“Пакроўскі абярэг” і песні ад “Бабуляў”

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

Рэдакцыйная пошта працягвае поўніцца лістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Прычым, у кожным з атрыманых намі пісьмаў месцяцца свае адметныя гісторыі: пра тое, што было ці што яшчэ толькі запланавана, пра паездкі за мяжу і поспехі нашых калектываў на міжнародных фестывалях ці фальклорных конкурсах у межах Беларусі, пра невялікія імпрэзы ў сельскім клубе ці пра маштабныя мерапрыемствы ў гарадскім або раённым Цэнтры культуры... Карацей, кожны знойдзе ў гэтай восеньскай “палітры” рэгіянальнай пошты шмат цікавых падзей, вартых безумоўнай увагі.

/i/content/pi/cult/770/16636/016.JPGСпевы і скокі ад бабуль

У Любанскім раёне Мінскай вобласці ўжо ў пяты раз прайшоў фэст аўтэнтычнай песні “Бабулі”. Ідэя мерапрыемства, як і многіх іншых цікавых фальклорных з’яў на Любаншчыне, належыць вядомаму даследчыку традыцыйнай народнай культуры Сяргею Выскварку. Імпрэза, задуманая ў мэтах захавання традыцыйнай манеры выканання абрадавых і пазаабрадавых спеваў, прайшла ў Любані. Аб’ектам захавання названай манеры з 2008 года з’яўляюцца аўтэнтычныя гурты з вёсак Ямінск (“Журавушка”), Обчын (“Павалякі”) і Закальное (“Глыбокія крыніцы”).

Праграма фэсту была цікавая, што называецца, і малым, і старым. Так, працавала выстава старых вясельных фотаздымкаў, выстава вясельных вянкоў, а на сцэне Любанскага раённага Цэнтра культуры адбыўся канцэрт-з’езд фальклорных гуртоў Любаншчыны. Аздаблялі святочную сцэну фотаздымкі работ аўтэнтычнага майстра выцінанкі, народнага майстра Беларусі Наталлі Адзінец.

Танцавальныя фальклорныя гурты прадэманстравалі на сцэне лявоніху, каханачку, ліцвіна, польку, кракавяк… Шчымлівым момантам для ўсіх прысутных з’явілася прэзентацыя відэакліпа на песню “Як пайду я дарогаю” ў выкананні мінскага маладзёжнага гурта “Астроўна”. Таксама адбылася дэманстрацыя аўдыёдыска “Бяседныя песні”, які пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдала творчая каманда “Традыцыя” і Сяргей Доўгушаў. У дыск, які складаецца з 34 кампазіцый з усёй Беларусі, увайшлі тры песні любанчанак.

А завяршыўся гэты насычаны падзеямі дзень танцамі пад гармонік на ганку Любанскага РЦК. У скокі пайшлі ўсе, прычым не толькі ўдзельнікі, але і нават гледачы.

27 кастрычніка ў Палацы мастацтваў Бабруйска ўжо ў пяты раз адбылося этнасвята “Пакроўскі абярэг”. На імпрэзу арганізатары запрасілі кіраўнікоў і членаў гурткоў аддзела мастацкай творчасці — студыі габеленнай вышыўкі “Надзея”, гуртка “Ткацтва”, студыі лямцу “Воўна.by”. Па словах загадчыцы аддзелам мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталлі Куліковай, падчас мерапрыемства прысутныя даведаліся пра гісторыю ўзнікнення Пакроваў, пазнаёміліся са звычаямі продкаў. Запрошаным гасцям і майстрам, якія прыйшлі на свята, прапанавалі паўдзельнічаць у імправізаваных вячорках рукадзельніц з гуляннямі, варожбамі, абрадам запальвання свечкі ды многім іншым.

Як піша нам загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай ЦРБ імя В.Ф. Праскурава Таццяна Маляўка, днямі ў раёне прайшоў семінар “Бібліятэчнае краязнаўства — тэрыторыя вялікіх магчымасцяў”. Мерапрыемства пачалося ў раённай дзіцячай бібліятэцы, дзе сваім вопытам работы ў галіне краязнаўства з бібліятэкарамі дзяліліся іх калегі. Пазней удзельнікі семінара наведалі вёску Будча, дзе пры сельскім клубе дзейнічае невялікі краязнаўчы музей, большасць экспанатаў якога перадаў установе мясцовы краязнавец Фёдар Барысавіч Карпеня.

Як скарыць журы?

Таццяна Шылак паспяшалася паведаміць нам пра поспехі народнага вакальнага ансамбля “Суседзi” Дзяржынскага гарадскога Дома культуры, які з 25 па 28 кастрычніка прыняў удзел у XXI Міжнародным фестывалі-конкурсе творчасці “Калейдаскоп талентаў. Восень 2019” у Польшчы. Гэта штогадовы фестываль, які праводзіцца ў маляўнічым польскім горадзе Жывец. Патранатам фэсту, да слова, выступае сам бурмістр горада.

У гэты раз у конкурсе прынялі ўдзел больш за 500 канкурсантаў з розных краін Еўропы: Чэхіі, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Малдовы і Беларусі. Дзяржынскі ансамбль “Суседзі” выступіў у трох конкурсных намінацыях, пазнаёміўшы слухачоў і гасцей фестывалю з меладычнай і чароўнай беларускай песняй. І, паводле ацэнак журы, калектыў стаў тройчы лаўрэатам конкурсу, вярнуўшыся дадому з ганаровымі дыпломамі I, II і III ступеняў у розных катэгорыях, а таксама быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй “За захаванне і папулярызацыю гістарычнай і культурнай спадчыны”.

Пра яшчэ адзін фэст, які адбыўся з 25 па 27 кастрычніка ў польскіх гарадах Беласток і Супрасль, напісала нам і Таццяна Вайцяхоўская ў лісце са Свіслачы. Гэты IV Міжнародны фестываль маладых талентаў PolshaPrivet сабраў на канцэртнай сцэне выканаўцаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Малдавіі.

Узорны ансамбль народных інструментаў “Калінка” Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў атрымаў на гэтым фэсце найвышэйшы бал ад усіх членаў журы і быў узнагароджаны Залатым дыпломам і кубкам за бліскучае выкананне конкурснай праграмы. Акрамя таго, беларусаў узнагародзілі і адным з галоўных прызоў фестывалю — Кубкам Мэра горада Супрасль...

А загадчыца аддзелам мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Наталля Кулікова ў сваім чарговым паведамленні расказала нам таксама пра замежныя сувязі з Італіяй. Так, 29 кастрычніка Бабруйск наведалі Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Кальяры Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія Джузэпэ Карбонэ і італьянскі дызайнер Лучана Баніна.

Падчас візіту гасцям прадэманстравалі традыцыйныя беларускія рамёствы: валенне з воўны, лозапляценне і вышыўку бісерам. Акрамя таго, знакаміты італьянскі дызайнер Лучана Баніна, які супрацоўнічае з вядучымі дамамі моды Еўропы, падчас знаходжання ў Бабруйску пазнаёміўся з працэсам вырабу прадукцыі на прадпрыемствах “Славянка” і фабрыцы мастацкіх вырабаў.

Як патлумачыла Наталля Кулікова, прыезд італьянцаў у раённы цэнтр быў візітам у адказ. Справа ў тым, што яшчэ ў ліпені бягучага года дэлегацыя майстроў з Бабруйска прыняла ўдзел у Міжнароднай выставе мастацкага рамяства ў італьянскім горадзе Магора Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія. Бабруйскія майстры паказалі мясцовым жыхарам свае вырабы, пазнаёміліся з традыцыйнымі рамёствамі Сардзініі і наведалі майстэрню знакамітага дызайнера Лучана Баніна. Так што сувязі беларусаў і італьянцаў паступова робяцца ўсё больш моцнымі...

Вечарыны на любы густ

Днямі ў Мазалаўскім сельскім Доме культуры, што ў Віцебскім раёне, прайшла тэматычная вечарына, прысвечаная 40-годдзю з першага паказу савецкага шматсерыйнага мастацкага кінафільма “Час абраў нас”, што расказвае пра подзвіг беларускай моладзі ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

Як піша нам Андрэй Струнчанка, адбылася гэта дзея ў Мазалаве і ў гэты час нездарма. Менавіта ўвосень 1979 года, роўна 40 гадоў таму, адбылася прэм’ера названай кінастужкі, а яе здымкі прахадзілі на Віцебшчыне (у тым ліку — і ў Мазалава). Арганізатары вечарыны паведамілі ўдзельнікам мерапрыемства пра гісторыю фільма, правялі віктарыну пра жыццёвы і творчы шлях знакамітых акцёраў, выканалі вядомыя песні на словы Міхаіла Матусоўскага і музыку Ціхана Хрэннікава “Час абраў нас” і “Поле Кулікова”, што выкарыстаны і ў самім фільме.

25 кастрычніка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся семінар “Вялікая Перамога: спадчына і нашчадкі”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі царкоўна-прыходскіх, публічных і школьных бібліятэк, а таксама літаратары, краязнаўцы, педагогі і навучэнцы дзяржаўных устаноў адукацыі Ліды. Падчас імпрэзы, па словах загадчыцы аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Дар’і Марцінкевіч, прагучалі даклады пра ролю Царквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра адлюстраванне ваенных падзей у творах беларускіх пісьменнікаў ды іншыя.

Удзельніцы аматарскага аб’яднання для пажылых людзей “Элегантны ўзрост” сабраліся 27 кастрычніка ў Навадворскай сельскай бібліятэцы, што ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, на сваё чарговае пасяджэнне — вечар раманса “Сумуе раманс трывожна і светла”. Як піша нам бібліятэкар Марыя Бялоцкая, жанчыны падчас імпрэзы сапраўды акунуліся ў атмасферу XIX стагоддзя — часу рамантыкаў і лірыкаў, пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і развіцця раманса, з асноўнымі тагачаснымі паэтамі і кампазітарамі. Таксама ў гэты ж дзень у сельскай бібліятэцы прагучалі рускія гарадскія і цыганскія рамансы.

І апошняе. Як паведаміла нам метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз, 25 кастрычніка ў раённай “кніжніцы” ладзіліся XIII Карэліцкія краязнаўчыя чытанні на тэму “Мінулае і сучаснае Карэліцкага краю”.

— Удзельнікі краязнаўчых чытанняў з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі змаглі пачуць цікавыя і змястоўныя выступленні 18 дакладчыкаў навукова-практычнай канферэнцыі, — піша аўтарка ліста. — Сярод дакладчыкаў былі краязнаўцы і навукоўцы, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў краіны, Інстытута гісторыі і Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, музея-запаведніка “Нясвіж” і музея “Замкавы комплекс “Мір”, дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, супрацоўнікі Карэліцкага Дома рамёстваў і Карэліцкай раённай бібліятэкі.

У рамках мерапрыемства ўсе ахвотныя мелі магчымасць пазнаёміцца з арт-галерэяй “Гісторыя роднага краю”, краязнаўчымі матэрыяламі аддзела бібліятэчнага маркетынгу, фотавыставай краязнаўчых чытанняў мінулых гадоў, кніжнай выставай “Гонар зямлі Карэліцкай”, а таксама з сувенірнай прадукцыяй Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"