Прыйшоў ваш час, Марозавы!

№ 49 (1436) 07.12.2019 - 14.12.2019 г

26 лістапада 1930 года нарадзіўся Уладзімір Караткевіч. Мерапрыемствы з гэтай нагоды становяцца на фінішы года адной з важных восеньскіх культурных падзей. Сёлетняя восень, натуральна, не стала выключэннем. Як распавядае “К” дырэктар музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юлія Камарова, ля помніка пісьменніку ў гарадскім дзіцячым парку прайшлі традыцыйныя літаратурныя чытанні. Прыязджалі бібліятэкары з Дуброўна, пісьменнікі з Мінска.

/i/content/pi/cult/774/16710/010.JPGА ў Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча тутэйшы тэатр паказаў наведвальнікам спектакль паводле твораў знакамітага земляка. І ўвогуле, мерапрыемствы, звязаныя з днём нараджэння празаіка, паэта, публіцыста і крытыка доўжыліся цягам тыдня. У дзіцячай бібліятэцы імя Уладзіміра Караткевіча для вучняў 6 — 8 класаў была арганізавана літаратурная вандроўка. Нават гаспадар прыватнай хаты, дзе жыў Караткевіч, на пэўны час адкрыў яе для наведванняў.

Адыходзячы год адметны вось яшчэ якімі датамі: 39-годдзем з дня нараджэння пісьменніка, перакладчыка, выдаўца і настаўніка Сімяона Полацкага, а таксама — 25-годдзем Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага. Пра гэта напісалі супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання (адзін з адзінаццаці музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка) Дзіяна Кашкур і Вера Ашуева. Справа ў тым, што музей-бібліятэка — гэта ўнікальная камунікацыйная прастора, што спалучае музей і навуковую бібліятэку, аформленую ў стылі XVII стагоддзя. Аўтаркі працягваюць, што кожныя пяць гадоў у Полацку ладзяцца міжнародныя канферэнцыі, прысвечаныя вялікаму асветніку. Днямі прайшла пятая па ліку. Гаворка ішла пра светапогляд, грамадска-палітычную і літаратурную дзейнасць Сімяона Полацкага. Музейшчыкі падрыхтавалі да гэтай падзеі выставу, якая стала працягам сталай экспазіцыі. Тут прэзентуюцца ў тым ліку і прадметы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкім імя Якуба Коласа Акадэміі навук нашай краіны.

Яшчэ адна важная падзея на мяжы восені і зімы. На мінулым тыдні мне патэлефанавалі работнікі культуры Гродна і з непрыхаваным сумам паведамілі, што згубіўся Дзед Мароз. Маўляў, трэба распаўсюдзіць абвесткі па яго росшуку. Змест наступны: “27 лістапада ён скіраваўся з вёскі Залесся, што на Смаргоншчыне, у бок Гродна. Прыкметы: мажны, вочы блакітныя, нос чырвоны, а барада сівая, нораў — добры. Бязвізавы турыст. Пры ім — вялізны чырвоны мех”. А чакаюць яго, як паведаміла дырэктар Зэльвенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Сонец, у аграгарадку Елка, у цэнтры якога сёння, 7 снежня, трэба запаліць агеньчыкі на ёлцы. Вось вам і адгадка на рэбус “Што такое “Ёлка ў Елцы”?” Словам, надышоў час усяму сямейству спадароў Марозавых (Дзедам Марозам, Санта Клаусам і “продчым” Зюзям) узяцца за справу навагодніх святкаванняў ды выканаць усе нашы жаданні. Я асабіста снегу на святы папрасіў.

Аграгарадку Елка не трэба доўга думаць пра асабісты брэнд. Даўно паклапаціліся пра гэта і ў шэрагу іншых нашых паселішч. Да прыкладу, Капусныя вячоркі прайшлі днямі ў Ашмянскай раённай бібліятэцы. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ўстановы Святлана Галінская піша: “Удзельнікамі мерапрыемства сталі сябры аматарскага аб’яднання “Мудрасць+”. Тэмай гутаркі стаў працэс квашання капусты. Абмяркоўваліся і віды ды карысныя ўласцівасці гэтай гародніны. Расповед пра рэцэпты капусных страў лагічна перайшоў у іх дэгустацыю”. Ад сябе дадам, што пірагі з капустай на Ашмяншчыне — непераўзыдзеныя.

Чарговы брэнд — хлебны. Вытокі яго варта шукаць на Ваўкавышчыне. Мясцовыя метадысты распавядаюць, што супрацоўнікі Роскага Дома культуры правялі квэст “Хлеб Патоцкага”. Мерапрыемства — адмысловая частка турыстычнага маршруту “Вандроўка воўка”, арганізаванага аграэкасядзібай “Альхова”. Адзін з аб’ектаў маршруту — шыкоўны вадзяны млын. Рось славіцца яшчэ і Траецкім касцёлам ды паркавым комплексам. А вось сядзіба Патоцкіх, на жаль, не захавалася. Метадыст РЦК Ларыса Ланіна тлумачыць, што асноўныя падзеі квэсту ладзяцца ў парку. Загадчыца Роскага СДК Ірына Семяняка ў ролі гаспадыні млына і акампаніятар Аляксандр Крывіцкі ў якасці млынара “ўзбройваюць” турыстаў картай для пошуку рэцэпта бездражджавога хлеба на адмысловай заквасцы. Маршрут пастаянна ўдасканальваецца. Карацей, шмат цікавага адбываецца апошнім часам у Ваўкавыскім раёне.

Традыцыйнае ткацтва Лідчыны — гэта белыя фігурныя ручнікі. Чарговы брэнд! Тут вам і мастацкая якасць высокая, і матэматычная дакладнасць выканання. У калекцыі майстрых аграгарадка Ваверка такіх вырабаў вельмі шмат. Днямі ў вёсцы прайшло мерапрыемства “Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаем маленькую радзіму”. Сябры аматарскага аб’яднання чыталі вершы і спявалі песні пра ручнік.

Сапраўдны матэрыяльны брэнд — гэта заўжды артэфакт. Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка паведамляе пра этнаграфічную выставу-конкурс артэфактаў з фондаў дамоў і цэнтраў рамёстваў Віцебшчыны. Выстава працуе ў АМЦНТ. Пятнаццаць рэгіёнаў вобласці дэманструюць народны жывапіс і абразы, маляванку, пісанку і набойку, драўляную скульптуру і куфры, мастацкую апрацоўку бяросты і скуры, прадметы адзення… Ёсць у экспазіцыі і дыван работы Язэпа Драздовіча. Выстава называецца “Рэліквія”. Падчас яе адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу “Вянок нявесты”. Гран-пры атрымаў Гарадоцкі дом рамёстваў і фальклору.

Тэатру “Мудрасць Плюс” Навагрудскага цэнтра культуры — пяць гадоў. Першы, хоць і невялічкі, але юбілей. Калектыў носіць званне “народны”, дае кожнаму ахвотнаму тэатралу цудоўную магчымасць самавыражэння. Кіруе тэатрам Іна Гайба — загадчык аддзела метадычнай работы. Святочны спектакль адбудзецца 12 студзеня. Сюжэт наўпрост звязаны з гісторыяй тэатра. Адзіная заўвага: гэткую ж назву носіць аматарскае аб’яднанне Ашмянскай райбібліятэкі, пра якое згадана вышэй. Я параіў бы больш адказна ставіцца да выбару назваў. Іх унікальнасць павінна падкрэсліваць унікальнасць творчых калектываў. Урэшце, прыдумванне назвы — таксама творчасць не з лёгкіх.

Наваяльнянскі Дом культуры, што на Дзятлаўшчыне, унікальны не толькі назвай клубнага аб’яднання: “Эпатажны блюз”. Тут на сценах — некалькі дзясяткаў карцін самадзейнага жывапісца Анатоля Кардаша. Ён, дарэчы, і “…блюз” прыдумаў. Больш за тое — стаў ім кіраваць. Справа ў тым, што Анатоль Аляксандравіч служыў на флоце, пабываў у многіх краінах, асвоіў лячэбную гімнастыку цыгун, пачаў распаўсюджваць “сродак ад ста хвароб” сярод вяскоўцаў… Дык чаму “Эпатажны блюз”? Тлумачыць сам кіраўнік: “Калі людзі пачалі займацца, яны не чакалі такога эфекту, цыгун іх уразіў. Таму “эпатажны”. А “блюз” — музычная імправізацыя, павольная кампазіцыя, што дакладна адлюстроўвае характар нашых заняткаў”. Вывад адзіны: наваяльнянцам пашанцавала.

Дырэктар ЦБС Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская і загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірына Макарэвіч напісалі пра ўдзел цэнтральнай бібліятэкі ў Інтэрнэт-форуме СНД. Арганізатары — міністэрства культуры Краснадарскага краю і Краснадарская краявая юнацкая бібліятэка. Падчас мерапрыемства ладзіліся дні інтэрнацыянальнай кнігі, стваралася карпаратыўная паўнатэкставая база “Моладзь і кніга”, праходзілі конкурсы відэаролікаў і апавяданняў. На літаратурна-творчы конкурс Браслаўская бібліятэка прадставіла работу па творы Васіля Быкава “Альпійская балада”. Яна была прызнана лепшай сярод больш чым 70 конкурсных работ, а бібліятэка атрымала дыплом першай ступені і каштоўны падарунак.

Навіны адным радком. 70-годдзе адкрытага акцыянернага таварыства “Граніт-Агра” было адзначана на Дзятлаўшчыне вялікім канцэртам. У Дзітвянскім Доме культуры (Лідскі раён) прайшоў фестываль творчасці людзей сталага ўзросту “Сэрца мастацтву аддаём. Талент, любоў — зямлі роднай”. Скідзельская (Гродзенскі раён) гарадская бібліятэка сямейнага чытання арганізавала пасяджэнне клуба “Бяседушка”, прысвечанае гісторыі роднай зямлі.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"