Галіна АДАМОВІЧ: “Рэжысёр — гэта характар”

№ 43 (1430) 26.10.2019 - 02.11.2019 г

“Я ўключыў тэлевізар, і не здолеў адарвацца ад экрана”, — памятаю словы майго сябра, які аднойчы ўбачыў стужку гэтай рэжысёркі на беларускім тэлебачанні. “Дакументальнае кіно, што перавярнула прадстаўленне пра айчынны кінематограф”, — такім былі яго ўражанні, з якімі, мяркую, пагодзяцца многія. Унёсак Галіны АДАМОВІЧ, — а гаворка ідзе пра яе — у беларускае кіно неаспрэчны. Пачынаючы “Ад палюбі мяне чорненькім” — да “Божа мой”, ад “Божа мой” — да “Інакіні”, і ад “Інакіні” — да сучасных работ. Толькі на днях на студыі “Летапіс” была здадзеная апошняя стужка аўтаркі “Добрых дзяўчынак не б’юць”, што падымае тэму хатняга гвалту. Падставай для нашай сустрэчы стала не толькі новая карціна: сёлета адна з найвядомых постацей беларускага кіно святкуе юбілей — 50 гадоў. Чаму рэжысёр дакументальнага кіно — страшная прафесія, што вядзе да свайго героя, і чаму Галіне Адамовіч не блізкая дакументалістыка Сяргея Лазніцы — гутарка з лаўрэатам шматлікіх міжнародных кінафестываляў, рэжысёркай кінастудыі “Беларусьфільм” атрымалася хутчэй шчырай і нязмушанай, чым пафаснай. Ды тым не менш, пазіцыя дакументалісткі на пэўных пытаннях прагучала цалкам выразна і бескапрамісна.

/i/content/pi/cult/768/16593/08.JPG— Галіна, пачаць гутарку хачу з вашых універсітэтаў. Адсочваючы ваш шлях, адзначыла, што вы вучыліся на курсе ў Віктара Дашука, выбітнага майстра беларускай дакументалістыкі. Ці можна сказаць, што ён паўплываў на вас?

— Безумоўна, ён заўважная фігура ў беларускай дакументалістыцы. У яго былі і ёсць наватарскія фільмы. Тая ж карціна “Развітанне” пра пахаванне Машэрава сёння глядзіцца вельмі цікава: як перакрывалі праспект, як людзі плакалі… Іншыя работы. Але, калі адказваць на сутнасць вашага пытання, мне падаецца, для станаўлення рэжысёра ўсё ж майстар не так важны. Штосьці іншае мусіць быць з самага пачатку ў творцы, які прыходзіць у гэту страшную прафесію. На нашым курсе вучылася трынаццаць чалавек, а засталіся — толькі тры. Ва ўсіх у нас выкладаў Дашук — але ж большасць сышла.

— А чаму гэта прафесія страшная — вось вы кажаце?

— Таму што ніколі не зразумелы вынік, зыход. Заўжды аніякай гарантыі. І гэта не звязана ні з досведам, ні з наяўнасцю апаратуры ці грошай. І нават калі кіно атрымалася, не факт, што ў яго будзе ўдалы фестывальны лёс. Увесь час трэба быць на плаву і разумець, што адбываецца. Гэта вытрымліваюць адзінкі.

— Ведаеце, на адной сустрэчы з Віктарам Дашуком на пытанне пра тое, што вылучае яго стужкі, ён адказаў: “Аб’ём і сумленне”. Калі перафармуляваць запыт: цікава, што істотна для вашых фільмаў?

— Я заўжды ў сваім кіно іду ад свайго жыцця. Ставіць грандыёзныя задачы — шчыра скажу, гэта не пра мяне. Аднак калі казаць пра такі аўтарскі запыт, заўжды цікавілі тыя пытанні, што не маюць адказу.

— Напрыклад?

— Як нараджаецца дзіця? Якія стасункі лепшыя для чалавека — у традыцыйнай сям’і ці па-за яе межамі? Ды і такое, скажам: як спыніць распаўсюджванне наркотыкаў, калі гэта справа камусьці выгадная? І такое: чаму людзі так бязлітасны адзін да аднаго? Ды чаму часам мы так бязглузда пражываем сваё жыццё?

— У кантэксце адказу хачу зараз узгадаць вашу знакавую работу “Божа мой”, што прагучала на шматлікіх кінафорумах, і, калі не памыляюся, была адзначана на фестывалі ў Карлавых Варах. Фільм — пра ўнікальную жанчыну Юлітэ, што стварае скульптуры з цэменту. Фільм — пра жыццё, годнасць чалавека, пра талент, пра нечаканы цуд. Але былі і такія трактоўкі, што галоўная гераіня ўвасабляе характар, дух Беларусі. Ці можна казаць пра ваша кіно, што яно закранае і тэму нацыянальнай ідэнтычнасці?

— Адмыслова такіх рэчаў я туды не закладвала. Гэта ўжо болей праца крытыка — аналіз карціны, яе інтэрпрэтацыі. У мяне ж іншыя задачы. Ці нацыянальнае маё кіно? Напэўна — я жыву тут. А “Божа мой” нараджаўся з даволі простага жадання — я вельмі хацела папрацаваць у гэтым рэгіёне. Фільм здымаўся ў Гродзенскай вобласці, гэта Астравецкі раён, мяжа Беларусі і Літвы. Мне вельмі візуальна падабаўся той край. Брукаваныя дарогі, касцёл, школы з беларускай і літоўскай мовай навучання… Я проста шукала што ці за каго там можна зачапіцца.

— І зачапіліся?

— Не адразу. Прыязджала туды некалькі разоў. У якасці герояў каго мне толькі не прапаноўвалі: вучыцельку, даярку, бабулю, якая выткала гімн Літвы на рушніке…Вядома, тое вялікая справа — выткаць гімн, але якім чынам гэта прымяніць? Усё ніяк не складвалася. А потым хтосьці паведаміў, што ёсць такая Юлітэ, якая жыве наводшыбе — старая жанчына, мастачка, якая робіць скульптуры з цэменту. Глухаватая, маўляў, нам будзе з ёй цяжка. Але мы паехалі. І памятаю, як я прапанавала крыкам Юлітэ ў вуха зняць пра яе кіно. А яна і адказвае: “Дамовімся. Беларусь пра мяне яшчэ не чула”. І была ў гэтым адказе нейкая такая лёгкасць, што адразу стала зразумела, што ўсё ў нас атрымаецца. Так і здарылася. Ды тое, што жанчына дрэнна чула, яшчэ абярнулася вялікай удачай, цудам. Юлітэ цалкам не звяртала на нас увагу падчас работы — і для кіно гэта вельмі добра .

— Атрымоўваецца, што вы шукаеце героя па душы?

— Гэта кшталту хіміі. Як у каханні. Вось незразумела, чаму вас цягне да аднога чалавека, а з гэтым не атрымоўваецца. Мне падаецца, што фільм заўжды нараджаецца з падобнай асабістай цікавасці да чалавека, а не з жаданння зрабіць нейкае эпахальнае кіно пра лёс Беларусі.

— Ды тым не менш, вы вышэй адзначылі таксама і візуальны складнік. Узгадваюцца адразу словы Віктара Аслюка пра тое, што для яго вёска ў разы больш маляўнічая за горад у кінематаграфічным плане.

— Віктар нарадзіўся і вырас у вёсцы. Магчыма, таму сельская мясцовасць для яго больш маляўнічая. Я нарадзілася ў горадзе — і мне падаецца, што і ў горадзе шмат цікавых месцаў і станаў. Не так важна, насамрэч, дзе ўсё адбываецца. Істотна, так, але не вырашальна. Важны ўсё ж герой, характар, з якім у вас ідзе падключэнне. Ведаеце, у рэжысёра дакументальнага кіно галоўны інструмент — ён сам. Ні пэндзаль, ні палатно — непасрэдна ты. Вось гляжу я фільмы Аслюка — і план у яго карціне ўсё доўжыцца ды доўжыцца. Падаецца, што самы час “чыкнуць”, адрэзаць, а ён доўжыцца і доўжыцца. Але тое кіно Віці — і выдатна, што ён вытрымлівае гэту “даўжыню”. Гэта яго рытм, дыханне — ён разумее, што ён робіць. На жаль, часам здараецца так, што некаторыя рэжысёры ўвогуле не ўсведамляюць навошта здымаюць кіно.

— Дзякуй за адказ. Але ваша кіно вельмі рознае, варта адзначыць. “Інакіня”, і тое ж “Божа мой”… А калі паглядзець на апошнія работы  — “Нашы дзеці”, “Чужое і сваё”, “Добрых дзяўчынак не б’юць”, атрымоўваецца, увогуле, што вам блізкая сацыяльная тэматыка. Гэта значыць, што вы — змяніліся?

— І так, і не. Ну, так, гэтым летам я ўжо думала, чаму такім чынам адбываецца: усе людзі як людзі, а я занураюся ў часам невыносныя рэчы. Пры гэтым, падкрэслю, мне “ні разу” не блізкая сацыяльная тэматыка. Проста так адбываецца. Адзін фільм цягне за сабой іншы. У тэму дзіцячага хоспіса ўцягнулася, таму што ішла гучная кампанія па збору грошай на яго будаўніцтва, — цікава было даведацца, хто за гэтым усім стаіць. “Нашы дзеці” — тое прапанова ад незалежнай кампаніі — і хацелася паспытаць зрабіць кіно на новай пляцоўцы, ды занурыцца ў новую сферу. А што датычыцца “Дзяўчынак…”, то тут я на праблематыку выйшла даволі нечакана, дапамагаючы камандзе французскага рэжысёра Яна Арцэса Бэртрана.

— Нечаканы паварот, сапраўды. Чула, што пасля яго вядомай карціны “Чалавек”, ён планаваў зняць стужку, прысвечаную жанчынам.

— Менавіта так. Фільм “Жанчына” (Woman). І да мяне звярнуліся з просьбай знайсці гераінь. Бертран хацеў, каб у карціне прагучалі беларускія жанчыны. Планавалася, што характараў будзе прыкладна 20, але іх стала 30. Напачатку я пазнаёміла іх з Ірынай Дзянісавай, гераіняй маёй карціны “Інакіня”,  — у яе неверагодны лёс. Потым вывела на іншых, самых розных жанчын. Аднак французы адказалі, што надта ўсе мае асобы паспяховыя (усміхаецца). І тады я выйшла на дзяўчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Паколькі, дзякуй Богу, я з такой жорсткасцю ніколі не сутыкалася, іх гісторыі па-сапраўднаму мяне шакавалі. Такім чынам і ўзнікла думка зрабіць на гэту тэму кіно. Падала заяўку ў Міністэрства культуры — і нечакана хутка атрымала станоўчы адказ.

— Праца з такімі складанымі тэмамі. У вас ніколі не было такога хвалявання, засцярогі — патрапіць у палон, пастку моцнага зместу, пакінуўшы форме другасную ролю?

— Мне падаецца, што “Дзяўчынак…” у мяне атрымаўся. Не ведаю, якім будзе яго фестывальны лёс, але мне падабаецца гэта кіно. Што датычыцца формы, для мяне больш важна, ці ёсць у карціне штосьці жывое. Калі фільм хвалюе, калі я адгукаюся на пэўныя рэчы, мне падаецца, што і глядач не застаецца абыякавым.

— Але для вас важна перавынаходзіць кінамову?

— Вядома. Ды падаецца, што мае фільмы — розныя. “Інакіня” — адна гісторыя, “Лебедзі” — пра хуткую дапамогу ў Светлагорску — другая, спартыўнае кіно — цалкам іншы шлях. Мне цікава змяняць рэгістры. Можа быць, гэта таксама і дрэнна: вось Віктар Аслюк вытрымлівае сваю лінію, не змяняе ёй. Але мне так рабіць сумна. Я з-за гэтага і дакументальныя стужкі , напрыклад, Сяргея Лазніцы не люблю. Нуднаватыя, на мой густ.

— А каго вы любіце?

— Зараз фільмы Андрэя Куцілы падабаюцца: і “Стрыптыз і вайна”, і Summa. Люблю першыя фільмы Віктара Касакоўскага, Сяргея Дварцавога. У Мікалая Абуховіча падабаецца “Наша мама — герой”. Гэрц Франк, безумоўна. Польскае дакументальнае кіно люблю амаль усё.

 — Галіна, вось у вас ёсць досвед працы і на праекце незалежнай кампаніі і на дзяржстудыі. Дзе працавалася вам лягчэй? Умовы працы, так скажам, уплываюць на вынік?

— Паўсюль ёсць свае недахопы і "маленькія радасці". Што казаць — я выжываю, займаючыся сваёй справай. Ды тым не менш, часам мне дзіўна чуць рэплікі маладых людзей, што кіно зрабіць там-та ці там-та немагчыма.

— Ці гэта няпраўда?

— Ідэальных умоў ніколі не будзе. Так, я за тое, каб яны паляпшаліся, але давайце скажам шчыра: Куціла зняў добрае кіно зусім не таму, што ў яго былі ўсе выгоды. Гэты рэжысёр ужо проста разумее як рабіць кіно. Гэта здараецца далёка не з усімі маладымі кінематаграфістамі. “Лебедзі”, “Вядо”, “Добрых дзяўчынак не б’юць” — можна па-рознаму ставіцца да маіх апошніх карцін, але гэта фільмы зробленыя. Настасся Мірашнічэнка і яе “Дэбют”, што сёння вылучаны на “Оскар” — кіно зробленае. Ведаю, што Настасся доўга дамагалася свайго — але і ёсць вынік. Часам можна шмат скардзіцца на самыя розныя рэчы — на невыбудаваную сістэму каардынат, адстунасць грошай і падтрымкі. Усё гэта ёсць. Але варта памятаць і пра тое, што рэжысёр — гэта характар. І невыпадкова ў гэтай прафесіі застаюцца адзінкі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"