Новыя муры Старога замка

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Вандроўка выхаднога дня
Мінулыя выхадныя і пачатак тыдня я правёў у Гродне. Мая жонка гараднічанка, і калі-некалі мы наведваемся туды да сваякоў. У маладыя гады мы не тое, каб сварыліся, але моцна спрачаліся па тэме “Мінск і Гродна”. На яе тагачасную думку выходзіла, што Мінск — горад, скажам так, “пралетарскі”, а Гродна — “шляхетны”. І ніколі б яна з Гродна не паехала, каб там была праца, адпавядаючая яе прафесійным амбіцыям. Мае аргументы на карысць Мінска: гэта горад з моцнай дынамікай развіцця і патэнцыялам. Між тым як Гродна — прыгожы і ўтульны горад-музей. Зрэшты, згоды дасягнулі. Наш старэйшы сын нарадзіўся ў Мінску, а малодшы ў Гродне. Так што абодва гарады знітаваныя ў лёсе нашай сям’і.

/i/content/pi/cult/758/16405/20.JPGЗ тых спрэчак я зрабіў выснову, што мінчукі і гарадзенцы маюць рознае стаўленне да савецкай спадчыны. Мінск пры ўсіх стратах, што непазбежныя на зломе эпох, за савецкі час ператварыўся з колішняга губернскага горада ў сталіцу, прыгожую і дынамічную. А вось Гродна, каралеўскі і насамрэч шляхетны горад. Гэтак страціла Гродна непаўторную фару Вітаўта, немалую частку цікавай забудовы міжваеннага перыяду, пад асфальт трапіла частка ўнікальнага прыроднага ландшафту ў цэнтры. Зруйнаваны кляштар бернардзінак пахаваў надзею калі-небудзь адрадзіць цэласны гісторыка-архітэктурны ансамбль наднёманскіх пагоркаў. Перабудаваны ў “савецкім стылі” Новы замак. Але страты маглі быць і большымі, бо за савецкім часам ужо меліся планы знішчыць і гарадзенскую перліну — Фарны касцёл.

І ўсё ж на працягу шэрагу гадоў я з задавальненнем адзначаю, што ў суверэннай дзяржаве дайшлі рукі і да архітэктурнага аблічча Гродна. Горад усё прыгажэе. Нават стандартная савецкая забудова ў яго цэнтры за кошт новых элементаў ужо глядзіцца больш-менш адаптаванай да старой архітэктуры. Праведзена якасная кансервацыя Каложы. Гарадзенцы ўсур’ёз маюць намер адбудаваць Фару Вітаўта, і, як мне падаецца, галоўнае — ідзе рэканструкцыя Старога замка. Там, дзе раней былі толькі падмуркі, ужо падняліся муры. Скончуць са Старым замкам — возьмуцца за Новы.

/i/content/pi/cult/758/16405/21.JPGНа зваротным шляху ў Мінск заехалі ў Ліду, дзе ўжо паўстаў помнік Гедыміну. Тыднем раней я бачыў гэтую скульптуру ў цэху Скульптурнага камбіната, пра што і напісаў у “Культуры” ў мінулым нумары. І вось Гедымін — на пастаменце. Да афіцыйнага адкрыцця без малога месяц, а помнік ужо стаіць. Прычым, тэрыторыя вакол яго добраўпарадкаваная. Усё гатова для ўрачыстасці. Памятаючы аповеды скульптараў і архітэктараў пра аўралы пры будаўніцтве помнікаў, мушу выказаць захапленне рытмічнай працай і заказчыкаў манумента, і выканаўцаў. Асобны рэспект — кіраўніцтву горада і раёна, якое на ўсіх этапах ажыццяўляла кантроль над працай, аператыўна вырашаючы праблемы, якія паўставалі.

Горад фактычна ўжо святкуе вяртанне Гедыміна. Не праходзіла хвіліны, каб нехта не сфатаграфаваў помнік ці ні сфатаграваўся на ягоным фоне. Падчас праектавання многа разоў выказвалася заклапочанасць, ці трапіць ён у маштаб існуючай забудовы, ці будзе глядзецца на фоне Замка. Самі стваральнікі помніка да апошняга не мелі адказу на пытанне. Бо адна справа макет, іншая — рэальная сітуацыя. Зараз можна канстатаваць, што атрымалася. Нават падаецца, што гэтае месца чакала менавіта гэтую скульптуру.

Прайшліся вакол Замка. На ўваходзе “на варце” маладыя хлопцы ў рыцарскім рыштунку. Запытаўся дазволу з імі сфатаграфавацца. Згадзіліся і нават далі ў рукі меч. На маё пытанне: “А як яго трымаць?”, адказалі: “У беларуса гэтыя веды мусяць быць на генэтычным узроўні”. Спадзяюся, што гены мяне не падвялі…

Экспазіцыю музея ў Замку я памятаю яшчэ па мінулым наведванні Ліды. І тут я хацеў звярнуць увагу на адну акалічнасць, якая крыху псуе ўражанне. Справа датычыць шыльдаў пад экспанатамі. Вось пад партрэтам вялікага князя надпіс на трох мовах — беларускай, рускай, англійскай: “Вялікі князь Літоўскі Вітаўт”, “Великий князь Литовский Витовт”, Grand Duke of Lithuania Vytautas. Пры перадачы імёнаў Гедыміна і Альгерда ў англамоўным тэксце таксама скарыстана транскрыпцыя не беларуская, а літоўская. Навошта? Мяркую гэтыя памылкі трэба выправіць. І ў буклеце “Достопримечательности города Лиды” пазначана па-руску “бульвар князя Гедимина”, па-англійску — Duke Gediminas Blvd. Тым часам як па-польску bulwar Ks. Giedуmina. Зноў варта было б скарыстаць у англамоўнай версіі беларускую транскрыпцыю.

Гэта адзінае, што мне не спадабалася ў нядзельнай вандроўцы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"