І гэта толькі дзве асобы…

№ 41 (1428) 12.10.2019 - 19.10.2019 г

Бібліятэчны клопат ля возера па імені “Бык”
Для кагосьці Астравеччына найперш звязана з шыкоўным касцёлам у Гервятах (я калі ўпершыню пабачыў, хадзіў вакол, рот не закрываючы, гадзіны дзве), для кагосьці — з узвядзеннем атамнай станцыі. Для мяне гэты раён асацыюецца з гістарычнымі персаналіямі, пра якія я даведаўся калісьці ў мясцовых бібліятэках. Вакол легендарных асоб і будуецца работа ўстаноў культуры.

/i/content/pi/cult/766/16556/019.JPGАд Астраўца да Вільнюса — некалькі дзясяткаў кіламетраў. Мясціны тут лясныя, грыбныя, унікальныя па маляўнічасці (а дзе ў Беларусі яны іншыя?!). На гэтай урадлівай для неўтаймоўных фантазій глебе вырасла неверагодная колькасць паданняў. Бібліятэчная справа не ведае ў прасторы свайго ўплыву пытанняў дробязных ды другарадных. Усё кладзецца на алтар радзімазнаўства і прапаганды чытання.

Вугра бачылі?

Такім чынам метадысты цэнтральнай раённай бібліятэкі цягам некалькіх гадоў збіралі матэрыял для кнігі “Астравеччына ў легендах”. Кніга пабачыла сёлета свет і дапамагла супрацоўнікам установы заняць у Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” трэцяе месца. Дарэчы, побач з тымі сельскімі бібліятэкамі, пра якія пойдзе гаворка ніжэй, знаходзіцца таямнічае возера Бык. Адкуль такая назва? Звернемся да бібліятэчных вышукаў. Асноўная версія такая. Раней тут поле было. Гаспадар араў зямлю на быку ў дзень Уваскрэсення Хрыстовага. За гэты грэх, маўляў, і былі пакараны чалавек ды жывёла: разам праваліліся пад зямлю, а на гэтым месцы з’явілася возера. Дарэчы, ніхто не можа пакуль высветліць ягонай глыбіні, бо дно надзейна схавана пад слоем глею. Тут водзіцца вугор. І па гэтай прычыне таксама возера стала раённым ландшафтным заказнікам. Назіранні за акальцаванай рыбай дазваляюць сцвярджаць, што Бык звязаны падземнымі водамі з літоўскім возерам Качканай. Лепшай падставы для закручвання агульных праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва і не прыгадаць. Да прыкладу, няма ў нас яшчэ фэсту ў гонар вугора. Я не каштаваў, але кажуць, што вяндліна з яго — далікатэс, варты стаць візітоўкай беларускай каралеўскай кухні. Ну, усё гэта пакуль мары. А мы пяройдзем да рэалій.

Як байкеры сталі чытачамі

Багатая прырода спараджае багатую духоўнасць. Нездарма ў Трокеніках (адчуваецца літоўскі ўплыў, адчуваецца) нарадзіўся ў 1901 годзе Мар’ян Богуш-Шышка. Ці ўсе з вас пра яго ведаюць? А ён, між тым, быў названы ў замежжы мастаком стагоддзя. Пра гэта — трошкі пазней. А пакуль — гістарычна-архітэктурнае адступленне.

Асабліва нецярплівым я параіў бы адкласці гэты артыкул і хутчэй скіравацца ў Трокенікі. Усё гэта трэба бачыць на ўласныя вочы. Астатнім жа чытачам распавяду пра тое, што ў шыкоўным парку месціцца маёнтак Богушаў. Будынак узведзены ў стылі неабарока. Адным часам аматары даўніны вырашылі, што прыгажосць гэтая бясследна знікне па прычыне чынавенскай абыякавасці. На шчасце гэтыя чаканні не здзейсніліся. З 1996 года тут месціцца бібліятэка. Ліпавая алея захавалася цудоўна, часткова выжыла і алея каштанавая. “Ліпавы” шлях вядзе да разлому, над абрывам — трохсотгадовы дуб. Цяпер няма адбою ад ахвотных сфатаграфавацца на фоне старажыла.

Але ўрэшце — пра бібліятэку. Ніхто, напэўна, і не ведаў бы пра Трокенікі, калі б не мясцовыя бібліятэкары. Сёння тут рэй вядзе Алена Мацкела. Яна распавядае пра тое, што сёлета раён выдаткаваў грошы на рамонт колішняга маёнтка. Работы пачнуцца з даху. Бібліятэка размешчана на першым паверсе, на другім — этнаграфічны куток і пакой, прысвечаны мастаку Богушу-Шышку. Афіцыйна гэта бібліятэка-клуб, але для клубнай дзейнасці няма плошчаў.

Цяпер самы раз сказаць колькі слоў пра Алену Баляславаўну. Маладая, шырокага кругагляду, па адукацыі — аграном, але мае ўхвальнае жаданне атрымліваць вышэйшую бібліятэчную адукацыю завочна. Гэта яна распавяла мне ўсё да драбніц пра Мар’яна Богуша: матэматык, мастак, вучыўся ў Віленскім універсітэце ў Фердынанда Рушчыца, ваяваў, трапіў у палон, выкладаў гісторыю мастацтва на курсах у Італіі, жыў у Англіі, напісаў “Нарыс гісторыі выяўленчага мастацтва на землях ВКЛ”, названы мастаком стагоддзя. У Трокеніках захоўваюцца копіі жывапісных работ майстра. Алена Мацкела хоча, каб установа яе стала бібліятэкай-музеем. Дарэчы, і зрабіла яна для гэтага вельмі шмат. Маю на ўвазе рэкламную раскрутку ў сацсетках і на афіцыйных сайтах. У выніку бібліятэка не толькі абслугоўвае 450 чытачоў, але і ладзіць цягам года некалькі дзясяткаў экскурсій па музейным пакоі, паркавых алеях да стайні і флігеля Богушаў. Нават астравецкія байкеры завялі традыцыю наведваць Трокенікі і бібліятэку. Прыцягваюць не толькі дуб з абрывам, але і асоба Мар’яна Богуша-Шышкі. І ўвогуле канёк для Мацкела — праца з моладдзю.

Японія зусім блізка

Перанясемся ў вёску Малі (націск на першы склад). Пагадзіцеся, назва дзіўная. Кажуць, паблізу былі калісьці паселішчы з не менш экзатычнымі назвамі, якія, маўляў, прыдумаў колішні ўладар гэтых мясцін Іосіф Гашкевіч, мовазнавец, вандроўнік, калекцыянер, першы консул Расійскай імперыі ў Японіі, адзін з аўтараў першага японска-рускага слоўніка. На вялікі жаль, мясцовы бібліятэкар Анжэла Янкоўская абвяргае факт існавання такіх назваў, а мне вельмі хочацца, каб прыгожая легенда была явай. Без такіх цікавостак сумна жыць. “А мы і так не сумуем! ” — кажа Анжэла Уладзіміраўна і распавядае пра даўнюю завядзёнку ў рэгулярных стасунках са сталымі чытачамі. Справа ў тым, што работнікі культуры вёскі Малі пасля працы “высаджваюць” працоўны дэсант на падворках пенсіянераў ды ветэранаў, дапамагаюць па гаспадарцы, выступаюць з канцэртамі. Так што вядучы профіль бібліятэчнай дзейнасці — “ветэранскі”.

Ля будынка, дзе месцяцца клуб і бібліятэка, устаноўлены мемарыяльны валун, які нагадвае, што ў Малі Гашкевіч пасяліўся пасля службовай адстаўкі (а нарадзіўся ён у Мінскай губерні). Мы калісьці з Косцем Антановічам стаялі ля гэтага каменя і разважалі: Японія, калі разабрацца, зусім недалёка ад Малі, асабліва калі распавесці японскаму боку пра ролю Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, нашага земляка, ва ўсталяванні першых дыпламатычных расійска-японскіх стасункаў. Вось вам яшчэ адзін праект міжнароднага супрацоўніцтва па ўшанаванні нашага земляка. Сапраўды, а ці ведаюць пра Гашкевіча ў краіне ўзыходзячага сонца?

Аказваецца, ведаюць. Бібліятэкар Анжэла Янкоўская распавядае, што бібліятэку часта наведвае кіраўнік Інфацэнтра японскай культуры ў Мінску Масака Тацумі. Яна вучыць беларусаў японскай мове і перакладае творы беларускіх паэтаў. Карацей, асоба для бібліятэкі ў Малі — неацэнная. Яна дорыць установе кнігі, календары, асадкі, блакноты. Чытацкія сустрэчы з ёю — заўжды свята творчага пазнання.

Такім чынам пра постаць першага консула ў Японіі ведаюць многія. Экскурсіі ў мясцовую бібліятэку, дзе сабраны матэрыялы пра дыпламата і навукоўца, — таксама частыя. Прынамсі, да ролі экскурсавода прызвычаілася і Анжэла Янкоўская. Вось толькі з архітэктурна-прыродных аб’ектаў паказаць ужо няма чаго. Старасавецкі парк даўно высеклі. Сядзіба дыпламата засталася толькі ў памяці бабулек. Тут галоўнае, каб на выбітную асобу Гашкевіча не забыліся з цягам часу.

Пантэон герояў

І ў сувязі з вышэйвыкладзеным, вось пра што хацелася б сказаць напрыканцы артыкула. Так, нашы бібліятэкі шмат зрабілі і робяць для таго, каб тыя асобы мінулых стагоддзяў, што ўславілі сябе ды Беларусь, не зніклі з памяці народнай. Але веданне герояў, як мне падаецца застаецца лакальным і не ідзе далей тых вёсак, дзе ёсць “імянныя” школьныя ці бібліятэчныя музейныя пакоі. Маю на ўвазе не толькі паплечнікаў Каліноўскага, якія пасля паразы паўстання раз’ехаліся па свеце, але і без віны рэпрэсаваных у мінулым стагоддзі беларускіх пісьменнікаў кшталту Уладзіміра Дубоўкі… Карацей кажучы, патрэбны не толькі Пантэон герояў. Патрэбна сістэма ўшанавання: выданне біяграфічных кніг ды альбомаў, здымка дакументальных ды мастацкіх стужак. Ці не ў гэтым сутнасць нацыянальнай ідэалогіі?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"