Між тым, так гэта толькі для нас. Даўно ўжо сфарміраваўся, так бы мовіць, іншы бок барыкад. Для абсалютнай большасці людзей спадчына з’яўляецца элементам індустрыі забаў і вольнага часу. Вось той жа турызм. Тут спадчына канчаткова трансфармавалася ў прадукт і ацэньваецца ў катэгорыях спажывання — не столькі па высокіх культурных крытэрыях, колькі па эканамічных паказчыках.
Яна стала таварам, ператварылася ў атракцыён. Нават дысанансная спадчына — закінутыя пасля чарнобыльскай катастрофы паселішчы або бункеры часоў “Халоднай вайны”… Раней іх бы знішчылі, а сёння — паспяхова “прадаюць” турыстам.
У 1790 годзе парыжане разбурылі ўзятую штурмам Бастылію. Якая памылка! У наш час яе, без сумневу, ператварылі б у музей!
У расійскага рэжысёра Сяргея Лазніцы ёсць дакументальны фільм “Аўстэрліц”, названы так зусім не з-за Напалеона. Падзеі адбываюцца на тэрыторыі былых нацысцкіх канцлагераў, якія дзейнічаюць у якасці музеяў-мемарыялаў. У цэнтры ўвагі не самі лагеры ці іх гісторыя, а людзі, якія іх наведваюць. Сем’і з дзецьмі ў летні дзень робяць сэлфі на фоне печаў крэматорыяў. Яны ходзяць у кароткіх шортах, смяюцца, абедаюць, загараюць, паводзяць сябе так, быццам трапілі ў Дыснэйлэнд. Што за дзіўная сіла прымушае іх праводзіць выхадны дзень у канцлагеры? Няма адказу…
Уварванне масавай культуры ў сферу працы са спадчынай прыводзіць да негатыўных наступстваў — наіўнасці, некрытычнасці, нізкага мастацкага ўзроўню. Пры гэтым, ацэншчыкам работы са спадчынай становіцца не эксперт, а канчатковы спажывец, не надта абцяжараны веданнем прадмета.
Гэта раней элітарнае спажыванне спадчыны абапіралася на сілу чалавечага ўяўлення. Людзі культуры падарожнічалі ў Грэцыю або Італію, каб там, на руінах — сведках мінулага хараства — чытаць Гамера ці Вяргілія (вядома, у арыгінале!). Сёння большасць аддае перавагу аўтобусным турам у стылі “сем дзён — восем краін”, а потым блытае, дзе ж стаяў той прыгожы касцёл: у Вене ці ў Празе?
Спадчына, прысутнічаючы на канкурэнтным рынку культурных прадуктаў, цяпер павінна ўлічваць чаканні спажыўцоў, трапляць пад класіфікацыі, стаяць ва ўсемагчымах рэйтынгах (“Сем цудаў Беларусі” або нават Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — якраз такія). Яна адпавядае катэгорыям фармату, узроставай цэнзуры, аўтарскага ды іншага права. Апафеозам стала “брэндзіраванне”, якое закранула ўжо і беларускія гарады.
Усё гэта прыналежыць больш да маркетынгу і прасоўвання продажаў, чым да гістарычнай інтэрпрэтацыі. Музейшчыкі, рэстаўратары, мастацтвазнаўцы і гісторыкі ўваходзяць у неўласцівыя ім ролі менеджараў, прадзюсараў і шоуменаў. Калі экскурсавод не апрануты ў касцюм польскага афіцэра, нашто мы наогул прыехалі!? Дзіўна, як хутка постсавецкая Усходняя Еўропа прайшла гэты шлях ад самаадданай грамадскай абароны помнікаў да іх дыснэйлэндызацыі.
Ды што я такі злы… Чаму б, урэшце, не паскакаць на “Мотальскіх прысмаках”, не набыць магніцік з Горадні, не паслухаць байкі пра савецкі Мінск? А тут яшчэ танныя квіткі ў Рым “выкінулі”. Хто адмовіцца ад добрай піцы — элемента нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. З’ем, мо і палягчае…
Шануйце спадчыну, яна больш, чым проста забава!
Сцяпан СТУРЭЙКА,
старшыня праўлення
Беларускага камітэта ICOMOS