроўні нашых глыбінных нацыянальна-гістарычных каштоўнасцей і сённяшніх духоўных прыярытэтаў.
Сярод уласна мастацкіх падзей 2019 года я вылучыў бы праведзенае ўпершыню Трыенале маладых мастакоў. Далёка не ўсё атрымалася так, як планавалі арганізатары. Цалкам справядлівымі лічу крытычныя заўвагі, што прагучалі ў коле дасведчаных прафесіяналаў падчас нефармальнага абмеркавання вынікаў Трыенале. Было б, аднак, дзіўна, каб пілотны праект, якім дадзеная мастацкая імпрэза з’яўляецца, прайшоў бы гладка. Галоўнае, што запачаткавана добрая традыцыя, і ёсць патэнцыял развіцця гэтай слушнай ідэі. Прыйшло разуменне той акалічнасці, што выхаванне творчай моладзі, прадастаўлення ёй прасторы сумоўя з глядацкай аўдыторыяй не можа быць справай выключна спонсараў, якія прадстаўляюць паспяховы бізнес. Гэта справа дзяржаўная. Зрэшты, як і культура ўвогуле.