“Франка” ўзяла прыз на котбускім форуме

№ 46 (1433) 15.11.2019 - 15.11.2019 г

Навела Мітрыя Сямёнава-Алейнікава “Франка” прызнана “Лепшым кароткаметражным ігравым фільмам” на 29-м Міжнародным кінафестывалі ў Котбусе (Германія), што прайшоў з 5 па 10 лістапада.

/i/content/pi/cult/771/16644/Franka2S.jpgФестываль усходнееўрапейскага кіно ў Брандэрбургскіх землях уваходзіць у лік 50 кінападзей свету. Яго адметнасць — любоў да кароткага метра (хоць у яго праграме ёсць і секцыі паўнаметражнага ігравога кіно), фокус на кінематаграфіях усходніх суседзяў — Польшчы, Чэхіі, Расіі, Сербіі, Балгарыі, Украіны, Грузіі, Малдовы, Беларусі… Прыемна адзначыць, што сёлета карціна нашага суайчынніка Мітрыя Сямёнава-Алейнікава ў сваёй секцыі абышла дзевяць фільмаў іншых рэжысёраў, сярод якіх былі такія стужкі як “Інтэрв’ю” расіяніна Івана Сосніна, “Я тут” полькі Агнешкі Міноўскай.

Нагадаем, што “Франка” была створана на кінастудыі “Беларусьфільм” у рамках кінаальманаха “Вайна. Застацца чалавекам”. Тым не менш, навела выпускніка ВГІКу Мітрыя Сямёнава-Алейнікава ўжо неаднаразова брала ўдзел у разнастайных кінафорумах як самастойны твор, і станавілася лаўрэатам кінафестываляў. Сёлёта стужку, у якой сыграла яскравую ролю Марына Паддубная, журы адзначыла з такой фармуліроўкай: “Гэты фільм валодае такой насычанай візуальнай мовай, неапрацаванай прыгажосцю, гуллівасцю — ад гарэзлівасці да цяжкасці, ад чорна-белага аскетызму — да колеру, ад нянавісці, любові, страху — да тугі, што перакуляе ўласны эмацыйны свет з ног на галаву. Гэта вялікае задавальненне назіраць за актрысамі і акцёрамі, выпрабоўваць унутраную барацьбу думак пра помсту, спачуванне і міласэрнасць, а таксама бачыць сябе перад складаным пытаннем сумлення напрыканцы фільма”.

Віншуем каманду “Франкі” з поспехам на фестывалі!

/i/content/pi/cult/771/16644/Franka1S.jpg

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"