Напрыклад, днямі ансамблю “Пінская шляхта” Пінскага каледжа мастацтваў было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Такое рашэнне прыняло Міністэрства культуры краіны, адзначаючы ўклад пінчукоў у развіццё беларускай нацыянальнай культуры і папулярызацыю яе традыцый. Акрамя таго, менавіта гэтай восенню Пінск у чарговы раз прымаў Еўразійскі міжнародны фестываль культур, які ладзіцца пад эгідай Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці “БелБренд”, яе партнёраў і пры падтрымцы гарвыканкама.
А 14 кастрычніка ў Пінску быў урачыста адкрыты памятны знак пагранічнікам усіх пакаленняў. Манументальны твор стварыў вядомы мясцовы мастак і скульптар Сяргей Жылевіч. Да слова, яго мастацкія і скульптурныя работы выстаўляліся на шматлікіх выставах не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі — у краінах СНД, Польшчы, Германіі, Іспаніі, ЗША, удзельнічалі ў знакамітым аўкцыёне Сотбіс… А ў самім Пінску кожны можа ўбачыць ягоныя работы, размешчаныя ў цэнтры горада. Напрыклад, наўпрост на гарадской набярэжнай месціцца вядомая скульптура “Уюн”, створаная палескім майстрам паводле падання, занатаванага ў Пінску ў свой час яшчэ Уладзімірам Караткевічам.
Акрамя таго, яшчэ да 70-годдзя Перамогі ў аграгарадку Парахонск Пінскага раёна быў усталяваны памятны знак “Смутак і мужнасць”, прысвечаны памяці ўсіх тых, хто загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэты манумент таксама быў зроблены рукамі пінскага скульптара.
Як расказаў “К” Сяргей Фёдаравіч, ідэя аб стварэнні мемарыяла зарадзілася ў Пінскім пагранатрадзе. Ініцыятыву падтрымалі кіраўніцтва Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый пагранічнікаў Пінска і Пінскага раёна, мясцовыя жыхары. Менавіта яны і сабралі сродкі на будаўніцтва памятнага знака. Адгукнуліся таксама гарадскія і раённыя прадпрыемствы і арганізацыі.
Мемарыял, над якім Сяргей Жылевіч працаваў прыкладна шэсць месяцаў, усталявалі на скрыжаванні вуліц Брэсцкай і Завальнай. На 12-тонным камені вышынёй у тры метры адлюстраваны вобразы пагранічнікаў розных пакаленняў: часоў станаўлення беларускай дзяржаўнасці, Вялікай Айчыннай вайны і сённяшніх пакаленняў.
У цырымоніі адкрыцця манумента прынялі ўдзел супрацоўнікі органаў пагранслужбы, моладзь, прадстаўнікі грамадскасці і, натуральна, зацікаўленыя пінчукі. Таксама на мерапрыемстве прысутнічаў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Анатоль Лапо.
— Воіны-пагранічнікі заўсёды надзейна засцерагалі нашу Айчыну, пры неабходнасці першымі ўставалі на шляху ворага, — сказаў Анатоль Лапо. — І ў мірны час, і ў дні ваеннага ліхалецця яны добрасумленна выконвалі ўскладзеныя на іх задачы. Гэтыя якасці ўласцівыя вартавым межаў усіх часоў.
Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі звярнуў увагу, што стварэнне мемарыяла — гэта, у першую чаргу, даніна памяці воінам, якія змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне і якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.
Пасля адкрыцця манументальнага знака прысутныя ўсклалі кветкі да мемарыяла, а таксама ўшанавалі памяць абаронцаў Айчыны хвілінай маўчання.