А ты ведаеш свой край?

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Загадчык навукова-метадычнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Юлія Юшкевіч паведаміла “К”, што ў лютым наступнага года будзе праведзены першы рэспубліканскі краязнаўчы форум у рамках Года малой радзімы. Заяўкі на ўдзел у мерапрыемстве музей прымае да 27 снежня.

У форуме, што будзе ладзіцца па ініцыятыве і на базе Нацыянальнага гістарычнага музея, прымуць удзел краязнаўцы, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, навукі і інфармацыі, студэнты і навучэнцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый…

Што мы ведаем пра буйныя краязнаўчыя праекты Беларусі? Форум павінен даць грунтоўны адказ на гэтае пытанне. Сярод яго задач — стварэнне ўмоў для дыялогу паміж краязнаўцамі для абагульнення досведу; далучэнне моладзі да нашай спадчыны: гісторыі, культуры ды прыроды; грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі; фармаванне нацыянальнай самасвядомасці.

Цягам форуму мяркуецца падвядзенне вынікаў конкурсу на лепшае краязнаўчае выданне за 2017 — 2019 гады, прэзентацыя найбольш цікавых праектаў, выставы літаратуры з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Плануецца выпуск зборніка прамоў.

Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца міністэрствы культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей краіны, Беларускі фонд культуры.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"