Пра “Міс Беларусь” і Несцерку ў Смаленску

№ 47 (1434) 23.11.2019 - 30.11.2019 г

Для кагосьці восень — гэта хандра і туга, для іншых — час любавацца залатым лістападам і здзяйсняць задуманае. Мяркую, супрацоўнікі сферы культуры Беларусі адносяцца менавіта да другой катэгорыі людзей. Бо не стамляюцца не толькі ладзіць шматлікія мерапрыемствы на самую разнастайную тэматыку, але і дасылаць нам свае лісты з паведамленнямі пра праведзеныя імпрэзы. Таму наш традыцыйны агляд рэдакцыйнай пошты атрымаўся, як заўсёды, насычаным і змястоўным на цікавыя падзеі.

/i/content/pi/cult/772/16670/012.JPGЦі лёгка быць добрым?

Пачнём інфармацыяй з Міншчыны. Як вядома, яшчэ ў жніўні ў Заслаўі прайшоў ІІ Міжнародны мастацкі пленэр “Заслаўскі Спас”, на які прыехала 120 мастакоў, прычым, як прафесіяналаў, так і аматараў з Беларусі, Расіі, Украіны, Партугаліі, ЗША і Іспаніі. Вынікі працы мастакоў да сёння можна ўбачыць на выставе “Заслаўскі Спас — 2019” у гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”.

Але гэта, так бы мовіць, толькі прыказка. А галоўнае паведамленне вось якое: як напісала ў “К” ініцыятар і куратар імпрэзы мастак Настасся Балыш, сёння пленэр удзельнічае ў вядомым конкурсе сацыяльных праектаў Social weekend. Дзякуючы народнаму галасаванню, “Заслаўскі Спас” трапіў у чвэрцьфінал і арганізатары мерапрыемства цяпер праходзяць адукацыйны курс, рыхтуюцца да наступнага года.

— Дарэчы, налета пленэр будзе дабрачынным, — адзначае аўтарка допісу. — Творы мастакоў можна будзе набыць па мінімальным кошце, а ўсе атрыманыя сродкі пойдуць на лячэнне дзяцей.

Да слова, ужо сёння “Заслаўскі Спас” запрашае да ўдзелу мастакоў, аматараў малявання, а таксама спонсараў, якія могуць дапамагчы праекту з набыццём розных матэрыялаў — фарбаў, пэндзлікаў, палотнаў, паперы і іншых “расходнікаў”.

У аграгарадку Баруны Ашмянскага раёна 11 лістапада супрацоўнікамі мясцовага клуба была зладжана імпрэза ў рамках музычна-забаўляльнага калейдаскопа “Добрым быць зусім — зусім не проста!” Дзеці, што завіталі на мерапрыемства, разбіраліся, што такое дабрыня, навошта яна патрэбна, што трэба рабіць для таго, каб свет стаўся лепшым? Пытанні, дарэчы, цалкам магчыма адрасаваць і дарослым, каб і яны задумаліся над тым, ці ёсць месца дабрыні ў іх паўсядзённым жыцці. Таксама для хлопчыкаў і дзяўчынак былі паказаны міні-казкі “Добры Пеўнік” і “Спрытнае Мышаня”.

А ў саміх Ашмянах 6 лістапада адбыўся рэгіянальны этап Нацыянальнага конкурсу прыгажосці “Міс Беларусь”. Цікава, што ўзяць удзел у кастынгу маглі толькі беларускі ўзростам да 24 гадоў і ростам не ніжэй за 174 сантыметры. Таксама важнай умовай для ўдзелу будучай “міс” у конкурсе была адсутнасць татуіровак і пірсінгу. Мяркую, апошняя ўмова “адсеяла” многіх прэтэндэнтак…

“Праменьчык” чытае Ягоўдзіка

Але і гэта яшчэ не ўсе навіны з Ашмяншчыны. Так, днямі ў сельскай бібліятэцы аграгарадка Каменны Лог Ашмянскага раёна адбылося пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Праменьчык” на тэму “Як цікава ўсім на свеце з кнігамі Ягоўдзіка ўсім дзецям”. Бібліятэкар распавядала дзецям пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, пра ягоныя кнігі на тэму прыроды, на тэму гістарычнага мінулага нашай краіны ды многія іншыя. Раскрыццю шматграннасці таленту пісьменніка пасадзейнічала і адмысловая кніжная выстава пад назвай “Скарбы Радзімы”.

Як піша нам наш сталы аўтар, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ Андрэй Струнчанка, у рамках падпісанай дамовы аб культурным супрацоўніцтве паміж Віцебскім і Смаленскім абласнымі цэнтрамі народнай творчасці, 12 лістапада ў Смаленску адкрылася выстава традыцыйных галаўных убораў Віцебшчыны. У экспазіцыі прадстаўлены дзявочыя і вясельныя вянкі, жаночыя наміткі, чапцы, хусткі ды шалі, а таксама мужчынскія магеркі, брылі, аблавухі, картузы і іншыя, зробленыя па даўніх узорах майстрамі народных мастацкіх рамёстваў рэгіёнаў вобласці — Падняпроўя, Падзвіння і Паазер’я.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы яе наведвальнікаў забаўляў беларускі народны персанаж Несцерка, а пазнавальны экскурс па экспазіцыі правяла кандыдат мастацтвазнаўства, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ Людміла Вакар.

І яшчэ адна навіна ад Андрэя Струнчанкі. 13 лістапада ў Віцебскім АМЦНТ на базе Школы электроннай музыкі адбыўся семінар-практыкум пад назвай “Аб дыскатэчным руху і арт-мэнэджменце ў культурна-дасугавай дзейнасці”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі розных рэгіёнаў Віцебшчыны.

Як адзначае аўтар ліста, падчас пасяджэння былі заслуханы выступленні пра тэндэнцыі дыскатэчнага руху ва ўстановах культуры Віцебскай вобласці, а таксама пра праблемы і якасць правядзення дыскатэчных мерапрыемстваў. А пазней прысутныя змаглі прыняць удзел у практыкуме па рабоце на сучасным дыскатэчным абсталяванні. Практычныя заняткі для ўсіх ахвотных зладзіў вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ Віктар Фралоў. Пазнавальным, па словах Андрэя Струнчанкі, стаўся і ягоны выступ на тэму “Арт-мэнэджмент у культурна-дасугавай дзейнасці”.

Як зберагчыся ад “белай чумы”?

Працягнем наш агляд чарговым лістом з Гродзеншчыны. Так, 15 лістапада Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі запрасіла вучняў мясцовай гімназіі на інтэрактыўную гульню “Маладыя выбаршчыкі XXI стагоддзя”.

— І хоць юным грамадзянам яшчэ не васямнаццаць, да дня, калі яны змогуць стаць выбаршчыкамі, трэба рыхтавацца загадзя, — піша нам з веданнем справы бібліятэкар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Ірына Гудач. — Так, пытанні прававой міні-віктарыны “Усё пра выбары”, конкурсы “Выбарчая лінгвістыка”, “Сітуацыя” дапамаглі камандам замацаваць свае веды ў галіне палітычнай і грамадзянскай культуры. А тур “Час абіраць” дазволіў не толькі пазнаёміцца з перадвыбарчымі праграмамі, але і прапрацаваць іх па самых важных, на думку гімназістаў, пунктах.

Святлана Чубрык з Навагрудскай раённай бібліятэкі напісала нам пра дзень інфармацыі “Новая прававая літаратура”, праведзены ва ўстанове. Цягам дня ў чытальнай зале можна было пазнаёміцца з кніжнымі юрыдычнымі навінкамі, навукова-папулярнымі і вучэбнымі выданнямі, тэматычнымі часопісамі. Таксама на дзень інфармацыі завіталі вучні адной з гарадскіх школ, якія ў інтэрактыўным фармаце гульні і спаборніцтваў паміж дзвюма камандамі змаглі пазнаёміцца з новай юрыдычнай літаратурай, замацаваць сваё веданне спецыяльных прававых тэрмінаў і азначэнняў, а таксама абмеркаваць тэму прафілактыкі наркаманіі.

Артыкул на падобную тэму даслалі нам са Свіслацкай раённай бібліятэкі. Як напісала ў рэдакцыю метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Алена Рабчэнка, 12 лістапада ў раённай бібліятэцы з навучэнцамі адной з сярэдніх школ быў праведзены актуальны дыялог “Што ўяўляюць з сябе наркотыкі”. Прысутныя пачулі аповед пра гісторыю ўзнікнення і выкарыстання наркотыкаў у паўсядзённым жыцці і лячэнні, а госці сустрэчы, якія завіталі ў бібліятэку з адпаведных органаў і арганізацый, распавялі пра адказнасць за ўжыванне, захоўванне і распаўсюджванне наркотыкаў, аб магчымасці лячэння ад залежнасці, пазнаёмілі прысутных са “сцэнарыямі” ўцягнення ў наркатызацыю і гэтак далей. Падчас актыўнага дыялогу старшакласнікі абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні па гэтай тэме, напрыклад, прычыны наркаманіі, як зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад “белай чумы” ды многія іншыя.

І апошняе. Спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок у сваім лісце нагадала ўсім чытачам “К” пра тое, што з 11 па 30 лістапада ў Беларусі ладзіцца рэспубліканская акцыя “Не прапалі сваё жыццё”. Гаворка, як можна здагадацца, вядзецца пра курэнне і яго наступствы. Так, па словах Таццяны Бычанок, у Беларусі больш за палову ўзгаранняў у жылых дамах адбываецца з-за недапаленай і незатушанай цыгарэты. Ахвярамі падобных узгаранняў становяцца каля 70 працэнтаў ад агульнай колькасці загінулых на пажарах. Каб папярэдзіць наступствы падобных дзеянняў, актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і супрацоўнікі МНС расказваюць у транспарце, на прадпрыемствах, ВНУ, гандлёвых цэнтрах і іншых грамадскіх месцах аб небяспецы курэння ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення, дэманструюць аўдыя і відэаролікі, размяшчаюць на стэндах папераджальныя ўлёткі і памяткі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"