Цяжкасці іменаслоўнай культуры

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

Назваць дзіцёнка — справа не простая. Асабліва ў наш час, калі ў дзіцячай пясочніцы, акром Арцёмаў і Міхаілаў, Дар’яў і Соф’яў, можна без праблем сустрэць і Елісея, і Глафіру і нават Амелі.

Вось і мне надоечы прыйшлося напоўніцу спазнаць усе пакуты няпростага выбару: нарадзіўся сын. Жонка схілялася да імені Якуб, я — да Макара, бацькі — да Уладзіміра. Так што раіліся доўга, перабіраючы, сярод іншых, і імёны накшталт Адама ці Марціна…

Але канчатковы наш выбар быў зроблены, бадай, у самой радзільні. Справа ў тым, што разам з жонкай у перадродавай палаце ляжала 18-гадовая дзяўчына-дагестанка, якую выдалі замуж за хлопца з Беларусі. Муж хоць і нарадзіўся ў Беларусі, але яго бацька быў родам з таго каўказскага рэгіёна.

Дык вось, гэтая маладая дзяўчына без усялякіх клопатаў і турботаў разважала на ўвесь голас у палаце пра тое, якое імя даць будучаму сыну — ці то назваць Карымам, ці то Арсланам. Бо сын Каўказа, на яе думку, павінен заставацца такім і далёка ад Радзімы.

Жонку гэта сітуацыя вельмі ўзрушыла. Мяне — таксама. І сапраўды, калі прыезджыя так лёгка называюць нацыянальнымі імёнамі сваіх дзетак у іншай краіне, дык і беларусам варта не забываць пра нацыянальнае. Так што нашая ўвага лагічна скіравалася ў бок беларускіх імёнаў. Янка, Тадэвуш, Казімір, Якуб ды многія іншыя — выбіраць было з чаго. Але найбольш прыйшліся даспадобы імёны беларуска-літоўскіх князёў — Вітаўта, Кейстута, Альгерда...

На апошнім вырашылі і спыніцца. Альгерд Юр’евіч, пагадзіцеся, гучыць няблага. І хоць што жончыны, што мае бацькі спачатку імя прынялі не надта прыхільна (ён што, літовец? ён што, Алікам будзе? зацкуюць у садку!), пазней пагадзіліся з нашым выбарам. Бо крыць ім было няма чым: самі ў савецкія часы назвалі сваіх сыноў незвычайна — Яраславам і Ціханам. А ў садку цяпер можна і Эмілію сустрэць, і Іліну, і Агату, і Кандрата — так клічуць дзяцей з той групы, у якую ходзіць наша старэйшая дачка Ульяна…

Але і на гэтым назоўная эпапея не скончылася. Як аказалася, Альгерд па-руску павінен быць запісаны ў ЗАГСе як “Ольгерд”. Менавіта так падае пераклад гэтага імені “Слоўнік асабовых уласных імён” Міхаіла Судніка, на які зазвычай і спасылаюцца ў дзяржаўных органах. І гэта прытым, што ў балцкіх мовах, адкуль і запазычана беларусамі імя Альгерд, напачатку слова ўжываецца менавіта літара “а”. Скажам, па-латышску будзе Algirds, а па-літоўску — Algirdas.

Так што, каб адстаяць Альгерда і ў рускім варыянце, прыйшлося звярнуцца па дапамогу ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адтуль мне накіравалі ліст за подпісам першага намесніка дырэктара па навуковай рабоце Аляксандра Лукашанца. Як патлумачыў Аляксандр Аляксандравіч, у адпаведнасці з іменаслоўнай традыцыяй імя Альгерд па-руску перадаецца як Ольгерд або ў адпаведнасці з правіламі транслітарацыі як Альгерд. А права выбару таго ці іншага варыянту імені пры афармленні дакументаў належыць выключна імядаўцу.

Вадзім Шклярык, кандыдат філалагічных навук, які працуе ў Інстытуце мовазнаўства, пазней сказаў мне, што пры выдачы гэтай даведкі ў філолагаў узніклі пэўныя сумненні. Маўляў, калі дазволіць Альгерда па-руску і стварыць прэцэдэнт, дык пазней беларусы пачнуць называць па-руску Олега — Алегам, а Оксану — Аксаной. Але, як аказалася, прэцэдэнт ужо быў, і Інстытут мовазнаўства не першы раз выдаваў даведку пра тое, што па-руску можна пісаць і Ольгерд, і Альгерд. Як пішуць па-руску Олександр і Александр, Олексей і Алексей ды гэтак далей.

Так што ўсё скончылася добра. Альгерд застаўся Альгердам, і ў нашай сям’і яго цяпер клічуць ці то Альгердзікам, ці то Альгесем. Але пахрысціць мы яго вырашылі ўсё ж такі Уладзімірам. А падрасце, дык хай сам канчаткова вырашыць, у гонар якога князя яму больш пасуе называцца — вялікага беларуска-літоўскага ці вялікага кіеўскага…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"