Трыумф фаліянта над Шчарай

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Не сакрэт, што Дзень беларускага пісьменства штогод змяняе не толькі сваю сталіцу. Творчую эвалюцыю спазнае таксама і ўрачыстая праграма свята. Якія інавацыі чакаюць яго гасцей сёлета? Што застанецца слонімцам пасля заканчэння святочных мерапрыемстваў? Наколькі прадстаўнічымі будуць дэлегацыі замежных гасцей? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі закранутыя ў “перадсвяточнай” гутарцы карэспандэнта “К” з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандрам КАРЛЮКЕВІЧАМ.

Дзень, што поўніцца сюрпрызамі/i/content/pi/cult/760/16428/2018-SS.jpg

— Алесь Мікалаевіч, Дзень беларускага пісьменства — сапраўднае свята для любога горада Беларусі. А на свята прынята дарыць падарункі. Якія ж сюрпрызы чакаюць сёлета слонімцаў? Скажам, летась у Іванаве ў якасці падарунка фігуравала новая кніжная крама...

— Новая кнігарня з’явіцца і ў Слоніме. Яна, дарэчы, носіць добрую, цёплую і зразумелую кожнаму, хто цікавіцца асветніцтвам, назву — “Санет”. У тэставым рэжыме крама працуе з 15 чэрвеня, але яе ўрачыстае адкрыццё запланавана напярэдадні Дня беларускага пісьменства — 31 жніўня.

— А чаму было вырашана адчыніць краму яшчэ напачатку лета?

— Па-першае, даўно ўжо трэба было ў Слоніме зрабіць кнігарню “Белкнігі”. А па-другое, нам хацелася за гэты час, які застаўся да свята, прыгледзецца больш пільна да таго, якія кніжныя зацікаўленасці ёсць сёння ў слонімцаў. Дарэчы, можа крыху больш увагі аддаю гэтай падзеі па той прычыне, што гэта адзін з важных аспектаў Дня беларускага пісьменства — адкрываць у розных рэгіёнах краіны кніжныя гандлёвыя кропкі. Увогуле, штогод да сістэмы ААТ “Белкніга” дадаецца па пяць — шэсць кнігарняў. А сёлета яшчэ і адбылася мадэрнізацыя мінскай кнігарні “Светач”, гісторыя якой налічвае больш за 40 гадоў.

— Што яшчэ можа ўразіць жыхароў і гасцей Слоніма?

— Сярод знакавых набыткаў горада назаву, вядома, помнік Льву Сапегу. Мне вельмі прыемна, што да гэтай падзеі спрычыніўся народны мастак краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Беларусі, вядомы айчынны скульптар Іван Міско. Не магу не згадаць яшчэ адну значную акцыю, што пройдзе ў Слоніме: мецэнат і пісьменнік Валерый Казакоў падорыць адно з выданняў Статута ВКЛ Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Таксама па завядзёнцы будзе праведзены “круглы стол” з традыцыйнай назвай “Мастацкая літаратура: шлях адзін да аднаго”. Да ўдзелу ў “круглым стале” запрошаныя прадстаўнікі больш чым дзесяці краін свету. Гэта Сербія, Казахстан (дарэчы, адтуль чакаецца даволі прадстаўнічая дэлегацыя з асобнай праграмай), Польшча, Расія, Узбекістан, Украіна і іншыя. Сярод цікавых гасцей таксама будзе і цікавы прадстаўнік з Польшчы — журналіст, пісьменнік, падарожнік Яцэк Палкевіч, знакавая персона ў галіне геаграфічных адкрыццяў, ганаровы член Каралеўскага геаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі, Рускага геаграфічнага таварыства. Акрамя Слоніма, ён зладзіць сваю прэзентацыю ў сталічнай кнігарні “Светач”, а таксама выступіць перад студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— Вярнуся да новай кнігарні. Ці можна сказаць, што адкрыццё падобных гандлёвых кніжных кропак у розных рэгіёнах краіны — мэтанакіраваная праца Міністэрства інфармацыі ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі?

— Безумоўна, гэта дзяржаўная палітыка, гэта стварэнне і, скажам так, фіксацыя сацыяльнага стандарту па даступнасці кнігі. Мы ўвесь час азіраемся на ранейшыя часы і гаворым, што тады кнігарняў было вельмі шмат. Але ж не варта забываць, што ў часы СССР працавалі розныя сеткі кнігагандлю. Акрамя “Белкнігі”, была і сістэма кніжнага гандлю Белспажыўсаюза, ваеннай кнігі і гэтак далей. Сёння ў Беларусь актыўна ідзе расійскі кнігагандаль, развіваецца інтэрнэт-гандаль (дарэчы, пэўныя поспехі на гэтым шляху ёсць і ў ААТ “Белкніга”), таму мне здаецца, што мы павінны прыйсці да таго, каб у кожным раённым цэнтры была свая кнігарня. А ў буйных гарадах, сацыяльнаму развіццю якіх і Прэзідэнт Беларусі, і Урад краіны надаюць самую пільную ўвагу (Полацк, Бабруйск, Орша і многія іншыя), трэба, каб была б і не адна падобная гандлёвая кропка. Сёлета мы адкрылі кнігарню ў Магілёве, параўнальна нядаўна з’явіліся дзве кніжныя крамы ў Бабруйску. Але, натуральна, вельмі важна сувымяраць крокі па развіцці сістэмы кніжнага гандлю з эканамічнымі характарыстыкамі, з прыцэлам на тое, каб кніжны гандаль быў эканамічна прыбытковай галіной.

Папяровая кніга не знікне

— Між тым многія сёння кажуць пра “смерць” папяровай кнігі. І ў свеце, і ў Беларусі скарачаюцца папяровыя наклады кніг. Наколькі важна па гэтай прычыне развіваць ужо згаданы тут інтэрнэт-гандаль?

— Калі казаць пра інтэрнэт-гандаль кнігай, пра публіцыстычныя ці літаратурныя тэксты ў інтэрнэце, дык тут варта размежаваць два аспекты. Гэта, па-першае, продаж праз інтэрнэт традыцыйнай папяровай кнігі і, па-другое, прапановы па набыцці электроннай кнігі. Падобны гандаль паступова развіваецца, актыўна спаборнічаючы з традыцыйным продажам папяровых выданняў у кнігарнях. Адсюль — і нізкія тыражы папяровых кніг, і меншая ўвага да бібліятэк з боку жыхароў горада ці вёскі, скарачэнне сеткі бібліятэчных устаноў, якое адбываецца па аб’ектыўных прычынах.

Але я хачу спыніцца вось на чым. У адным са сталічных выдавецтваў цяпер рыхтуецца своеасаблівая кніга-анкета, у напісанні якой прынялі ўдзел пісьменнікі з 80 краін свету. Літаратары адказваюць на тры пытанні, сярод якіх ёсць і пытанне пра смерць папяровай кнігі. Дык вось, ні адзін з пісьменнікаў не сказаў, што, на яго думку, друкаваная кніга памрэ. Мне таксама здаецца, што папера і папяровая кніга будзе прысутнічаць у нашым грамадстве і ў будучым. Але якім чынам гэта спалучыцца з развіццём найноўшых тэхналогій — сказаць складана. Магчыма, папера, якая заўсёды ў значнай ступені суправаджае развіццё чалавечага інтэлекту, будзе заставацца і мець элітарны характар. Як кажуць, пажывём — пабачым.

— А ці пашыраецца сёння кола прыхільнікаў беларускамоўнай кнігі? Ці растуць наклады кніг на роднай мове?

— Зразумела, што беларускамоўная кніга ў разы саступае літаратуры на рускай мове. Разам з тым, яна прысутнічае і ў кнігагандлёвай, і кнігавыдавецкай прасторы. Калі браць розныя гады, дык ад 15 да 20 працэнтаў кніг у Беларусі выдаюцца на беларускай мове і па назвах, і па тыражах. І калі казаць пра дзяржаўную падтрымку, дык у пераважнай большасці яна арыентаваная на выданне кніг на беларускай мове. І, натуральна, так склалася, што ў Беларусі ў большай ступені вядомыя пісьменнікі, якія пішуць на беларускай мове. Гэта, я думаю, заўважна для ўсіх, хто заходзіць у кнігарні.

Інвестыцыі ў пераклады

— На мой погляд, таксама даволі заўважная і тэндэнцыя росту перакладных выданняў, якія прадстаўлены ў кнігарнях на беларускай мове. Асабліва тых, што датычацца дзіцячай літаратуры.

— Так, гэта ўжо тэндэнцыя. Дадам, што апошнім часам у тых выдавецтвах, якія выдавалі кнігі толькі на рускай мове, з’явілася практыка выдання кніг, асабліва дзіцячай літаратуры, адразу на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Маю на ўвазе, што адну і тую ж кнігу пад адной і той жа назвай і з аднолькавымі ілюстрацыямі друкуюць адразу двойчы. Гэта і класічныя казкі, і фальклорныя выданні, і іншая літаратура. Сярод падобных прыватных арганізацый назаву выдавецтва “Харвест”, якое вельмі актыўна друкуе казкі на беларускай мове, прычым, у розных фарматах, у мяккай і цвёрдай вокладках. А яшчэ згадаю выдавецтва, якое, на мой погляд, досыць канцэптуальна выбудоўвае сваю выдавецкую палітыку з пункту погляду ўвагі ў дачыненні да класічнай і да сучаснай беларускай літаратуры — гэта “Мастацкая літаратура”. Скажам, менавіта ў “Мастацкай літаратуры” нядаўна была выдадзена серыя “Сто вершаў”, дзе канцэнтравана выкладзена ўсё лепшае з паэтычных здабыткаў айчынных аўтараў — Яўгеніі Янішчыц, Міхася Стральцова, Пімена Панчанкі, Генадзя Бураўкіна і многіх іншых.

— Калі працягваць гаворку пра пераклады, не магу не згадаць, што вельмі шмат перакладаецца літаратуры з кітайскай мовы. А яшчэ зусім нядаўна Беларусь была госцем міжнароднай Пекінскай кніжнай выставы.

— Так, гэта буйная кніжная выстава, у якой мы ўзялі самы чынны ўдзел. Дарэчы, літаральна днямі беларуская дэлегацыя паедзе на XXXII Маскоўскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая адбудзецца з 4 па 8 верасня ў сталіцы Расіі. Беларусь будзе з’яўляцца там ганаровым госцем: стэнд кнігі нашай краіны прадставяць на вялікай плошчы ў 200 квадратных метраў. А калі казаць пра Кітай, дык, на маю думку, у кнігавыдавецкай справе нашых краін цяпер выбудоўваюцца сталыя сяброўскія і партнёрскія адносіны. Напрыклад, “Мастацкая літаратура” за кошт кітайскіх інвестыцый выдае 2 серыі кніг, адну па-беларуску, другую па-руску, дзе прадстаўляе асветніцкую літаратуру па развіцці кітайскай цывілізацыі. Вельмі цікавы праект, які раней рэалізоўваўся ў Выдавецкім Доме “Звязда”, а цяпер — у выдавецтве “Мастацкая літаратура” — гэта серыя “Светлыя знакі: паэты Кітая”. На сёння выйшла 14 паэтычных зборнікаў, большасць з іх апублікаваны на дзвюх мовах — беларускай і кітайскай. Мяркую, уся гэта праца паспрыяе развіццю кітаязнаўства на Беларусі, і самае галоўнае — развіццю мастацкага перакладу з кітайскай на беларускую мову.

— Магчыма, для беларускага чытача цікавымі былі б таксама і пераклады замежных аўтараў, якія атрымалі Нобелеўскую прэмію па літаратуры, на беларускую мову?

— Усё залежыць ад самога чытача, бо ён — галоўны заканадаўца. Ды і законы рынку ніхто не адмяняў. Ці будзе запатрабавана падобная літаратура, асабліва пры ўмове, што ў Беларусі толькі частка насельніцтва актыўна чытае літаратуру на беларускай мове — вялікае пытанне. З іншага боку, многія выдавецтвы сёння самі скіроўваюць сваю ўвагу на выданне перакладаў кніг замежных еўрапейскіх аўтараў, у тым ліку і лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, на выданне класічных шэдэўраў сусветнай літаратуры. Мяне, да прыкладу, вельмі радуюць такія праекты, як серыя кніг “Паэты планеты” выдаўца Зміцера Коласа. Гэта паказчык таго, што ў нас ёсць сілы, каб прадставіць усю школу беларускага мастацкага перакладу (бо ў гэтай серыі друкуюцца і пераклады ранейшых гадоў, ажыццёўленыя, скажам, Рыгорам Барадуліным і іншымі беларускім паэтамі), а таксама яскравае сведчанне таго, што ў беларускага чытача ёсць памкненне да шэдэўраў сусветнай літаратуры. Так што запатрабаванасць у такой літаратуры на кніжным рынку прысутнічае.

Асветніцкія клопаты

— І апошняе. Якія найбольш значныя кніжныя навінкі будуць прэзентаваны падчас Дня беларускага пісьменства? Што адметнае з’явілася на кніжным рынку Беларусі за гэты год?

— Кожны год — гэта з’яўленне, выхад у свет тысяч новых выданняў. Скажам, толькі ў 2018 годзе выйшла з друку 9666 назваў кніг і брашур. Таму выбраць тое, што менавіта з кніжных навінак прадставіць на пляцоўках Дня беларускага пісьменства, бывае не так ужо і проста. Хацеў бы адзначыць, што Гродзенская вобласць сёлета значна папрацавала над кніжным увасабленнем сваіх асветніцкіх клопатаў. Так, Гродзенскі аблвыканкам разам з Міністэрствам інфармацыі паспрыяў выданню цэлага шэрагу цікавых кніг. Напрыклад, выдавецтва “Беларусь” выпусціла альбом-кнігу, прысвечаную Гродзенскаму абласному аддзяленню Беларускага саюза мастакоў. Таксама выдадзены два філакартычных альбомы лаўрэата прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава з серыі “У пошуках страчанага” пра Слонім і Гродна. А яшчэ хацеў бы адзначыць двухтомнік выдавецтва “Бяловагруп”, прысвечаны славутаму айчыннаму мовазнаўцу, беларускаму і расійскаму вучонаму, акадэміку Яўхіму Карскаму. Гэтую кнігу напісаў праўнук навукоўцы — Аляксандр Карскі, які некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця прысвяціў архіўным пошукам новых і ўдакладненню старых звестак пра жыццё і дзейнасць свайго славутага родзіча. Усе гэтыя і многія іншыя кніжныя навінкі можна будзе пабачыць на Дне беларускага пісьменства ў Слоніме.

Гутарыў Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ