Таямніцы “Бабулінага куфра” і Сусветны дзень мужчын

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Восеньскае суквецце лістоў з рэгіёнаў, якія паступаюць на нашу рэдакцыйную пошту, кожны раз складаецца ў свой адмысловы ўзор, які можна пастаянна чытаць і перачытваць, здзіўляючыся тым крэатыўным знаходкам, якія вынаходзяць для сваіх імпрэз сельскія і гарадскія бібліятэкары, супрацоўнікі клубаў, работнікі музеяў і выкладчыкі школ мастацтваў. І гэта цалкам заканамерна, бо без творчасці ў сферы культуры жыць проста немагчыма.

/i/content/pi/cult/771/16655/012.JPGКонкурс за конкурсам

Як паведамляе нам дырэктар Навагрудскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская, ва ўстановах культуры раёна цягам верасня-кастрычніка праходзіў занальны конкурс творчасці пажылых людзей у рамках праекта “На скрыжаванні талентаў і ўзросту”.

— Галоўная асаблівасць конкурсу — пошук, выяўленне і развіццё творчага патэнцыялу людзей сталага ўзросту, — піша Наталля Кавальская. — Усе яны — людзі неймаверна вялікага таленту, спевакі і майстры кулінарыі, чытальнікі і мастакі. Удзельнікі конкурсу дэманстравалі свае таленты ў намінацыях “Візітная картка” і “Я і мой талент”. А сёння, 16 лістапада, у Цэнтры культуры Навагрудка адбудзецца другі этап конкурсу, дзе найлепшыя з лепшых яшчэ раз упэўняць усіх гледачоў, што і ў пажылым узросце можна радавацца жыццю і марыць.

З 31 кастрычніка па 3 лістапада ў Мінску праходзіў XIX Міжнародны конкурс-фестываль музычна-мастацкай творчасці “Славянскія сустрэчы”, піша нам мастацкі кіраўнік Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Шулікава. Удзел у фестывалі ўзяў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, узорны тэатр песні “Шына-най”, які дзейнічае пры ўстанове культуры. Бабруйчане годна выступілі на міжнародным конкурсе і атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Так, у намінацыі “Эстрадны вакал” Арына Салановіч атрымала дыплом I ступені, група “Шына-найкі” — дыплом II ступені, а ў намінацыі “Джазавы вакал” Арына Цітова заваявала Гран-пры конкурсу і займела сертыфікат на бясплатную паездку на міжнародны конкурс у расійскі Калінінград у сакавіку наступнага года. Таксама дыпломам “Лепшы кіраўнік” была ўгаранавана кіраўнік калектыву Ала Яфіменка.

А навучэнцы Лідскай дзіцячай школы мастацтваў нядаўна прынялі ўдзел у міжнародным мастацкім конкурсе “Нашы равеснікі, нашы гарады і рэгіёны — пазнаёмімся бліжэй”, што ў дзявяты раз праходзіў у польскім горадзе Кашаліне. Хлопцы і дзяўчаты прывезлі з суседняй краіны заслужаныя ўзнагароды. Напрыклад, дыплом І ступені атрымала Ангеліна Канцавенка, дыплом ІІ ступені — Настасся Лобан, а дыпломамі ІІІ ступені былі ўзнагароджаны Дар’я Эйгерд, Ксенія Чакавая і Стэла Самойленкава.

Вечныя “Мелодыі ручніка”

Пяройдзем да іншых рэгіянальных цікавостак. Як паведамілі нам з інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра, 9 лістапада супрацоўнікамі названай установы, Жытамлянскай сельскай і Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэк у рамках свята млынароў, першага фестывалю ручніка “Мелодыя ручніка” быў абсталяваны бібліятэчны падворак “Фальклор на літаратурных старонках”.

На падворку прэзентаваліся кнігі з серый “Энцыклапедыя народнага майстра”, “Энцыклапедыя дзіцячай літаратуры”. У “Бабуліным куфры” былі прадстаўлены вышыванкі: вялікі абрус, сурвэткі, навалочкі, тканыя і вышытыя ручнікі. Наведвальнікі падворка таксама маглі паўдзельнічаць у майстар-класе па вышыўцы ад Ліліі Мікалаеўны Размысла. Сярод дзіцей-чытачоў бібліятэк-філіялаў Гродзенскага раёна вялікім поспехам карысталіся кнігі з серыі “Энцыклапедыя дзіцячай літаратуры”, а маленькая чытачка Путрышкаўскай сельскай бібліятэкі Вераніка Гулеўская прачытала верш “Матулін ручнік”.

5 лістапада ў інтэграванай бібліятэцы аграгарадка Дэмбрава, што ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, у рамках мэтавай праграмы па краязнаўчым выхаванні дзяцей для гасцей з лагера “Вясёлка” прайшоў краязнаўчы відэасалон “Чым і кім славуты Шчучынскі раён”. Удзельнікі мерапрыемства, як піша бібліятэкар установы Святлана Мядушэўская, здзейснілі віртуальнае падарожжа па родным раёне, пазнаёміліся з яго славутасцямі, даведаліся аб знакамітых і ганаровых земляках, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

6 лістапада ў аддзеле культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны, што ў Ашмянскім раёне, прайшла тэматычная праграма “Мы — супраць курэння!” Дзецям расказалі пра тое, што найбольш небяспечны ўплыў на здароўе аказваюць наркотыкі, алкаголь і тытунь, а самай распаўсюджанай шкоднай звычкай сярод моладзі з’яўляецца курэнне. Прысутныя паўдзельнічалі ў віктарынах і конкурсах, адгадваючы тэматычныя загадкі і, натуральна, паабяцалі ніколі не курыць і весці здаровы лад жыцця. Будзем спадзявацца, што іхнія абяцанні будуць не толькі прамоўлены, але і здзейснены...

Не сакрэт, што для таго, каб любіць сваю радзіму, трэба ведаць яе гісторыю. З нагоды гэтай вядомай аксіёмы Раготнаўская сельская бібліятэка-клуб, што ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці, прыняла ўдзел у раённай акцыі сэлфі-велакрос “Тут я нарадзіўся і тут я жыву”. Бібліятэкар Алена Якаўчык, якая з’яўляецца і аўтарам допісу ў рэдакцыю, разам з дзецьмі наведала памятныя і значныя месцы аграгарадка Раготна — касцёл святых Анёлаў-Ахоўнікаў, помнік воіну-вызваліцелю, праехалася па вуліцах аграгарадка. Вынікам акцыі з’явілася арганізаваная ў бібліятэцы фотавыстава.

Бал, дыскусія і перамога

Пра некаторыя падзеі згадаю толькі адным радком — газетныя плошчы, на жаль, не бязмерныя. Так, 26 кастрычніка ў сельскім клубе аграгарадка Станцыя Ашмяны (Ашмянскі раён) прайшоў сямейны шоу-конкурс “Радасць на ўсіх адна”. А яшчэ раней, 23 кастрычніка, Навагрудскі раён прыняў чынны ўдзел у шостым абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў”.

А вось на іншых імпрэзах спынюся больш падрабязна. Напрыклад, у апошні дзень першай вучэбнай чвэрці вучні і настаўнікі з Бераставіцкай школы мастацтваў зладзілі ў сценах сваёй навучальнай установы танцавальна-забаўляльную праграму “Восеньскі баль”. Усе, хто пабываў на свяце, з велізарным задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах, гульнях, танчылі пад музыку. Да слова, восень на свяце выявілася ва ўсёй сваёй красе, апрануўшы ўдзельнікаў у свае ўборы і размаляваўшы іх аквагрымам у розныя колеры. А ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшы восеньскі касцюм памятнымі сувенірамі сталася яшчэ адным нечаканым вынікам гэтага адметнага вучнёўскага вечара.

5 лістапада, як піша нам загадчыца Ашмянскай раённай дзіцячай бібліятэкі Гелена Францаўна Гардзей, ва ўстанове адбылася дыскусія “Што такое талерантнасць?”, прысвечаная Міжнароднаму дню талерантнасці. Бібліятэкары не толькі расказалі школьнікам пра гісторыю паходжання паняцця “талерантнасць”, але і абмеркавалі з імі, што такое талерантнасць у беларускім грамадстве, пагаварылі пра прынцыпы талерантнасці і асноўныя рысы талерантнай асобы.

Сусветны дзень мужчын адсвяткавалі ў Тарноўскім Доме культуры, што ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Так, традыцыйна лічыцца, што ў мужчын ёсць толькі адно свята на год — Дзень абаронцы Айчыны. Але тыя мужчыны, якія ніяк не звязаныя з арміяй, маюць шанец адзначыць “мужчынскі варыянт 8 сакавіка” ў Сусветны дзень мужчын 2 лістапада. Ва ўстанове культуры з гэтай нагоды адбылася канцэртная праграма “Беражыце мужчын”.

У гэты дзень у фае Тарноўскага СДК для мужчын былі арганізаваны інтэлектуальныя настольныя гульні, гульні на сілу і спрыт, а творчыя калектывы Лідскага раёна парадавалі гледачоў насычанай і цікавай праграмай. Прысутныя мужчыны ўдзельнічалі ў жартоўнай забаўляльнай праграме з конкурсамі і віктарынамі, а жанчыны, у сваю чаргу, пастараліся стварыць максімальна цікавую і святочную атмасферу “віноўнікам” урачыстасці, прыгатаваўшы для іх свае смачныя фірмовыя стравы.

І апошняе, пра што варта згадаць напрыканцы агляду рэдакцыйнай пошты. Як піша нам намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ Андрэй Струнчанка, днямі народны тэатр “Пошук” Лепельскага раённага Дома культуры стаў уладальнікам Гран-пры Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Мы жывём і творым!” у намінацыі “Драматычны тэатр”. Прадстаўнічы міжнародны форум адбыўся напрыканцы кастрычніка ў горадзе Вялікія Лукі (Расія).

— Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы — удзельнікі конкурсу-фестывалю спаборнічалі ў розных намінацыях — музычны тэатр, мастацкае слова, драматычны спектакль, лялечны тэатр, фальклорны тэатр і іншых, — піша Андрэй Струнчанка. — Праграма мерапрыемства ўключала таксама і майстар-класы для ўдзельнікаў ад членаў журы.

Удзельнікі народнага тэатра “Пошук” пад кіраўніцтвам Віталя Хватынца прадставілі на суд гледачоў і журы, якое ўзначаліла актрыса тэатра і кіно, рэжысёр Наталля Мураўеўская (Масква, Расія), камедыю-фарс “А утром они проснулись” паводле аповесці Васіля Шукшына і атрымалі за пастаноўку заслужаную ўзнагароду. Шчыра віншуем лепельскіх артыстаў і жадаем ім новых творчых перамог!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"