Купіць-прадаць- пагуляць-паглядзець…

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

14 — 15 верасня Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” і MuzzicDom запрашаюць на кірмашовае свята. Прыкладна такія адбываліся ў 20 — 30-я гады мінулага стагоддзя. Гранд-кірмаш адбудзецца ў цэнтральным двары палацавага ансамбля.

Слоган мерапрыемства “Купіць-прадаць-пагуляць-паглядзець”. У адпаведнасці з ім і будзе ладзіцца кірмашовая дзея. Гасцей сустрэне сам Альбрэхт Радзівіл з дачкой Эльжбетай.

З’едуцца беларускія рамеснікі. Так што шырокім будзе выбар твораў з керамікі, саломы, лазы, дрэва, металу і тканіны. Каштавалі суп з гарбуза? Кірмаш прапаноўвае такую магчымасць. Фермеры прывязуць свежы хлеб, сала, слімакоў(!), марынады, вяленыя слівы, гарбату, сыры. Ды ці мала яшчэ што!

Гарантуюцца легальная кантрабанда ад бутлегераў, рэтра-этна-эксклюзівы, майстар-класы, гульні, атмасферныя фотазоны, квэсты, музычныя праграмы.

Вітаецца дрэс-код у стылі 20 — 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"