Светлыя Ганцавічы

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

У краі ткацтва і іншых рамёстваў
Даведаўшыся пра паездку аглядальніка “К” у “свой” раён, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама Віктар Супрун настойліва парэкамендаваў мне паспець зазірнуць у Раённы дом рамёстваў у самім горадзе. “Кіруе ім сапраўдны прафесіянал у галіне культуры Ала Васільеўна Занька, — паведаміў ён. — Будынак, у якім знаходзіцца ўстанова, адрамантавалі ў канцы 2017-га года так, што паказаць яго сёння не сорамна чыноўнікам самых высокіх рангаў. Адно задавальненне кіраваць ім! Дакранаючыся ж непасрэдна да дзейнасці Дома рамёстваў, скажу наступнае: працуе ён не горш, чым арганізацыі падобнага профілю краіны. Галоўнае — удалося захаваць пераемнасць пакаленняў. Да нядаўняга часу ў раёне пражывалі чатыры ўмельцы, што насілі званне народны майстар Рэспублікі Беларусь. (На жаль, ткачыхі і вышывальшчыцы Феаніі Яўстаф’еўны Крысюк ужо няма на гэтым свеце.) На змену ж заслужаным спецыялістам, ім у дапамогу заўсёды гатовыя прыйсці іх вучні, якія толькі яшчэ ўчора пачыналі навучацца рамёствам”. Ігнараваць запрашэнне Віктара Міхайлавіча я, вядома, не мог…

/i/content/pi/cult/773/16699/018.JPGШто было і ёсць

Сапраўды, звонку раённы Дом рамёстваў глядзіцца проста прыгажуном. Прыгожы ён, як аказалася, і тым, што адбываецца ўнутры яго. А адкрылася ўстанова ў 1997-м годзе, і ў ёй быў прадстаўлены велізарны матэрыял пра традыцыі рэгіёна, аб ткацкіх вырабах, які збіралі тагачасны дырэктар РДР Марыя Іванаўна Муха з паплечнікамі. З тых часоў і па гэты дзень спецыялізуецца ўстанова менавіта на ткацтве — чатырохнітавым, характэрным для Ганцаўшчыны: фонд Дома складае больш за чатырыста прадметаў такой вытворчасці. Зрэшты, гістарычна вядомы раён і сваімі ганчарным мастацтвам і вышыўкай рышэлье.

Праводзячы для мяне экскурсію па Доме рамёстваў і распавядаючы пра асаблівасці вырабу той ці іншай рэчы, дырэктар Ала Занька адзначыла, што на выставах, якія тут праводзяцца рэгулярна, экспануюцца не толькі работы ткачых, вышывальшчыц, але і прадметы, выкананыя майстрамі па пляценні з прыродных матэрыялаў, карункапляценні, выцінанкі, ганчарнай справы, роспісу па дрэве, разьбярамі па дрэве. Прадукцыю гэтую можна набыць як у самой установе, так і на выязных кірмашах-продажах, — няхай будзе тое Рэспубліканскі фестываль “Вясновы букет” або “Ягелонскі кірмаш” у польскім Любліне.

У асобным памяшканні РДР знаходзяцца работы народных майстроў — ткачых і вышывальшчыц Феаніі Крысюк, Ульяны Віннік, Ніны Казак і ганчара Віталя Шэпелевіча.

— Вы можаце ўбачыць вырабы, да прыкладу, і бабулі Ніны Мікалаеўны, яе мамы, дачкі, унучкі, — акцэнтуе маю ўвагу дырэктар. — Вось як дынастыя рукадзельніц Казак у нас прадстаўлена!

У Доме рамёстваў ёсць і экспанаты, якім за сто гадоў, і дзеючыя ткацкія станкі, што бесперабойна выдаюць прадукт ужо другое стагоддзе. Пабыць жа некалькі хвілін докамі якога-небудзь рамёства могуць тыя, хто прыходзіць у РДР на майстар-класы (кошт урока складае два рублі). “Неяк да нас прыводзілі дзяцей з дзіцячага сада, і ім захацелася праявіць сябе ў выцінанцы, — успамінае спадарыня Занька. — Я думала, ніхто з іх нажніц яшчэ не ўмее трымаць, а яны так тут сталі выразаць — проста вундэркінды нейкія!”

Пры Доме рамёстваў дзейнічаюць “Народны клуб майстроў “Багач” (25 чалавек), гурткі па ткацтве, вышыўцы і роспісу (усяго 36).

— “Багач” — месца сустрэчы вопытных спецыялістаў, — распавядае Ала Занька. — А гурткі наведваюць у асноўным школьнікі, пераважна навучэнцы сярэдніх класаў (на жаль, старшакласнікі ў гэтым сэнсе інэртныя, ды і майстар-класы асаблівую цікавасць у іх не выклікаюць). Захапленні для гурткоўцаў хобі, як правіла, і застаюцца: скажам так, — прафесійна рамёствамі займаецца не вельмі шмат нашых выпускнікоў, як хацелася б. Але — займаюцца, таму і за пераемнасць пакаленняў пакуль асцярогі няма.

У дзейнасці ўстановы занята за дзвесце ўмельцаў з усяго раёна. Перыядычна яны прымаюць удзел у конкурсах як унутры краіны, так і за мяжой, перамогі, натуральна, прыходзяць. А мінулым летам у Ганцавічах упершыню арганізавалі свята народных промыслаў, рамёстваў і фальклору “З народнымі традыцыямі ў новы век”. Мяркуецца, што гэты фестываль стане штогадовым.

Што ёсць і будзе

— Ала Васільеўна, у выставачнай зале разам з творамі народных майстроў можна ўбачыць і батлейку, — звяртаюся я да дырэктара. — Гэта значыць, установа выконвае функцыі, уласна, Дома рамёстваў, музея і, як аказваецца, арганізацыі, што праводзіць забаўляльныя мерапрыемствы?

— Так. У гэтую нядзелю батлейка пакажа праграму для дзяцей “У гасцях у Зюзі”, на будучыню рыхтуем спектакль пра цара Ірада. Традыцыя і гэтых мерапрыемстваў, і іншых закладзена яшчэ маімі папярэдніцамі-дырэктарамі Марыяй Іванаўнай Мухай і Маргарытай Аляксандраўнай Саланевіч. Я ж узначальваю раённы Дом рамёстваў з мінулага снежня, а наогул у маім паслужным спісе праца бібліятэкарам, кіраўніцтва сельскім клубам і Домам народнай творчасці ў вёсцы Ганцавічы, раённым краязнаўчым музеем, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганцавіцкага райвыканкама. Амаль сорак гадоў я ў культуры, і за гэты час у мяне назапасілася шмат матэрыялу, звязанага з беларускімі народнымі традыцыямі. І сабранае, вядома, трэба было рэалізаваць, што мы з калегамі і пачалі рабіць у перыяд летніх аздараўленчых лагераў для дзяцей. Не па метадычках і інтэрнэту, а самі прыдумлялі праграмы на аснове мясцовых забаў, у якія калісьці гулялі нашы прабабулі і прадзеды, бабулі і дзядулі. Ладзілі конкурсы — таксама з выкарыстаннем тутэйшых прыказак, прымавак.

Дарэчы, пры Доме рамёстваў збіраюцца арганізаваць і ўласны фальклорны калектыў! А цяпер яшчэ пра музей. Той, што дзейнічае ў РДР, так у ім і застанецца. Але ва ўстанове, як я ўжо пісаў вышэй, сабралася вялікая колькасць вырабаў з тканін, якія таксама патрабуюць выхаду на публіку. І ў Доме рамёстваў прыдумалі гуманітарны праект па стварэнні на сваёй базе інтэрактыўнага музея традыцыйнага ручнога ткацтва. Прафінансавана павінна быць узвядзенне самога будынка — пажадана прыбудовы да асноўнага, яго аздабленне, набыццё і мантаж абсталявання для дэманстрацыі экспазіцый — ад стэлажоў да перасоўных тэрміналаў, і гэтак далей. Вопыт выйгравання грантаў у РДР ёсць — у 2002-м годзе ён атрымаў Прэзідэнцкі грант на развіццё ткацтва. (Між іншым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў калектыў установы і ў 2011-м, калі Дом рамёстваў на цырымоніі ўручэння прэміі “За духоўнае адраджэнне” быў удастоены спецпрэміі Прэзідэнта “за адраджэнне і захаванне народных рамёстваў, далучэнне моладзі да традыцыйнай культуры”). У РДР спадзяюцца, што і гэтая ідэя ўвасобіцца ў жыццё — як і ініцыятыва аб унясенні чатырохнітавага ткацтва ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сярод іншых планаў установы — рэалізацыя яго прадукцыі ў замежных краінах, і магчымасці для гэтага ёсць.

У савецкім кінахіце 1940-га года “Светлы шлях” распавядаецца пра лёс дзяўчыны, якая, пераехаўшы з вёскі ў горад, стала там перадавой ткачыхай. Існаванне і дзейнасць Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў і ёсць прыклад светлага шляху. Ва ўстанове не проста беражліва захоўваюць памяць аб промыслах рэгіёна, а не даюць ім знікнуць у глыбіні стагоддзяў. Старадаўнія прадметы адзення, абрусы, посцілкі, ручнікі, сучасныя рэчы выступаюць тут і ў ролі экспанатаў, і як узоры высокай народнай творчасці, асновы якой спасцігаюць паслядоўнікі знакамітых мясцовых майстроў. А тыя, у сваю чаргу, і іншыя ўмельцы-прафесіяналы працягваюць цудадзейнічаць, і, дзякуючы іх чароўным рукам, на свет з’яўляюцца новыя, шыкоўныя творы мастацтва. Усе разам гэтыя людзі і ідуць шляхам светлым. І хай на ім магчымых цёмных кіламетраў будзе паменш. Ну а рэальным пацвярджэннем выбару дакладнай дарогі рамеснікамі Ганцаўшчыны служыць той факт, што, напрыклад, у аграгарадку Чудзін і вёсцы Будча плануецца стварэнне майстэрняў з ткацкімі станкамі ў іх.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"