Муза з кінакамерай “Аймо”

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

Да 95-годдзя беларускага кіно

/i/content/pi/cult/773/16703/024.JPGБомбы ў шпулю стужкі

Гартаю першы том выдатнага каталога-даведніка з не вельмі дакладнай назвай “Усе беларускія фільмы” — бо трэба было б яго назваць “Усе фільмы кінастудыі…” Ды не пра тое пакуль гаворка.

Але перад тым, як працягваць аповед, варта патлумачыць адно слоўца з прафесійнага слэнгу мінулых эпох. Дык вось, “частка” — гэта шпуля стужкі ў 300 метраў і хронаметражом у 10 хвілін. Поўнаметражны фільм — каля 8 — 10 частак.

Цяпер да справы. Чытаю ў каталозе-даведніку:

“1928 год: фильмы “Гришка-свинопас” — не сохранился”… “Джентльмен и петух” — сохранился без 4, 5 и 6-й частей на украинском языке… “Песня весны” Гардина — не сохранился… его же “400 миллионов” — не сохранился.

1929 год: фильмы “Отель “Савой” Файнциммера — не сохранился… “Сосны шумят” — не сохранился.

1930 год: фильмы “Настоящая жизнь” — сохранился без 2 и 4-й частей… “Ненависть” Тарича — сохранился без 3, 4, 6, 7 и 8 частей… “Рубикон” Вайнштока — не сохранился… “Хамелеон” — не сохранился… “Хромоножка” — сохранился без 5 и 6-й частей.

1931 год: фильмы “Враг у порога” — не сохранился… “Высота 88,5” Тарича — не сохранился… “Кто лучше” — не сохранился… “Солнечный поход” Корш-Саблина — не сохранился… “Ураган” Вайнштока — не сохранился… “Честь” — не сохранился.

1932 год: фильмы “Беглецы” Тарича — не сохранился… “Боям навстречу” — сохранился без 1-й части… “Печать времени” — сохранился без 2-й части… “Слава мира” Вайнштока — не сохранился… “Счастье” Файнциммера — не сохранился.

1933 год: фильмы “Дважды рождённый” — сохранился без 2-й части… “Кто твой друг” — не сохранился… “Первая любовь” — не сохранился.

1934 год: фильмы “Золотые огни” Корша — не сохранился… “Полесские робинзоны” — сохранился без 5 и 6-й частей.

1935 год: фильм “Инженер Гоф” — не сохранился.

1936 год: фильм “Днепр в огне” — не сохранился.

Атрымліваецца, знікла амаль палова прадукцыі студыі “Белдзяржкіно” больш чым за дзесяцігоддзе яе працы? Як гаворыцца, беззваротна “канула ў Лету”? Што ж здарылася?

А тое, што пераламіла лёс кожнага грамадзяніна СССР на досветку 22 чэрвеня 1941 года: вайна.

Ленінград абкружылі фашысты, абстрэльвалі, бамбілі. Задача ў іх была дакладная і простая: сцерці горад з аблічча зямлі. Бомбы трапілі і ў фільмасховішча “Белдзяржкіно”.

Амаль з самага пачатку нямецкай навалы Мінск таксама жудасна бамбілі, у тым ліку і ў раёне недабудаванай кінастудыі. Пацярпела фільматэка — акурат яе паспелі перавезці з Ленінграда.

Сумная паралель: складаецца ўражанне, нібы знішчэнне артэфактаў гісторыі беларускага кіно было адной з галоўных задач фашысцкага Люфтвафэ.

Сляды “Вярнідуба”

А што ж з праектам Уладзіміра Корш-Сабліна і Івана Білібіна, пра які мы пачалі распавядаць у папярэдняй серыі? Ужо ж пачаліся падрыхтоўчыя работы па запуску кіналегенды “Каваль-вярнідуб”! Што з білібінскімі эскізамі?

Са словамі “З цвярдыні ў асадзе не бягуць” мастак адмовіўся пакінуць абкружаны ворагам Ленінград. Ён падзеліць лёс соцень тысяч яго жыхароў: памрэ ад голаду ў першую ж блакадную марозную зіму — у лютым 1942-га. Пахаваны ў безыменнай магіле на Смаленскіх могілках разам з членамі Акадэміі мастацтваў, а памяць аб ім — мемарыял “Піскароўскія могілкі”.

Там жа, на Піскароўскіх, ушаноўваецца памяць загінулых скрыпача і трамбаніста джаз-аркестра Якава Скамароўскага, які запісваў музыку да беларускіх фільмаў. Музыкантаў, што ў мароз і голад у блакадным горадзе выконвалі 7-ю Ленінградскую сімфонію ленінградца Шастаковіча. Памяць пра работнікаў кінастудый “Ленфільм” і “Белдзяржкіно”.

Корш, апрануўшы ваенную форму, стаў рэжысёрам франтавой кінахронікі. Але пакідаючы Ленінград, ён прыхапіў 13 эскізаў Білібіна, — канешне ж, з надзеяй на ажыццяўленне праекта адразу ж пасля вельмі хуткай перамогі. Тады яшчэ гучала ўвушшу тая даваенная фраза Варашылава: “на тэрыторыі ворага, малой крывёю”.

Калекцыя ўключае тры эскізы дэкарацый, дзесяць эскізаў касцюмаў, частка з іх чорна-белыя. Дванаццаць знаходзяцца сёння ў Мінску ў кватэры вядомых кінематаграфістаў. Адзін у мяне, падпісаны мастаком. Ініцыялы “И. Б. 41” — дата — і яго зацемка “Краски”. Гэта эскіз апранахі нейкага гарбатага чудзілы з доўгімі пазногцямі.

Расійскія “білібіназнаўцы” нават не здагадваюцца, што эскізы Івана Якаўлевіча знаходзяцца ў Мінску. Творы ніколі нідзе не выстаўляліся. Іх усе разам можна ўбачыць толькі ў маім фільме 2000 года “Разам з ім”, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння майго кінанастаўніка, народнага артыста СССР Уладзіміра Уладзіміравіча Корш-Сабліна.

Рэканструкцыя страчанага

Навукоўцы-медыявісты дбайна рэканструююць культуру старадаўняй Русі да татара-мангольскага нашэсця — па дробных, цудам ацалелых, фрагментах. У выпадку з даваенным беларускім кінематографам нам давядзецца рабіць тое самае.

Перад самай вайной ігравую кароткаметражку “Песня пра сяброўства” завяршыў рэжысёр Сяргей Сплашноў. Гэта быў той жанр, у якім ён працягне здымаць і пасля вайны: лірычная камедыя.

Сігізмунд Наўроцкі зняў поўнаметражную карціну “Сям’я Януш” паводле малазразумелага — прынамсі, у пераказе энцыклапедыі — сцэнарыя Яўгена Памешчыкава. Але гэтае шкоднае для нашага кіно прозвішча мы запомнім. І адзначым: у сюжэце ўжо быццам паблісквала зарава вайны.

Але пачалася вайна сапраўная, і абодва фільмы ці то згарэлі — як мноства астатніх беларускіх — ці то папросту некуды згінулі. Карацей, не захаваліся.

Няскончаныя расійскія фільмы, — да прыкладу, “Свінарка і пастух” Пыр’ева, “Іван Жахлівы” Эйзенштэйна — тэрмінова даздымаліся. Ледзь не пад бомбамі.

А ўжо ў гады вайны кінематаграфісты выпускалі фільмы-канцэрты з патрыятычнай тэматыкай: “Баявыя кіназборнікі”, у якіх карыкатурна высмейваліся фюрэр і яго ваякі.

Выходзілі і мастацкія фільмы: “Чалавек 217”, каляровы “Іван Нікулін — рускі матрос” з Іванам Пераверзевым, “Вясёлка” з Наталляй Ужвій, “Сакратар райкама” з Васілём Ваніным… І, вядома, шэдэўр Леаніда Лукава “Два байцы”. З песнямі “Цёмная ноч” і “Шаланды, поўныя кефалі”, якія і на фронце, і ў тыле з голасам Марка Бернеса імгненна сталі не проста хітамі, а, па сутнасці, народнымі.

Прытулак у эвакуацыі

І тут варта адзначыць, што нават у тыя шалёныя часіны ўлады разумна захоўвалі творчыя кадры. У Алма-Ату, у глыбокі тыл, здолелі эвакуяваць частку кінематаграфістаў з Ленінграда, Масквы, а таксама са студый акупаваных гарадоў — Мінска, Кіева, Адэсы, Ялты.

У Алма-Аце мне давялося пабываць гадоў праз сорак пасля тых падзей — я банальна прыехаў на чарговы ў маім жыцці кінафестываль. Але, зразумела, скарыстаў нагоду для занурэння ў гісторыю. І вось, старажыл тамтэйшай студыі паказаў мне двух- ці трохпавярховы дом-каўчэг, дзе ў адным пакоі месціліся па 2 — 3 сям’і. Суразмоўца дакладна пералічваў, за якім акном хто жыў, называў прозвішчы рэжысёраў, сцэнарыстаў, акцёраў, аператараў. Усе імёны — у кнігах па кіно і энцыклапедыях.

Затым мне, цікаўнаму, адчынілі вароты маленькага — метраў 200 — 300 квадратных — былога павільёна, заваленага нейкім смеццем ці то абломкамі дэкарацый. Не верылася, што тут вялікі Эйзенштэйн здымаў некаторыя эпізоды вялікага фільма “Іван Жахлівы”.

Недзе тут, на студыі, якая стала звацца “Аб’яднанай”, знялі і патрыятычную карціну пра героя Грамадзянскай вайны “Аляксандр Пархоменка”: той жа рэжысёр фільма “Два байцы” Леанід Лукаў, той жа кампазітар Мікіта Багаслоўскі, які напісаў песню “Ты ждёшь, Лизавета…”, якая таксама хутка стала лічыццца народнай… Акцёраў у эвакуацыі часам не хапала, і Барыс Чыркоў у “Пархоменку” іграў як станоўчую ролю, так і Бацьку Махно.

Жах і адчай

Дый што тут казаць, калі нават ужо сусветна вядомы на той час драматург і рэжысёр Бертольд Брэхт ратаваўся ад нацыстаў у глыбінцы СССР! І вось тады ён прапанаваў Усеваладу Пудоўкіну сваю п’есу, створаную на свежым матэрыяле: “Жах і адчай у Трэцяй імперыі”. Хутка яны супольнымі намаганнямі пераўтварылі яе ў сцэнарый.

У якасці сурэжысёра Пудоўкін запрасіў майстра-заснавальніка беларускага кіно — Юрыя Віктаравіча Тарыча.

У эвакуацыі, у Алма-Аце, яны знялі карціну “Забойцы выходзяць на шлях”. Удзельнічалі ў ёй славутыя акцёры тэатра і кіно: Міхаіл Астангаў, Ада Войцык, Алег Жакаў, Соф’я Магарыл, Барыс Бліноў.

Ва ўсіх навелах у дзейных асоб дамінавалі два становішчы: жах і адчай, якія заяўлены ў назве п’есы. Напрыклад: прафесар вядзе за сямейным абедам вальналюбныя разважанні. Раптам маці заўважае, што знік сын. Усім ясна: пайшоў з даносам. У бацькі-прафесара, натуральна, жах і адчай.

Карціну не толькі не выпусцілі на экран, а нават не прадставілі мастацкаму савету студыі. Жах і адчай у тыя часы былі ўласцівыя не толькі грамадзянам Трэцяй імперыі.

Па нейкай шчаслівай выпадковасці копія гэтай карціны апынулася ў Мінску, у музеі беларускага кіно.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр