Чалавек з канала Грыбаедава

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Да 95-годдзя беларускага кіно

/i/content/pi/cult/770/16641/022.JPG“Тарчмя ляцяць традыцыі і штампы”

Эксперыменты рэжысёра-дэбютанта Уладзіміра Корш-Сабліна ў галіне формы ў яго фільме “У агні народжаная” ўражваюць і сёння. Плакатнасць, сімвалізм — гэта відавочны ўплыў “Арсенала” Даўжэнкі. І, бясспрэчна, — “Браняносца “Пацёмкін” Эйзенштэйна. Такіх уплываў саромецца не выпадае: у каго вучыцца, як не ў вялікіх майстроў!

Водгукі на карціну “У агні народжаная” былі супярэчлівыя, але станоўчыя пераважалі. З рэцэнзій тых гадоў:

“Тарчмя ляцяць традыцыі і штампы. Імклівы паток вобразаў і сымбаляў прарываецца праз экран і плешча гарачай хваляй у сэрца”.

“Гэта — мова новага мастацтва… Сьмелае наватарства ідзе ад тэй самай крыніцы, адкуль бяруць свой пачатак работы Эйзенштэйна”.

“Яскравыя малюнкі шуканьня “кветкі шчасьця” робяць карціну глыбока эмацыянальнай”.

“Первая большая настоящая победа Белгоскино”.

“Картину нужно показывать широким массам города и деревни…”

/i/content/pi/cult/770/16641/023.JPGЯкім рэжысёр-пачатковец быў напачатку 1930-ых? Мне пашчасціла даведацца пра гэта праз сем дзесяцігоддзяў ад ужо адзінага тады жывога чалавека, які столькі часу ведаў Корш-Сабліна асабіста — пісьменніка Максіма Лужаніна. У 2000-м мы здымалі яго для майго фільма “Разам з ім”, прысвечанага 100-годдзю Корша.

— Да студыі “Белдзяржкіно” цягнулася літаратурная моладзь, будучыя сцэнарысты, у тым ліку, і я, — распавёў класік. — Ужо чвэрць стагоддзя няма на свеце Корша, а я быццам бачу, як няветлай халоднай парой лістапада мы павольна рушым у Ленінградзе ўздоўж канала. У яго было шырокае кола інтарэсаў. Скажам, на гэтай жа ўзбярэжнай Корш раптам мог працытаваць верш Гумілёва: “Пуля, им отлитая, просвистит / Над седою вспененной Двиной. / Пуля, им отлитая, грудь мою отыщет — / Она пришла за мной. / Упаду, смертельно затоскую…”

Вось яно як! Той заўсёды строгі і заклапочаны, часам жорсткі і саркастычны Корш, якім яго ўспрымаў я, у няспешным маналогу старога Лужаніна адкрываўся з нейкага патаемнага боку. Дзіця свайго часу, заўсёды законапаслухмяны камуніст, аказваецца, у тую змрочную і небяспечную пару чытаў услых верш Мікалая Гумілёва — ужо расстралянага і ўвогуле забароненага паэта!

А потым я дазнаюся, што Корш хаваў пад матрацам кавалерыйскую шаблю з гравіроўкай “За храбрость”.

З лёгкай рукі Корша

На вуліцы Гарохавай у Санкт-Пецербургу найбольшую ўвагу прыцягвае той дом, дзе жыў Грышка Распуцін — там увесь час соўгаюцца турысты. Але нам куды больш цікавы іншы будынак — другі ад пачатку вуліцы. На ім мемарыяльная дошка, якая нагадвае, што тут жыў вядомы савецкі кампазітар… Я б дадаў: “Самы вядомы”. Дый як не стаць вядомым прадстаўніку даваеннай піцерскай багемы? Дырыжор Ленінградскага мюзік-хола Ісаак Дунаеўскі яшчэ да свайго прыходу ў кіно быў заможным і, напэўна, лысым.

Уласная музыка перапаўняла яго. Упэўнены ў сваім таленце, ён сноўдаўся па студыі “Ленфільм” — яна там, за Нявой, на Петраградскім баку, — і ледзь не браў за грудкі рэжысёраў з назойлівай прапановай стварыць саўндтрэк да іх фільмаў. Тыя адмахваліся.

І ўжо дакладна — я чуў гэта ад ветэранаў “Белдзяржкіно” — назаляў тымі ж прапановамі рэжысёрам беларускай студыі. І тыя таксама адмахваліся. Акрамя аднаго: ён акурат запускаўся з першым беларускім гукавым фільмам “Першы ўзвод”. Імя рэжысёра — Уладзімір Корш-Саблін.

Амбіцыйныя расійскія кіназнаўцы і музыказнаўцы адлічваюць славу Дунаеўкага-кінакампазітара са снежня 1934 года, з прэм’еры музычнай камедыі “Вясёлыя робяты” з Уцёсавым і Арловай.

Але не! Яго кінадэбют адбыўся на паўтара гады раней: 23 лютага 1933 года, у Дзень Чырвонай Арміі, калі выйшаў на экраны ”Першы ўзвод”. І ўсё таму, што выслухаўшы ў калідоры “Белдзяржкіно” прапанову дырыжора Ленінградскага мюзік-хола Ісаака Дунаеўскага напісаць музыку да фільма, Корш не адмахнуўся, а сказаў: “Напішыце!”

Заўважу: акрамя фонавай, бравурна-“рэвалюцыйнай” (у адпаведнасці з тэмай фільма) музыкі, у карціне загучаў і яўрэйскі матыў: так званая “тэма Шапіра”.

Часопіс “Рабочы і тэатр” належна ацаніў унёсак кампазітара: “По-настоящему широко использован в фильме песенный материал. Песни русские, еврейские, белорусские включены в картину не в качестве будущих “шлягеров”, а как органичный фон… Очень удачна гармонизация этих песен композитором Дунаевским”.

Лічу, што такой ацэнкай дэбюту можна ганарыцца. Вось таму з тае пары ва ўсіх фільмах Корша гучала толькі музыка Дунаеўскага. Жонка рэжысёра Надзея Брыльяншыкава сцвярджала, што Дунаеўскі пачынаў пісаць музыку і да коршавага фільма “Пасеялі дзяўчаты лён”, але смерць кампазітара ў жніўні 1955-га перарвала працу.

А вось яшчэ з рэцэнзіі на “Першы ўзвод”: “Наибольшей удачей картины следует считать образы положительных героев”.

І самым “станоўчым” атрымаўся вобраз, створаны акцёрам-дэбютантам у кіно Барысам Бабачкіным — будучым знакамітым Чапаевым. Яго персанаж — слесар паравознага дэпо Макар Бобрык, які ў Грамадзянскую вайну ўзяў у рукі зброю.

Ды і першае з’яўленне на экране Леаніда Кміта — будучага ад’ютанта Чапаева Пецькі — таксама адбылося ў коршавым фільме.

Таксама ў “Першым узводзе” “засвяціліся” Міхаіл Цароў, Алег Жакаў, Зінаіда Рыкомі, Аркадзь Райкін… Як выявілася, у Корша была, так бы мовіць, “лёгкая рука” на выяўленне талентаў.

А за кінакамерай стаяў аператар Аляксандр Кальцаты, які па-майстэрску зняў газавыя атакі, баі, змены пораў года, пейзажы. Амаль праз чвэрць стагоддзя ён стане славутым — пасля камедыі “Карнавальная ноч”.

Радкі рэцэнзій:

“Першы ўзвод” — значная перамога кінафабрыкі “Савецкая Беларусь”.

“Недостатки искупаются общим положительным значением картины как первой серьёзной попытки отразить на экране эпоху 14 — 17 годов”.

“Авторы создают новые, свежие положения… хорошо сработана “солдатская линия”.

“Бесспорное достижение в воплощении реалистических характеров в белорусском кино 30-х годов”.

І яшчэ: персанажы-беларусы, увасобленыя рускімі акцёрамі, гутараць у фільме па-беларуску.

У пастаноўцы ўжо адчуваецца хватка моцнага рэжысёра. Але ўслед за “Першым ўзводам” Корш здымае фільмы ўсё той жа ўлюбёнай ім “рэвалюцыйнай” тэматыкі: “Дачка радзімы”, “Вогненыя гады”, “Сонечны паход” — працы, цікавыя сёння бадай толькі кіназнаўцам-даследчыкам.

Рэжысёр Аляксандр Файнцымер любіў нашу студыю. Нават пазней, ужо пасля вайны, плённа працуючы ў Маскве, ён вяртаўся на яе — тады яна ўжо называлася “Беларусьфільм”. А яшчэ ў 1934 годзе там выйшаў ягоны “Паручнік Кіжэ”. Экранізацыя апавядання Юрыя Тынянава — гэта вострая сатыра на ўладароў-самадураў усіх эпох.

У цітрах фільма — аператар А. Кальцаты, кампазітар Сяргей Пракофьеў, акцёры Міхаіл Яншын, Эраст Гарын, Соф’я Магарыл… Усё імёны з “першай абоймы”.

Наступны блокбастар — “Дзяўчына спяшаецца на спатканне” (1936 год), гарэзлівая камедыя сітуацый, падобная на цяперашні “сітком”. Карціна задумвалася як агітка: у СССР пачалася пашпартызацыя, а на пошце “дзяўчына”, што спяшалася на спатканне, блытае канверты з пашпартамі.

З аператарам “Дзяўчыны” — арыстакратычным Андрэем Аляксандравічам Булінскім — я меў шчыльныя стасункі летам 57-га падчас працы над камедыяй “Нашы суседзі” і з вясны па восень 59-га на “Першых выпрабаваннях”. А потым доўгі час мы супрацоўнічалі, калі ён стаў адказным сакратаром Саюза кінематаграфістаў, а я ў тыя ж гады займаў пасаду старшыні секцыі тэлевізійнага кіно. Колькі наслухаўся цікавых фактаў яго вялікай кінабіяграфіі, пачынаючы са “спяшлівай дзяўчыны”!

Гэты фільм — росквіт меладызму Ісаака Дунаеўскага! Песню “Поток бежит и весело хлопочет” спявалі хор і барытон Яфрэм Флакс у суправаджэнні джаз-аркестра Якава Скамароўскага. На запісе музыкі дырыжыраваў сам кампазітар. Мяркуючы па цітрах фільмаў з яго музыкай і этыкетках грамплытаў, якія набываў мой бацька, Дунаеўскі тую пачэсную справу нікому з дырыжораў не давяраў.

Удалымі на “Белдзяржкіно” сталі экранізацыі апавяданняў Чэхава, — ну, такую літаратуру ўвогуле цяжка сапсаваць. Ісідор Аненскі зняў навелы “Мядзведзь” з Вольгай Андроўскай і Міхаілам Жаравым і “Чалавек у футарале” з той жа парай акцёраў. А яшчэ там Мікалай Хмялёў, Уладзімір Гардзін, Фаіна Ранеўская, Восіп Абдулаў, Аляксей Грыбаў, Канстанцін Адашэўскі — якое сузор’е! З Жаравым і Адашэўскім я асабіста пазнаёмлюся ў 1957-м падчас здымак “Чырвонага лісця”: Жараў там — пан Шыпшынскі, Адашэўскі — адвакат.

Сяргей Сплашноў зняў паводле Чэхава “Маску” з піцерцамі Паліцэймакам і Адашэўскім. А вось экранізацыя “Наліма” пачалася сумна. Малады рэжысёр напісаў сцэнарый, але… кіраўніцтва студыі навелу па нейкіх абставінах у вытворчасць не запусціла. Тады Сплашноў сабраў квартэт штатных акцёраў студыі — маладых, невядомых — і адрэпетаваў з імі сітуацыю апавядання.

На прыёмку працы сабралося шмат супрацоўнікаў. Ігра акцёраў так пераканала “прыёмшчыкаў”, што нацягнутая, як узровень вады, халсціна, над якой тырчэлі чатыры галавы гора-рыбакоў, здалася ім рачной заваддзю. І карціна адбылася.

З Сяргеем Іванавічам Сплашновым мы сустрэнемся на здымачнай пляцоўцы праз 20 гадоў пасля “чэхавіяны” — вясной 1957-га. Я буду яго памочнікам на фільме “Нашы суседзі”. Схільнасць рэжысёра ствараць надзеленыя выдатным пачуццём гумару камедыі не толькі ў кіно, але і ў побыце мне ў ім вельмі імпанавала.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара і з Сеціва