Чалавек з канала Грыбаедава

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Да 95-годдзя беларускага кіно
У 1930-я жанравы дыяпазон карцін “Белдзяржкіно” становіцца ўсё больш шырокім: кінематаграфісты імкнуцца дагрукацца да самай рознай аўдыторыі. Не забытыя і юныя гледачы: студыя і надалей будзе ствараць фільмы пра дзяцей і для дзяцей, прычым цікавыя і высокага мастацкага ўзроўню.

/i/content/pi/cult/771/16661/019.JPGНаша рабінзанада

Хто з дзяцей не марыць пра вандроўкі, пра неадкрытыя неабжытыя выспы! У 1934 годзе студыя экранізуе свежанадрукаваную аповесць Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”: два хлопчыкі аказваюцца на выспе сярод балот… Ці ж не ідэальная завязка для прыгодніцкага фільма?

Прозвішча Паўла Клушанцава, здаецца, нават не ўключылі ў цітры. Хаця па прызнанні замежных даследчыкаў, у гісторыі сусветнага кінематографа ён быў трэцім — саступаючы толькі французу Жоржу Мельесу і рускаму Уладзіславу Старэвічу — у рэйтынгу вынаходнікаў неверагодных кінатрукаў.

Хадзіла пагалоска, нібы славуты летуценнік Джордж Лукас падчас візіту ў СССР прасіў звесці яго з мясцовым штукаром… І выявілася, што нашы пра такога нават не чулі. Чарговы забыты прарок у сваёй айчыне…

Камбінаваныя і трукавыя здымкі Клушанцава ўваходзілі ў многія беларускія фільмы пачатку 1930-х. Біяграфія “фокусніка экрана” сведчыць, што з 1930-га па 1934-ты ён працаваў на “Белдзяржкіно” — і, пэўна ж, не проста там лічыўся.

Што цікава, праз 40 гадоў на “Беларусьфільме” знялі “Неадкрытыя выспы” — рымэйк (хаця лепш назваць гэта проста новай экранізацыяй) славутай аповесці Маўра.

Канцэрт для паравоза з аркестрам

Ва ўступных цітрах карціны “Канцэрт Бетховена” сярод акцёраў значыцца Марык Тайманаў. Гэты 11-гадовы кудлаваты вундэркінд адначасова быў піяністам, віяланчэлістам і футбалістам. А па патрабаванні кінасюжэта за два месяцы ім была засвоеная ў дадатак і скрыпка.

Калі з Марыка ён вырас у Марка Яўгенавіча, прозвішча ўжо было на слыху. Праўда, вызначыўся гэты хлопец не на ніве музыкі: ён стаў грасмайстрам, выйграўшы незлічоныя шахматныя турніры.

Адна з самых запамінальных сцэн фільма — гэта калі экспрэс “Музычная страла” імчыць проста на гледача. Круглы “твар” паравоза ажывае і разам з усімі пачынае спяваць — неспадзяваная цікавая мультыплікацыя! І выводзяць звонкія дзіцячыя галасы ды паравозны бас вядомую ўсім у 1930-я гады бадзёра-аптымістычную песеньку “Эх, хорошо в стране советской жить!”

Я развучваў яе ў дзіцячым садку, не падазраючы, што некалі буду працаваць на студыі, дзе тая песенька нарадзілася. Музыка, вядома ж, Дунаеўскага. Ён пакуль яшчэ піцерац з Гарохавай — і, як гаворыцца, “прыкіпеў” да беларускай студыі, аздабляючы сваёй музыкай фільм за фільмам. Дарэчы, у рэцэнзіі на “Канцэрт Бетховена” яго назвалі “першым памочнікам рэжысёра”.

А сам кампазітар у інтэрв’ю прызнаецца:

— Эпізод “музычнай бойкі” з “Вясёлых хлопцаў” па прафесійнай лоўкасці і, так бы мовіць, музычнаму спрыту ды тэхнічнай складанасці не мае сабе роўных у маёй музычнай дзейнасці — за выключэннем хіба эпізоду “Цягнік” з фільма “Канцэрт Бетховена”.

Фільм дэманстраваўся ў ЗША, Чэхаславакіі, Англіі, Бельгіі, Даніі, Галандыі, Францыі.

На Сусветнай выставе ў Парыжы, дзе павільён СССР вянчала скульптура Веры Мухінай “Рабочы і калгасніца”, фільм атрымаў Ганаровы дыплом.

З музыкай Дунаеўскага выходзіць добрая палова тагачаснай прадукцыі студыі: агулам з дзясятак карцін. І, канешне ж, сярод іх — усе фільмы Корша тых гадоў: узгаданы “Першы ўзвод”, затым “Залатыя агні”, “Дачка радзімы”...

Неўзабаве Корш зняў два фільмы, — вядома ж, таксама з музыкай Дунаеўскага, — якія быццам “выторкваюцца” з яго “палітычна правільнай” творчай біяграфіі: “Шукальнікі шчасця” і “Маё каханне”.

Амерыканцы ў пошуках шчасця

У цітрах фільма “Шукальнікі шчасця” — прозвішчы знакамітых творцаў яўрэйскага паходжання: пісьменнік Кобец, сурэжысёр Шапіра, кампазітар Дунаеўскі, кансультант Міхоэлс… У ролі Двойры — старая, яшчэ з тэатра Фёдара Корша, актрыса Блюменталь-Тамарына, Бій-Бродскі ў ролі кранальнага недарэкі Шлёмы і, урэшце, Веніямін Зускін у галоўнай ролі Піні Копмана. Тут акцёрскія асаблівасці дакладна ляглі на характар персанажа.

Слова сучаснікам — з рэцэнзій:

“Удачно разработаны характеры, широко использована музыка, а комедийный язык был сдержанным, лишённым резких эксцентрических красок, обусловлен бытовыми наблюдениями”.

“Аперыруючы сродкамі простага рэалістычнага мастацтва, аўтары стварылі вобразы вялікай мастацкай прастаты, якія хвалююць”.

“Содружество драматурга, первоклассного актёра и режиссёра создало образ типический, сложный и противоречивый”.

“Много места отведено иронии, шутке, события фильма развиваются легко, непринуждённо”.

Зразумела, у карціне была аддадзеная даніна актуальным ідэалагічным павевам. Эмігрантаў з Амерыкі там паказалі як асобаў з іншай, ніж у людзей савецкіх, ідэалогіяй, іншымі жыццёвымі каштоўнасцямі. Амерыканцы ніколі не ўстануць за прадольна-расточны такарны станок, не пойдуць у даяркі, пастухі ці трактарысты, — словам, не будуць з песнямі будаваць сацыялізм.

Пэўна, прадчуваючы правал кампаніі па перасяленні яўрэяў на суворы Далёкі Усход, Корш па-майстэрску прыкрыў акцыю расхваленымі ў рэцэнзіях “иронией, шуткой”. Але гумар у фільме мае прысмак горычы.

Ды і сам лёс фільма драматычны: яго тройчы здымалі з экранаў.

Амаль адразу пасля выпуску — у сувязі з арыштам Рыгора Кобеца. Другі раз — у 1948-м, пасля забойства ў Мінску Міхоэлса. У трэці раз — на пачатку 1950-х, калі была сфабрыкаваная “справа ўрачоў”.

Але па выхадзе фільма гучалі кампліменты. І найперш — ізноў на адрас Дунаеўскага: “Главная заслуга в создании образа новой жизни принадлежит композитору. Широко и искусно использовав еврейские национальные мелодии, он написал несколько превосходных песен и танцев, весёлых и трогательных, сердечных и счастливых, сохранившихся в памяти всех народов многонациональной советской страны”.

Каму з гэтым справіцца, як не аўтару, народжанаму ў мястэчку за “мяжой аседласці” — гэта Лохвіца ва Украіне?

Радыё ў тыя гады, як заўважыў у нататках Ілья Ільф, “ещё не вошло в каждый дом”, грамплыты былі дэфіцытам, і адзіным прапагандыстам новых песень з’яўлялася кіно. У кожным фільме абавязкова гучалі: бадзёры марш, нейкія жартоўныя куплеты-папеўкі і песня, якой наканавана стаць папулярнай: яе напявалі, ужо выходзячы з кінасеанса. Схему гэтага музычнага напаўнення фільмаў выпрацаваў менавіта Дунаеўскі, і ён сам даткліва ёй следаваў.

Для “Шукальнікаў шчасця” былі напісаныя і марш, і песенька рыбакоў “На рыбалке у реки”, і лірычная “Ой, ты, сердце девичье”. У ёй толькі ў інструментальным уступленні столькі мелодыкі, што якому іншаму кампазітару хапіла б на дзве, а тое і на тры песні.

Доўга ўзгадваць, да якіх савецкіх фільмаў напісаў музыку адкрыты Коршам кампазітар. Таму адзначым хіба самае важнае: Дунаеўскі стварыў новы жанр — савецкую масавую песню. У ёй спалучаліся гарадская рамансавасць і яўрэйская клезмерская мелодыка, элементы джаза і напеўнасць рускага фальклору.

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр